• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці дададуць у конкурс «Вольнае слова» асобную намінацыю для радыйных матэрыялаў?

    У верасні ў Вільні ўзнагароджвалі пераможцаў конкурсу «Вольнае слова». Праўда, супрацоўнікі радыё і тыя, хто робіць падкасты, зноў засталіся ў баку: як дасылаць свае працы на конкурс, дзе ў асноўным ацэньваюцца тэкставыя матэрыялы? Марыя Лугавая запыталася ў супрацоўнікаў радыё і прадстаўнікоў БАЖ, што яны думаюць на гэты конт.

    Фота: CoWomen для pexels.com

    У  беларускім журналісцкім асяродку можна пачуць, што журналісты, якія супрацоўнічаюць з радыё, апошнім часам свае праграмы на конкурс не дасылаюць, бо не бачаць у гэтым сэнсу. Складана канкурыраваць у спаборніцтве, дзе ў асноўным ацэньваюцца тэкставыя матэрыялы, а і ў журы недастаткова тых, хто мог бы аб’ектыўна ацаніць радыйныя працы.

    Аднак «Вольнае слова» таксама не стаіць на месцы: так сёлета ў прафесійным журналісцкім конкурсе нават з’явілася новая намінацыя — «відэа». Дык ці будзе калі-небудзь  ўведзеная новая намінацыя для радыйшчыкаў? 

    Андрэй Мялешка, «Беларускае Радыё Рацыя»

     — Я б увёў асобную намінацыю для аўдыёматэрыялаў, падкастаў, рэпартажаў, таму што гэтага не хапае. І ацэньваць іх павінен чалавек, які ведае радыйную кухню. Я ведаю, што сярод кіраўніцтва БАЖ ёсць тыя, хто не адзін год працавалі на розных радыёстанцыях. Гэтыя людзі маглі б змястоўна ацэньваць радыйныя рэпартажы і стужкі.

    Андрэй Мялешка, «Беларускае Радыё Рацыя»

    Андрэй Мялешка. Фота: з асабістага архіва

    Думаю, што гэта мог бы рабіць той жа Барыс Гарэцкі, які шмат часу са свайго жыцця аддаў працы на радыё. Таццяна Мельнічук, ды і ўвогуле вельмі шмат такіх людзей.

    Было б цікава выдзеліць такую радыйную галіну, і я, як кажуць, рукамі і нагамі за тое, каб такая намінацыя ў конкурсе «Вольнае слова» была.

    Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ

    — «Вольнае слова» — конкурс хоць і шматгадовы, але не мусіць адставаць ад часу. Таму па выніках абмеркавання леташняга конкурсу сёлета на ім з’явілася намінацыя «Відэа».

    Добрая палова, а можа і болей за палову, медыяў сёння робяць менавіта відэа. І зразумела, відэа — гэта свет, істотна адрозны ад тэкставых жанраў. Таму ў журы былі запрошаныя і людзі, якія маюць досвед у відэафарматах.

    Барыс Гарэцкі намеснік старшыні БАЖ

    Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ

    Калі ёсць запыт з боку журналісцкай супольнасці, я думаю, можна пашыраць конкурс і ў іншыя бакі. Калегі-радыйшчыкі, адгукніцеся! Колькі выданняў сёння робяць фармат радыёрэпартажа?

    Я ніколі не быў сябрам журы. Але глабальна для мяне галоўнае, каб у матэрыялах беларускіх медыяў захоўвалася якасць. Што такое якасць? Якасць — гэта няўхільнае выкананне стандартаў этыкі. Эксклюзіўнасць. Дакладнасць інфармацыі на усе 100%. Вось такія стандарты я заўсёды буду падтрымліваць і на «Вольным слове», і без яго.

    Вольга Хвоін, Беларуская служба Польскага радыё

     — Намінацыі конкурсу «Вольнага слова» адлюстроўваюць медыйны ландшафт Беларусі. Радыё, напрыклад, у Беларусі сёння звялося да музычна-забаўляльных шоў. Як журы ацэньвала б «балбатню» вядучых, задача якіх стварыць настрой кіроўцу, які вядзе машыну? Гэта не пра конкурсныя працы.

    Да слова, я цяпер жыву ў Польшчы, і сітуацыя з радыё выглядае тут інакш. Канешне, у крамах часта можна пачуць музычна-забаўляльныя перадачы FM-станцый, але адначасова ёсць цэлы спектр радыёстанцый, скіраваных на самую розную аўдыторыю: для дзяцей, для аматараў доўгіх размоў з гасцямі, радыё з класічнай музыкай, з тэатральнымі радыёпастаноўкамі.

    Вольга Хвоін журналіст

    Вольга Хвоін. Фота: з асабістага архіва

    Мне шкада, канешне, што ў беларускім незалежным конкурсе для журналістаў няма радыйнай намінацыі, але ў нас, думаю, і падаваць у радыйныя намінацыі асабліва не будзе каму. Хаця на тым жа «Радыё Рацыя» можна паслухаць цікавыя рэпартажы — з інтэршумамі, з эмоцыямі герояў, эфектам прысутнасці.

    Можна доўга разважаць, як так сталася з радыё. Толькі згадаю прыватны медыйны праект «Аўтарадыё», дзе была і музыка, і цікавыя размовы. Радыёстанцыю, якая была «дзіцём» Юрыя Базана, у 2011 годзе ліквідавалі. Фармальнай прычынай для закрыцця «Аўтарадыё» стаў «распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» — так ацанілі словы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, агучаныя ім самім у перадвыбарчым роліку: «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на Плошчы».

    Спадзяюся, што аднойчы сітуацыя выправіцца з радыйнымі фарматамі. Таму што для мяне асабіста пэўны перыяд жыцця радыё было медыям, якое мела і асветніцкую, і пазнавальную функцыю. Я гэта вельмі цаню ў СМІ.

    Пэўным замяняльнікам радыё я б назвала папулярныя цяпер ютуб-размовы. Але гэта фармат інтэрнэту, а не класічнага радыё. Як і падкасты.

    Ці варта гэта выдзяляць у асобную катэгорыю? Я не ўпэўненая, пакуль што, як бачна з вынікаў конкурсу сёлета і ў папярэднія гады, працы кладуцца ў класічную класіфікацыю па жанрах — мастацка-публіцыстычныя, інфармацыйныя.

     Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ

    — Нельга асягнуць немагчымае, бо гаворка можа ісці не толькі пра радыёматэрыялы, але, напрыклад, пра фота, падкасты і г.д.

    Андрэй Бастунец старшыня БАЖ

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ

    Для гэтага ў нас проста няма магчымасцяў, — нават з дапамогай ЕФЖ, іншых арганізацый. Тут трэба быць гэткай «Белтэлерадыёкампаніяй» з дзяржаўным фінансаваннем, каб мець рэсурсы — і фінансавыя, і чалавечыя, — каб усё ахапіць.

    Мне падаецца, што мусяць быць асобныя конкурсы і для радыстаў, і для фатографаў, — каб прафесіяналы менавіта ў гэтых сферах маглі б сапраўды прафесійна ацэньваць працы канкурсантаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці