• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд замацаваў выракі Дзмітрыю Навошу ды іншым «чарнакніжнікам». Тыя сцвярджаюць, што апеляцый не падавалі

    12 траўня Вярхоўны суд разглядаў справу фігурантаў «Чорнай кнігі Беларусі», асуджаных завочна на падставе так званай спецыяльнай вытворчасці. Найвышэйшая інстанцыя не знайшла прычын, каб змяніць вырак, агучаны Мінскім гарадскім судом. У пераліку тых, хто атрымаў адмову на змякчэнне прыгавора, і журналіст Дзмітрый Навоша. Але самае дзіўнае, што абвінавачаныя нічога не аспрэчвалі.  

    Па крымінальнай справе, якую ў закрытым рэжыме 12 снежня 2022 года пачала разглядаць суддзя Мінскага гарадскога суда Наталля Бугук, праходзілі пяць чалавек: Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Ніхто з іх на працэсе не прысутнічаў, усе цяпер за межамі Беларусі. 

    Сёлета 10 студзеня прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў па 12 гадоў зняволення для кожнага — максімальна магчымы. Праз тыдзень суддзя просьбу задаволіла нават у большым аб’ёме — у дадатак да запатрабаванага тэрміну яшчэ па 18 500 рублёў штрафу.

    Напярэдадні 12 траўня на сайце Вярхоўнага суда з’явіўся пералік спраў, прызначаных да разгляду ў апеляцыйнай інстанцыі. Сярод іншых у закрытым рэжыме былі пазначаныя і завочна асуджаныя фігуранты «Чорнай кнігі Беларусі». Прызначаны на працэс суддзя Мікалай Грынцэвіч мусіў юрыдычна ацаніць, як вырак Мінгарсуда стасуецца з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі. І чакана не знайшоў падставаў, каб засумнявацца ў кампетэнтнасці калег.

    Адзін з дыстанцыйна пакараных, колішні карэспандэнт газеты «Прессбол», сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша пра прыпісаную яму «апеляцыю» даведаўся ад Беларускай асацыяцыі журналістаў. Кажа, што гэта лагічны працяг папярэдняга анекдота, калі part­ners in crime («крымінальныя партнёры») спрабавалі да суда звязацца з прызначанымі дзяржавай «адвакатамі», але тыя папросту хаваліся.

    «Шчыра кажучы, упершыню чую пра апеляцыю, — здзіўляецца журналіст. — Прынамсі я дакладна не падаваў ніякай заявы — зрэшты, як і не лічыў неабходным удзельнічаць у першым этапе так званага «суда». Бо відавочна, што гэта проста частка агульнага плану палітычных рэпрэсій і ніякую праўду арганізатары «працэсу» адпачатку вызначаць не збіраліся».

    Нагадаем, пяцёрку «чарнакніжнікаў» вінавацілі на падставе двух крымінальных артыкулаў: распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК) і незаконныя дзеянні датычна персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203–1 КК). У прыватнасці, інкрымінавалася адміністраванне Telegram-канала, дзе апублічваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту падчас акцый пратэсту-2020.

    Згодна з версіяй следства, Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая аб’ядналіся ў «злачынную групу», у складзе якой стварылі розныя інтэрнэт-рэсурсы. Асноўная мэта дзейнасці — «дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці і нянавісці ў дачыненні да сілавога блоку і дзяржслужачых, распаўсюд паклёпніцкіх звестак пра іх, падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».

    Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс «спецыяльнай вытворчасці» пры канцы верасня 2022 года, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паралельна Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у «экстрэмізме».

    Працэдура так званай спецвытворчасці — юрыдычнае ноў-хаў  беларускага рэжыму, якое да правасуддзя мае апасрэдаваныя адносіны.

    Па-першае, адвакаты фігурантам прызначаюцца пастановамі следчых, але ад сваіх абаронцаў ніхто ніякіх сігналаў так і не дачакаўся. Па-другое, адсутнасць магчымасці выказаць аргументы на сваю карысць хоць бы ў рэжыме відэасувязі не стала для суда перашкодай для вынясення вердыкту. Па-трэцяе, нават у выпадку завочнага пакарання ўлады не маюць рычагоў, каб адправіць за краты віртуальных «злачынцаў».

    Тым не менш, на падставе нядаўніх зменаў у заканадаўства асуджаных «дыстанцыйна» могуць пазбавіць не толькі маёмасці, але ў перспектыве — нават беларускага грамадзянства.

    Як вынікае з маніторынгу праваабаронцаў, цяпер грамадзян Беларусі можна судзіць завочна амаль па паўсотні «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў. Абноўлены закон развязвае рукі не толькі пракурорам ды  суддзям, а і службам, адказным за канфіскацыю маёмасці тых грамадзян, хто не па сваёй волі пакінуў краіну.

    Чытайце яшчэ:

    У Гомелі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса

    Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться

    Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці