• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Называюцца кім заўгодна, абы здабыць хоць якую афіцыйную інфармацыю». З якімі выклікамі сутыкаюцца незалежныя медыі ў новых рэаліях

    Беларускія СМІ ў выгнанні апынуліся ў новай рэальнасці. Ці змяніліся журналісцкія стандарты? Гэтае і шматлікія іншыя пытанні абмяркоўвалі на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў. 

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Пасля масавай эміграцыі незалежныя медыі страцілі рэкламныя рынкі ў Беларусі. Большасць рэдакцый вымушана працуюць з донарскімі грашыма. Незалежная прэса мае абмежаваныя рэсурсы: чалавечыя, тэхналагічныя, адчуваецца дэфіцыт фотаздымкаў з сучаснай Беларусі. На ўсе праблемы накладваецца дзейнасць фэйкамётчыкаў і правакатараў, якія дадаюць незалежным медыям галаўнога болю.

    Больш за тое, беларуская журналістыка ператвараецца ў ананімную: журналісты не могуць называць свае імёны, эксперты таксама не жадаюць сябе афішыраваць — з‑за пагрозы падвесці пад рэпрэсіі сваіх блізкіх у Беларусі.

    Як незалежныя медыі захоўваюць якасць медыяпрадукту, нягледзячы на складаныя ўмовы працы? Пра гэта ішла гаворка на адмысловай канферэнцыі, што прайшла 10 верасня ў Вільні.

    «Незалежныя медыі не скаціліся ў барыкадную журналістыку»

    Надзея Белахвосцік, галоўная рэдактарка праекта Medi­aIQ, распавяла пра выклікі, з якімі незалежная прэса ў выгнанні сутыкаецца ці не штодзённа. Партал фіксуе і маніторыць галоўныя тэндэнцыі ў беларускай прэсе. Да якіх жа высноў прыйшлі эксперты?

    Рэдактарка падкрэсліла, што рэсурс фіксаваў пераход незалежных медыяў да ананімнасці яшчэ ў 2021 годзе. Безумоўна, ананімнасць аўтараў і экспертаў павінны зніжаць давер да незалежных медыяў. Аднак гэтага не адбываецца.

    — Ананімнасць не дазваляе пагоршыць якасць кантэнту дзякуючы таму, што за папярэднія 30 гадоў працы ў Беларусі мы атрымалі такі ўзровень даверу, якога хапае нават сёння, — кажа Надзея Белахвосцік.

    Яшчэ адзін надзвычай сур’ёзны выклік — атрыманне інфармацыі з Беларусі.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Мы бачым амаль штодня: каб атрымаць нейкі каментар ад чыноўніка, журналісты мусяць называцца не журналістамі, а жыхарамі, наведвальнікамі — кім заўгодна, абы здабыць хоць якую афіцыйную інфармацыю. Канешне, можна казаць пра парушэнне агульнапрынятых журналісцкіх стандартаў, але як яшчэ атрымаць хоць нейкі каментар?

    Вялікі выклік — праверка крыніц інфармацыі. Усе журналісты мусяць займацца фактчэкінгам штодзённа.

    Надзея Белахвосцік закранула і яшчэ адну праблему, якая называецца «захаваннем стандартаў паўнаты». Вельмі часта аўтары не даюць кантэкст, на фоне якога адбываюцца тыя ці іншыя падзеі.

    У нашай камандзе працуюць некалькі маніторшчыкаў. Ад іх чула, што часам інфармацыйная лента дзяржаўных і незалежных медыяў амаль не адрозніваецца. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра суды. Выданне можа не пазначыць,  што пераслед звязаны з палітычнымі матывамі, не даецца агульная карціна. Мы разлічваем, што нашы чытачы ўсё ведаюць. Але гэта не так, асабліва калі мы змагаемся за нейтральную аўдыторыю, — гаворыць Надзея Белахвосцік. — Ці калі ідзе гаворка пра так званы «экстрэмізм». Медыі часта не падкрэсліваюць, што насамрэч у «экстрэмізме», які прыпісваюць незалежным медыі, ніякага экстрэмізму няма. Толькі сёлета лік «экстрэмістаў» ідзе на тысячы, рэжым спрабуе навязаць незалежным медыям сваю лексіку. А медыі легітымізуюць паняцце «экстрэмізм».

    Галоўная рэдактарка лічыць, што незалежныя СМІ павінны пастаянна нагадваць кантэкст, на фоне якога разгортваюцца падзеі:  

    — Зараз вырасла цэлае пакаленне, для якіх 2020 год ужо ператвараецца ў міф. Ва ўмовах поўнай зачысткі інфармацыйнай прасторы, калі інфармацыю пра 2020 год знайсці амаль немагчыма, а медыі пры гэтым не тлумачаць, што такое «экстрэмізм», многія маладыя людзі не разумеюць што адбываецца. А як гэта будзе выглядаць праз год, 5, 10? задаецца рытарычным пытаннем рэдактарка.

    Хаця, як сцвярджае Надзея Белахвосцік, «большасць медыяў прытрымліваліся стандартаў і да 2020 года, прытрымліваюцца і цяпер, не скаціліся ў барыкадную журналістыку, хаця была такая боязь. А праблемы, якія ёсць, я б назвала выклікамі. Яны прыводзяць да аб’ектыўнага парушэння нейкіх стандартаў, мы іх фіксуем, але разумеем, чым яны выкліканыя».

    Пра дапамогу «Кіберпартызанаў» і рэдактарскую дыктатуру

    Аляксандр Ярашэвіч, сузаснавальнік медыя «Бюро», паразважаў на тэму: як жа медыям удаецца захоўваць якасць кантэнту?

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Аляксандр Ярашэвіч на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    «Бюро» — не навіновае штодзённае СМІ, таму ім прасцей: расследаванні выходзяць прыкладна раз на месяц, часу для праверкі інфармацыі дастаткова. Пры гэтым супрацоўнікі выкарыстоўваюць у сваёй рэдакцыйнай палітыцы і досвед беларускіх медыяў, і досвед міжнародных арганізацый.

    — Гэты стандарт моцна не адрозніваецца ад таго, чым карыстаюцца іншыя беларускія журналісты. Мы даем права на адказ чалавеку, пра якога пішам. Бо гісторыя можа развярнуцца на 180 градусаў, — кажа спадар Ярашэвіч.

    Дзяржава хавае інфармацыю ад журналістаў. Але ёсць «Кіберпартызаны», якія хакнулі велізарны аб’ём інфармацыі. Паўстае і маральнае, і законнае пытанне: каго можна «прабіваць», а каго – нельга?

    Аляксандр Ярашэвіч адзначае, што пры дапамозе «Кіберпартызанаў» можна разблытваць справы, якія маюць вялікае грамадскае значэнне: хабары чыноўнікаў, абыход санкцый і таму падобныя кейсы. Пры гэтым журналіст падкрэсліў, што нават атрымаўшы ад «Кіберпартызанаў» нейкую інфармацыю, яе не апублікуюць, калі не атрымаюць дадатковых пацверджанняў яе праўдзівасці.

    Ірына Новік, рэдактарка спецпраектаў выдання Hrodna.life, кажа, што невялікія медыі «спрынтарскі зайбег выйграць не могуць».

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Ірына Новік на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    — Алгарытмізацыя, узаемная праверка і падтрымка – вось тры дадатковыя стандарты ў дадатак да тых, пра якія гаворка ішла раней, — падсумоўвае спадарыня Ірына.

    Выступоўца падкрэслівае, што зараз самае балючае – гэта людзі.

    — Мы ананімныя, героі ананімныя, краіна ананімная. Таму калі журналісту ўдаецца даведацца канкрэтнае імя, якое можна верыфікаваць праз надзейныя крыніцы, узнікае вялікая спакуса яго надрукаваць. Але, бывае, назавеш імя, раз-другі прыляціць, тады больш не друкуем. То-бок збольшага мы трымаемся стандартаў, але надзвычайныя ўмовы працы прымушаюць шукаць індывідуальныя, персанальныя рашэнні, каб прайсці паміж Сцылай і Харыбдай у кожнай сітуацыі, — канстатавала рэдактарка.

    Андрэй Шаўлюга распавёў пра стандарты, якіх прытрымліваецца «Радыё Свабода».

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Андрэй Шаўлюга на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    — Правілы простыя: часам лепш спазніцца з падачай навіны, але правіла дзвюх крыніц (праверка атрыманай інфармацыі як мінімум з 2 незалежных адна ад другой крыніц), правіла верыфікацыі інфармацыі застаецца заўсёды на першым месцы.

    Пагаршэнне ўмоў працы тоіць рызыку і спакусы спрашчаць журналісцкія стандарты.

    — Мы не можам рабіць сабе такія паблажкі. Заўсёды ёсць магчымасць пазваніць другому боку, а калі нават і не атрымалі адказ, то можам паведаміць хоць пра гэта.

    Пра сённяшнія і заўтрашнія выклікі беларускай журналістыкі

    Пра выклікі, цяперашнія і ў бліжэйшай перспектыве, гаварыла Марыя Садоўская-Камлач, прадстаўніца Free Press for East­ern Europe:

    — Калі я размаўляю з вядучымі польскімі парталамі, то клікі і прагляды — гэта асноўнае, што яны, як камерцыйныя суб’екты, мусяць паказаць сваім менеджэрам, сваім рэкламадаўцам і сваім інвестарам. Галоўны рэдактар аднаго з польскіх парталаў сказаў, што ён зараз будзе «праполваць пустазелле» на сваім жа партале, бо яму нарэшце ўдалося пераканаць менеджмент у стратэгіі, што інтарэсы аўдыторыі павінны быць на першым месцы.

    Тут гаворка не пра тое, што ты не ведаеш, як пісаць па стандартах, а пра інтарэсы свайго чытача, якія ты ставіш на першае месца. І калі ты прызвычайваеш свайго чытача да больш якаснага кантэнту, то гэта таксама можа спатрэбіцца ў будучыні.

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Марыя Садоўская-Камлач на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    «На памежжы» — так Марыя Садоўская-Камлач характарызуе якасць беларускіх медыяў, якія з’яўляюцца часткай сусветных медыяў (яны знаходзяцца ў глабальным прававым асяроддзі, у краінах Еўрасаюза).

    — Апытаныя медыі ў выгнанні сказалі, што 90% фінансавай падтрымкі — донарская. З аднаго боку, гэта не такія вялікія камерцыйныя грошы. Здавалася б, можна рабіць тое, пра што марыць кожны медыйшчык: журналістыку дзеля якаснай журналістыкі. Але, на жаль ці на шчасце, інвестары ў асобе дзяржаў ці донараў распараджаюцца грашыма падаткаплацельшчыкаў. А тыя, у сваю чаргу, пытаюць ва ўрада: ці не марнуеце вы нашы грошы? На жаль, няма кансэнсусу, якія паказчыкі браць за крытэрый якасці. Вельмі часта галоўнай меркай становіцца колькасць.

    Але як толькі беларускае медыя прызнаецца «экстрэмісцкім», то ўсе гэтыя паказчыкі спусташаюцца: медыя можа рабіць якасную журналістыку, але табе трэба нейкім чынам даказваць (чытачам, калегам, міжнароднай супольнасці), што ты не вярблюд.

    — Калі мы, як асобны сектар, не пачнем думаць пра тое, як нам супольна пайсці за межы існуючых абмежаванняў (яны негатыўна ўплываюць на якасць нашай журналістыкі), мы не зробім крок далей у развіцці. Рэдактар таго ж польскага партала сказаў, што яны адаслалі свайго журналіста на паўгода ў Оксфард на экалагічную стыпендыю. Пытаюся: а чаму, больш увагі экалогіі будзеце надаваць? І пачула такі адказ: ты не разумееш, мы сталі закладнікамі ўласнага поспеху. Зараз экалогія з’яўляецца мэйнстрымам у польскіх медыях, таму не мець добрага спецыяліста па клімаце — значыць, згубіць канкурэнтнасць. Калі мы будзем дзейнічаць па старых лекалах, то нават у новых умовах мы будзем адставаць на 10 гадоў ад сваіх калег, — заключыла Марыя Садоўская-Камлач.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці