• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як за мяжой журналісцкую працу шукаюць

    Два гады таму жыццё закінула мяне на вучобу ды лячэнне ў Аўстрыю. Пааглядзелася я ды вырашыла шукаць заробак.

    «Журналіст і кaнтэнт-мэнэджэр прапаноўвае свае паслугі», — вывесіла я аб’яву на аўстрыйскіх рускамоўных форумах. На мой нумар пасыпаліся званкі ад прадавачак пыласосаў, прадстаўнікоў «пірамідаў» ды банкаўскіх супрацоўнікаў. Нармальную працу ніхто не прапаноўваў.

    Гламурны берлінскі часопіс «Уся Еўропа» замовіў мне артыкул на тэму зімовых святаў яшчэ ў 2008 годзе. Артыкул рэдактарцы спадабаўся, пасля чаго яна на сувязь больш не выходзіла. Грошай мне не заплацілі.

    Адзінае, што як правіла даюць аб’явы на сайтах ахвотным папрацаваць у СМІ — гэта практыка. А практыка — гэта калі студэнта або маладога спецыяліста проста выкарыстоўваюць без аплаты на той жа працы, на якую маглі б узяць кагосьці за грошы. Маладзён спадзяецца, што праз годзік з ім падпішуць кантракт, а працадаўца, пасміхаючыся ў вусы, праз год бярэ новага «раба». Добра, што хоць чутныя галасы за адмену такой практыкі, і, магчыма, з цягам часу і сапраўды гэтая ганебная з’ява ў Еўропе знікне.

    Тым часам я працягвала шукаць. Адзінокая аб’ява «патрэбная журналістка з веданнем турэцкай мовы на 3 еўра за гадзіну» наводзіла на вельмі сумныя думкі, бо заканадаўча ўсталяваны мінімум заробку ў Аўстрыі, здаецца, 6 еўра за гадзіну.

    Некаторыя нямецкія выданні, што спецыялізуюцца на Усходняй Еўропе, замаўлялі мне час ад часу артыкулы пра Беларусь, тым і перабівалася. Дзякаваць Богу, што нямецкая ў мяне добрая. Але пастаяннага супрацоўніцтва гэтыя выданні прапанаваць таксама не маглі.


    Фота выкарыстана па ліцэнзіі Cre­ative Com­mons, www.flickr.com Аўтар: nick­boos

    Нарэшце пазваніў тады яшчэ незнаёмы мне спадар П. і бадзёрым голасам распавёў, што плануе адкрыць новую бясплатную газетку для рускамоўных чытачоў у Аўстрыі, распісаўшы мне вельмі апетытную будучыню. За 1000 знакаў было абяцана 30 еўра (мінімум у Аўстрыі — 20 еўра за тысячу знакаў, і за гэтым сочыць прафсаюз).

    Згаладаўшыся па працы і акрыяўшы ад перспектывы прыстойнага заробку, стабільнага месца ды сацыяльнай страхоўкі я здула пыл з дыктафона, расчахліла клавіятуру і навастрыла аловак.

    За тры месяцы працы я навязала кантакты ў мясцовых органах улады, запомніла імёны міністраў і іх сакратароў і дарадцаў, «пабраталася» з піяр-мэнэджэркамі клубаў, выставачных залаў, аўтаклубаў ды заапаркаў. І нават звыклася з аўстрыйскім дыялектам маіх суразмоўцаў.

    На кантрасце з Беларуссю, дзе, каб узяць каментар, трэба прыкласці тытанічныя намаганні, у альпійскай краіне кантакты з афіцыйнымі асобамі — суцэльнае задавальненне. Некаторыя патэнцыйныя «каментатары», канечне, ігнаравалі мае мэйлы, але з большага мне давалі любую інфармацыю, якую я прасіла, выпісвалі пропускі, прызначалі сустрэчы і ахвотна дазвалялі мне весці аўдыёзапіс. Фразу «я павінна запытацца дазволу ў сваёй начальніцы» я пачула ўвогуле толькі аднойчы, і начальніца, канечне, інтэрв’ю дазволіла.

    Карацей кажучы, працаваць было прыемна. Мабыць, дзеля такого вопыту «спакойнай журналістыкі» ўсё ж мела сэнс пасупрацоўнічаць са спадаром П. і яго рускамоўнай газеткай…

    Бо, ні грошай, ні страхоўкі спадар П. ані мне, ані маім калегам не даў, а калі мы сталі настойліва пытацца пра грошы, усіх звольніў. Рэдактарка-масквічка вярнулася да ролі хатняй гаспадыні пры мужы-аўстрыцу. Фатограф і дызайнер перакваліфікаваўся ў прыбіральшчыкі. Выдатная, вельмі працавітая журналістка-сібірачка пайшла на курсы для беспрацоўных. Карэктарка і аўтарка файных тэкстаў пра мастацтва зараз перавучваецца на страхавога агента…


    Надпіс на налепцы «Супраць прадажнай прэсы», Вена, фота аўтара

    Пытаюся ў наведнікаў майго блогу, сярод якіх нямала рускамоўных мігрантаў-журналістаў: «А які ў Вас вопыт?»

    Наш былы суайчыннік Вадзім Вінакур, які зараз жыве ў Аўстрыі, піша:
    «Руская Нямеччына» плаціла сумленна і амаль сваечасова. […] Да таго ж, у 2002–2004 гадах я супрацоўнічаў з першым і апошнім рускім камп’ютарным часопісам ў Нямеччыне — «Компас». Пад канец яны паспрабавалі не заплаціць прыкладна 700 еўра, але атрымалася «адбіць» амаль усю суму. Маім калегам пашчасціла менш, і яны «папалі» на 500 — 2000 еўра».

    Прафесійная журналістка Ірына Навар-Себасцьян, якая раней жыла ў Санкт-Пецярбургу, а зараз піша на замову ва Франкфурце-на-Майне, таксама дзеліцца ўражаннямі ад «Русскай Нямеччыны»: «Затрымкі па выплаце ганарараў — ад поўгода і больш. Аўтары рэгулярна выказваюць сваю незадаволенасьць галоўнаму рэдактару».

    Украінскамоўны блогер, які зараз жыве ў Квебеку, расказвае пра свой канадскі вопыт: «9 гадоў таму мне заплацілі 30 долараў за 2 артыкулы, пасля таго, як я шмат разоў нагадваў аб гэтым рэдактару. З тых часоў я не супрацоўнічаў з рускамоўнымі СМІ „Русской Общины“. Не з‑за грошай, але неяк непрыемна: такія вечныя мігранты, якія назаўсёды засталіся ў постсавецкай прасторы, хоць і жывуць за мяжой».


    Рэкламны білборд аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ORF на вуліцах Вены, фота аўтара

    Што праўда, то праўда. На жаль, менавіта «рускім бізнэсам» тут называюць такі падыход, калі нашы былыя суайчыннікі спрабуюць арганізаваць сваю справу за мяжой і пры гэтым нажываюцца на сваіх жа. Спадар П. увогуле спрабаваў пужануць нас рускай мафіяй. На жаль, некаторыя вырашылі і сапраўды з ім не звязвацца і забыцца на заробленае. Але мы з калегай-сібірачкай усё ж дабраліся да прафсаюза і да ўстановы па абароне правоў працоўных і падалі з іх дапамогай у аўстрыйскі суд. Калі і не вернем грошай, дык, можа, хоць «бізнес» прыкрыюць, каб наступная змена даверлівых журналістаў не працавала «за паветра».


    Фота выкарыстана па ліцэнзіі Cre­ative Com­mons, www.flickr.com Аўтар: m.a.r.c.

    Ну, а я за гэты час перабралася ў Берлін. Першае, што зрабіла, — разаслала запыт аб працы ў некалькі дзесяткаў вялікіх і маленькіх рускамоўных часопісаў ды газет. Пакуль што адказала толькі адна рэдакцыя. У лісце без косак і кропак мне прапанавалі даслаць прыклады сваіх артыкулаў і расказаць аб вопыце працы рэдактарам сайта. Напрыканцы мэйла стаяла пытанне: «Дарэчы, не падкажаце, дзе браць бясплатныя тэксты для газеты?».

    Мабыць, не спрацуемся…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці