• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як журналісты “Газеты Слонімскай” газавую калонку бабулі адрамантавалі

    У працы журналіста бываюць выпадкі, калі ад вынікаў наш брат атрымлівае маральнае задавальненне ды хоць крыху адчуе сябе “чацвёртай уладай”.

    Якраз нешта падобнае надарылася днямі ў журналістаў “Газеты Слонімскай” і сяброў БАЖ Яўгена Валадашчука і Мікіты Пастухова.

    У рэдакцыю (як гэта вельмі часта бывае) патэлефанавала 77-гадовая бабуля-інвалід ды паскардзілася, што ў яе кватэры ў цэнтры Слоніма газавікі адключылі газавую калонку. Пасля непрацяглай размовы жанчына пагадзілася расказаць пра сваю праблему на камеру. Хлопцы выехалі на месца, пагутарылі з гаспадыняй кватэры пад запіс, узялі каментар у спецыяліста гаргаза… Так у пятніцу на сайце “ГС” з’явіўся матэрыял “Пенсионерке отключили газовую колонку из-за прочистного кармана”.

    Сланімчанка Раіса Семак у сваёй кватэры

    Сітуацыя гэта адразу падалася вельмі неадназначнай. Арганізацыя, якая абслугоўвае газавае абсталяванне, запатрабавала, каб бабуля купіла новую калонку ды яшчэ звярнулася ў ЖКГ, каб зрабіць гэты самы “прочистной карман”. Калонка тая каштуе ад 350 рублёў плюс яшчэ рублёў 40 патрэбна заплаціць за яе ўстаноўку. А гаспадыня кватэры 10 гадоў на вуліцу не выходзіць з‑за хворых ног. Даглядае яе 52-гадовы сын, у якога таксама здароўе слабое, і жывуць яны дваіх на адну яе пенсію. Дзе ж ты купіш тую калонку?!

    Сярод каментароў да гэтага матэрыяла на сайце з’явіўся каментар “газавіка з 30-цігадовым стажам”, які выказаўся наконт таго, што калонку сапраўдныя спецыялісты мусілі б адрамантаваць, а не адключаць.  

    У панядзелак у рэдакцыі мы працавалі над газетным варыянтам гэтага матэрыялу, і ў яго аўтараў з’явілася ідэя арганізаваць праз газету дабрачынную акцыю па збору сродкаў на пакупку бабулі газавай калонкі.

    Але ў аўторак наша гераіня зноў патэлефанавала ў рэдакцыю.

    — А галубкі вы мае! Я так удзячная вам і “Газеце Слонімскай”, што расказалі пра маю праблему! Гэта ж учора газавікі зноў прыйшлі да мяне самі. Нічога  не сказалі, адрамантавалі і ўключылі мне калонку. І грошай з мяне не ўзялі…”, — доўга слухаў я словы падзякі слонімскай бабулі Раісы Сямак і думаў, што не, не ўсё яшчэ так дрэнна ў нашай прафесіі.

    А ў папяровым нумары газеты (“ГС” № 21 ад 21 чэрвеня) выйшаў матэрыял пад загалоўкам “Всё хорошо, что хорошо заканчивается”.

    Фота з архіва “ГС”   

    Яўген Валадашчук

    Мікіта Пастухоў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці