• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якасьць беларускай газэтнай журналістыкі

    Ніжэй падаюцца вынікі дасьледаваньня, прысьвечанага якасьці беларускай газэтнай журналістыкі. Мэта дасьледаваньня — выявіць адпаведнасьць журналісцкіх матэрыялаў чаканьням чытацкай аўдыторыі. Апытаньне праводзілася ў лістападзе 2007 г.

    Галоўная выснова дасьледаваньня палягае ў тым, што ўяўленьні журналістаў адносна паўнаты асьвятленьня некаторых тэмаў і праблемаў не супадаюць з зацікаўленьнямі чытацкай аўдыторыі і іх інфармацыйнымі чаканьнямі. А структура зьместу газэтаў — як дзяржаўных, так і не дзяржаўных — у шэрагу выпадкаў не адлюстроўвае прыярытэтнасьці тэмаў і праблемаў, «выбудаванай» чытачамі. Гэта абазначае, што частка зьместу беларускіх газэтаў цікавая альбо самім журналістам, альбо нікому.

    Другая істотная праблема, якая тычыцца як дзяржаўных, так і недзяржаўных газэтаў, — самацэнзура, якая яшчэ больш павялічвае зазор паміж журналісцкімі матэрыяламі і іх запатрабаванасьцю з боку чытачоў.

    1. Канкрэтныя вынікі дасьледаваньня

    Інфармацыйныя запатрабаваньні чытачоў высьвятляліся на падставе пытаньня «Ці мусіць беларуская прэса пісаць болей/меней пра:

    а) дзейнасьць ураду,

    б) дзейнасьць прэзыдэнта,

    в) дзейнасьць парлямэнта,

    г) дзейнасьць апазыцыі,

    д) эканамічныя праблемы,

    е) палітычныя праблемы,

    ж) сацыяльныя праблемы,

    з) культуру,

    і) спорт,

    к) друкаваць болей/меней забаўляльных матэрыялаў?»

    На падставе гэтага ж, але адпаведным чынам перафармуляванага пытаньня высьвятляліся і ўяўленьні журналістаў пра тое, што болей ці меней цікавіць чытачоў. Абагульненыя варыянты адказаў прыводзяцца ў табліцы 1.

    Табліца 1

     

    Мусіць пісаць болей/меней пра

    Чытачы% болей/меней

    Журналісты% болей/меней

    а) дзейнасьць урада

    58/17

    29/29

    б) дзейнасьць прэзыдэнта

    33/42

    57/0

    в) дзейнасьць парлямэнта

    58/17

    0/57

    г) дзейнасьць апазыцыі

    92/8

    43/14

    д) эканамічныя праблемы

    83/8

    100/0

    е) палітычныя праблемы

    83/8

    43/14

    ж) сацыяльныя праблемы

    100/0

    100/0

    з) культуру

    83/17

    14/43

    е) спорт

    33/50

    43/43

    к) друкаваць болей забаўляльных матэрыялаў

    17/58

    86/0

    Як можна ўбачыць з табліцы, уяўленьні журналістаў адносна інфармацыйных запатрабаваньняў/зацікаўленьняў чытачоў супадаюць толькі ў дзвюх пазыцыях: д) эканамічныя праблемы і ж) сацыяльныя. Затое яны заўважна разыходзяцца адносна асьвятленьня е) палітычных праблемаў г) апазыцыя, а) урад і в) парлямэнт. ды дзейнасьці такіх палітычных суб’ектаў, як 

    Тэндэнцыя тут палягае ў тым, што матэрыялы палітычнага характару, друкаваныя ў дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсе, не адпавядаюць запатрабаваньням чытачоў. Частковым тлумачэньнем можа быць фэномэн самацэнзуры («лепш не пісаць на палітычныя тэмы»), які пераважная большасьць журналістаў і ўважае за галоўную праблему дзяржаўных і недзяржаўных друкаваных мэдыяў. Ва ўяўленьні журналістаў фэномен самацэнзуры спрацоўвае таксама і на «зніжэньне» ўзроўню рэальнай чытацкай цікавасьці да матэрыялаў палітычнага зьместу, што добра бачна ў табліцы.

    Парадаксальнай, аднак, выглядае журналісцкая ацэнка запатрабаванасьці чытачамі інфармацыі пра дзейнасьць прэзыдэнта. Большасьць апытаных чытачоў лічыць, што падаваная інфармацыя залішняя, у той час як большасьць журналістаў ацэньвае яе як недастатковую. Падобная сытуацыя можа абазначаць, што ўзровень сымбалічнай прысутнасьці асобы прэзідэнта ў свядомасьці чытачоў і журналістаў розны. А ацэнка яго асобы і дзейнасьці з боку чытачоў, гэтаксама як і іншых палітычных суб’ектаў, меней палярызаваная.

    Істотныя разыходжаньні дэманструе таксама параўнальная ацэнка цікавасьці да забаўляльных матэрыялаў і матэрыялаў на спартовыя тэмы. Пераважная большасьць журналістаў (86%) лічыць, што найбольш хітавымі, пасьля матэрыялаў, прысьвечаных сацыяльным і эканамічным праблемам, зьяўляюцца матэрыялы забаўляльнага характару. Аднак большасьць чытачоў не выяўляе да іх вялікай цікавасьці. Завышанай, паводле ўяўленьняў журналістаў, зьяўляецца таксама і цікавасьць чытачоў да матэрыялаў спартовай тэматыкі.

    Разам з тым, ва ўяўленьні журналістаў ацэнка вартасьці матэрыялаў, прысьвечаных культуры, істотна заніжана. У чытацкім рэйтынгу гэтыя матэрыялы знаходзяцца на 5‑м месцы, а ў журналісцкім — на перадапошнім 9‑м месцы.

    Вышэйзгаданае пытаньне ў анкеце, складзенай для журналістаў, карэлюе з адным з прапанаваных варыянтаў адказу на іншае пытаньне: «Каб павялічыць колькасьць чытачоў, неабходна…». Адметна, што параўнальна з іншымі1 на варыянт адказу «зьмяніць зьмест выданьня» прыпадае доля толькі ў 15%.

    У адрозьненьне ад анкеты для журналістаў, анкета для экспэртаў утрымлівала прамое пытаньне адносна зьменаў у зьмесьце недзяржаўных газэтаў. З сямі варыянтаў адказу эксперты адабралі наступныя (у парадку зьмяншэння колькасьці галасоў):

    1) аддаў бы перавагу наступным тэмам: «Нацыянальная і культурніцкая ідэнтычнасьць беларусаў», «Беларуская гісторыя і культурніцкая традыцыя»;

    2) друкаваў бы болей аналітычных матэрыялаў пра працэсы, што адбываюцца ў беларускім грамадзтве і розных сацыяльных групоўках;

    3) зрабіў бы менш эмацыйным тон асьвятленьня дзейнасьці прэзыдэнта і ўрада, у гэткім жа ключы пісаў бы і пра апазыцыю.

    Дарэчы, ніводны экспэрт не адзначыў пункту «друкаваў бы болей забаўляльных матэрыялаў». 

    Гэткім чынам, відавочна, што меркаваньні экспэртаў датычна зьмены зьместу друкаваных выданьняў істотна бліжэйшыя да ацэнак чытачоў, чым да апініі журналістаў. А меркаваньне аднаго з экспэртаў датычна асьвятленьня культурніцкай тэматыкі вартае цытаваньня:
    «Незалежныя СМІ «пахавалі» ўжо некалькі генэрацый грамадзкіх і культурных герояў, якія стваралі і па сутнасці ўсё яшчэ трымаюць дыскурс незалежнай Беларусі. Разгорнутыя гаворкі з імі (а таксама нарысы, эсэ і да т.п. пра іх) мусілі б быць устойлівай тэндэнцыяй ў незалежных СМІ. А гэтага не было і няма». 

    2. Высновы

    Дасьледаваньне пацьвердзіла першаснае гіпатэтычнае дапушчэньне, што паміж друкаванымі ў дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсе матэрыяламі і інфармацыйнымі запатрабаваньнямі чытачоў існуе пэўны зазор.

    У шэрагу выпадкаў, калі параўноўваць уяўленьні журналістаў і чаканьні чытацкай аўдыторыі, ацэнка важнасьці/прыярытэтнасьці асьвятленьня шэрагу тэмаў і праблемаў істотна розніцца.

    Журналісты недастаткова адэкватна ўсьведамляюць адну з галоўных прычынаў сёньняшняга стану беларускай газэтнай журналістыкі, а менавіта — неадпаведнасьць часткі друкаваных матэрыялаў чаканьням і зацікаўленьню ў іх чытачоў.

    Самацэнзура, а таксама «дэінтэлектуалізацыя» беларускага чытача — галоўныя фактары неадэкватнай выбудовы структуры зьместу як дзяржаўных, так і шэрагу недзяржаўных друкаваных выданьняў.

    3. Мэтад дасьледаваньня

    Дасьледаваньне праводзілася шляхам перакрыжаванага апытаньня чытачоў, журналістаў, а таксама экспэртаў (аналітыкаў). Шэраг пытаньняў, хаця яны і фармуляваліся па-рознаму, мелі адзін і той жа сэнс. Параўнальны аналіз адказаў на гэтыя пытаньні зьяўляўся падставай для зробленых цьверджаньняў і высноваў. Апытаньне праводзілася галоўным чынам сярод журналістаў недзяржаўных друкаваных СМІ. Чытачы — прадстаўнікі розных сацыяльных групаў ва ўзросьце ад 60 да 17 год. У якасьці экспэртаў выступалі вядомыя беларускія сацыёлягі, палітолягі і інтэлектуалы.
    Неабходна таксама асабліва падкрэсьліць, што выяўленая структура чытацкіх чаканьняў зьяўляецца зьменлівай. І ў кожным канрэтным грамадстве і ў пэўны пэрыяд яна істотна залежыць ад агульнай сытуацыі ды сацыяльных, эканамічных і палітычных зрухаў, што ў ёй адбываюцца.

    1Каб павялічыць колькасьць чытачоў, неабходна:
    — на рэгулярнай аснове праводзіць трэнінгі для журналістаў;
    — палепшыць дызайн;
    — пашырыць рэклямную кампанію;
    — зьмяніць зьмест выданьня;
    — што ні рабі, ніякіх сур’ёзных вынікаў усё роўна не дасягнеш;
    — трэба дачакацца палітычных і эканамічных зьменаў у краіне.
    — Ваш варыянт адказу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці