• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якасная журналістыка: у чым праблема?

    Што ж сталася прычынай досыць шырокага абмеркаваньня тэмы? Прычын было некалькі.

    Перадусім гаворка ідзе пра імклівае развіцьцё інтэрнэту, які ў сярэдзіне 90‑х гадоў мінулага стагодзьдзя нечакана і надзвычай істотна пачаў зьмяняць мэдыяляндшафт у шэрагу тэхналягічна прасунутых краінаў.

    Першай «ахвярай» экспансіі сталіся друкаваныя мэдыі. Саступаючы інтэрнэту (гэтак сама як і тэлебачаньню) у хуткасьці распаўсюду навінаў ці якой-небудзь іншай важнай інфармацыі, газэты пачалі губляць у накладзе.

    Драматызм сытуацыі выявіўся аднак тады, калі пад цяжарам новых эканамічных праблемаў яны былі вымушаныя зачыняць аддзелы навінаў, звальняць сваіх супрацоўнікаў ці ўвогуле банкрутаваць.

    Каб уявіць маштабы скарачэньня працоўных месцаў, спашлемся на інфармацыю «News­pa­per Guild»: «у пэрыяд з 2001 па сярэдзіну 2006 г. у індустрыі навінаў (ЗША‑А.А.) страцілі працу 44 000 супрацоўнікаў, зь іх ня меней 34 000 газэтныя рэпарцёры».

    Закрыцьцё аддзелаў навінаў, у сваю чаргу, спрычынілася да зьмены структуры і зьместу ня толькі друкаваных мэдыяў.

    «Пачынаючы з 1980‑х гг. выдаўцы амэрыканскіх газэтаў і адказныя працаўнікі ТВ станцыяў на 80% скарацілі асьвятленьне замежных навінаў. А шырокае аьсвятленьне мясцовых навінаў замянілі навінамі пра знакамітасьці, спортам і надвор’ем» (ibid). Больш за тое, інтэрнэт стаў «дыктаваць», якія навіны асьвятляць, а якія не. Цяпер у некаторых выданьнях навінамі займаюцца не рэпарцёры, а рэдактары, якія паводле рэйтынгу навіны ў інтэрнэце (па колькасьці клікаў) вызначаюць, ці варта яе публікаваць.

    Гэткім чынам, журналісты фактычна страцілі кантроль над вызначэньнем таго, што ёсьць навіна. Бо перадусім ня маюць мажлівасьці праверыць адпаведнасьць інфармацыі рэчаіснасьці. (Дарэчы, шмат каго з чытачоў гэтая адпаведнасьць не цікавіць).

    Задача пасьпець за інтэрнэтам і быць першым у асьвятленьні жыцьця зорак (як заўсёды скандальнага) прывяла да фармаваньня новага тыпу журналістыкі, якую можна было б вызначыць як журналістыку fast food.

    Адпаведна законам жанру, такую журналістыку мала цікавяць расьсьледаваньні (яны патрабуюць часу), складаныя сацыяльныя і эканамічныя праблемы, дакладнасьць інфармацыі дый увогуле праблемы прафэсійнай этыкі.

    Яшчэ адна праблема (і пагроза якаснай журналістыцы) — гэта камэрцыялізацыя мэдыяў, калі апошнія робяцца ўсё больш і больш залежнымі ад рынку рэклямы, месца якой павялічваецца. (У Швайцарыі, напрыклад, ніводная зь сёньняшніх газэт ня здольная выжыць на грошы ад падпіскі).

    Рэкляма — яшчэ адзін магутны фактар, які мяняе структуру зьместу мэдыяў, выцясьняючы на маргенэз такія традыцыйныя жанры журналістыкі як інтэрвію, расьсьледаваньні, аналітычныя артыкулы, культурніцкія рэцэнзіі, меркаваньні людзей і розныя пункты гледжаньня на адну і тую ж праблему.

    І, нарэшце, у нашай частцы сьвету сур’ёзную пагрозу якаснай журналістыцы ўяўляюць зь сябе прапагандысцкія мэдыі, задача якіх, як вядома, ня толькі пэўным чынам прэпараваць сацыяльную, палітычную ці культурніцкую рэчаіснасьць, але і замоўчваць ці скажаць важныя для разьвіцьця грамадзтва праблемы.

    У выпадку з прапагандысцкімі СМІ галоўная хіба няякаснай журналістыкі палягае аднак ня толькі і ня столькі ў несвабодзе саміх журналістаў. Бо, урэшце рэшт, не бывае несвабодных журналістаў, калі тыя самі не пагаджаюцца з цэнзурай ці самацэнзурай. Праблема палягае ў тым, што любая прапагандысцкая сыстэма імкнецца выкрэсьліць журналістыку як прафэсію, а незалежныя мэдыі выціснуць па-за межы публічнага дыскурсу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці