• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Яны папрасілі прабачэньня». БелТА выдаліла публікацыю са словамі дырэктара Інстытуту сацыялёгіі пра забарону онлайн-апытаньняў у СМІ

    Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў запатрабаваў, каб дзяржаўнае агенцтва БелТА зьняла з сайта інфармацыю зь ягонымі заявамі, якіх ён «не гаварыў і не пісаў». У размове з карэспандэнтам Свабоды ён патлумачыў сваё стаўленьне да онлайн-апытаньняў, якія забаранілі праводзіць сродкам масавай інфармацыі.

    Сёньня Генадзь Коршунаў апублікаваў пост у сваім фэйсбуку і запатрабаваў, каб БелТА выбачылася перад ім.

    «Учора я, на жаль, быў на пахаваньні і выпаў з інфармацыйнага поля. Калі я ўключыў тэлефон, то быў зьбянтэжаны патокам інфармацыі, зьвязанай зь нібыта маім інтэрвію, што апублікавала БелТА. Афіцыйна заяўляю, што тэкст, падпісаны маім прозьвішчам, мною не пісаўся і не вымаўляўся», — напісаў Генадзь Коршунаў.

    «Яны папрасілі прабачэньня»

    БелТА апублікавала ўчора матэрыялы круглага стала з удзелам экспэртаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і сацыёлягаў.

    Паводле агенцыі, Генадзь Коршунаў заявіў, што онлайн-апытаньні, якія зьявіліся ў інтэрнэце па тэме прэзыдэнцкіх выбараў, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі.

    «З аднаго боку, яны сапраўды нясуць усе прыкметы апытаньняў грамадзкай думкі і цалкам могуць быць да такіх аднесены. А з другога — уяўляюць сабой і навукова, і мэтадалягічна не абгрунтаваныя дасьледаваньні, якія, мякка кажучы, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі», — сказаў, паводле БелТА, Генадзь Коршунаў.

    «Але, тым ня менш, усе мы бачым, што вынікі гэтых апытаньняў грамадзкай думкі актыўна тыражуюцца ў СМІ (ужо і ў замежных), іх прыводзяць у сваіх заявах лідэры думак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Такім чынам, гэтыя лічбы вэрыфікуюцца ў сьвядомасьці людзей. Папросту кажучы, грамадзкасьць уводзяць у зман адносна рэальнай сытуацыі. Бо гэтыя дасьледаваньні, паўтаруся, далёкія ад тэорыі і практыкі навукі сацыялёгіі. А тэма апытаньняў больш чым вострая, якая выклікае сур’ёзны грамадзкі рэзананс», — прывяла БелТА словы Коршунава.

    Як далей гаворыцца ў публікацыі, у свой час у Беларусі тэма апытаньняў грамадзкай думкі стала прадметам заканадаўчага рэгуляваньня, і за парушэньні тут прадугледжана адказнасьць.

    «Таму мы заклікаем арганізатараў онлайн-апытаньняў па тэматыцы прэзыдэнцкіх выбараў задумацца як наконт таго, ува што ў выніку выліваецца іх „сацыялёгія“, так і наконт правамернасьці сваіх дзеяньняў», — працытавала дырэктара Інстытуту сацыялёгіі БелТА.

    Атрымаць камэнтар у кіраўніцтва БелТА не ўдалося. Па абедзе гэтая публікацыя была ўжо недасяжная.

    Аднак на сайце засталася публікацыя пра «круглы стол», у якой прыведзены выказваньні двух сацыёлягаў, у тым ліку Генадзя Коршунава, пра тое, чаму сацыёлягі з асьцярожнасьцю ўводзяць у практыку онлайн-апытаньні.

    Генадзь Коршунаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «адбылася накладка», ён прыняў прабачэньні ад БелТА.

    «Тэкст заменены, мае словы прыведзены ў адпаведнасьць. Яны папрасілі прабачэньня, і ніякіх прэтэнзій да БелТА на гэты момант у мяне няма».

     

    «Камісія нічога ня можа забараніць»

    Як жа Генадзь Коршунаў ставіцца да інфармацыі, што СМІ цяпер забаронена праводзіць апытаньні сярод сваёй чытацкай аўдыторыі, у тым ліку адносна рэйтынгу патэнцыйных кандыдатаў?

    «Гэтае пытаньне ўзьнікае рэгулярна падчас перадвыбарчых кампаній. З 2002 году існуе Камісія па апытаньнях грамадзкай думкі. Сэнс камісіі ў ацэнцы прафэсіяналізму арганізацый, якія прэтэндуюць на апытаньні грамадзкай думкі і іх публікацыю. Камісія нікому нічога ня можа забараніць, гэта кансультатыўны орган і дарадчы.

    Гэта не маё рашэньне як дырэктара, у камісіі зьбіраецца 15 чалавек і рашэньне прымаецца калегіяльна. Што было ў гэтым выпадку? Тут пытаньне насамрэч вельмі складанае. Ёсьць заканадаўства і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Там ёсьць артыкулы, прысьвечаныя апытаньням грамадзкай думкі. Камісія пры Акадэміі навук дае экспэртызу, яна нічога ня можа забараніць, гэта не ўваходзіць у яе кампэтэнцыю», — сказаў Коршунаў.

    Дык як ставіцца камісія да такіх апытаньняў, якія праводзяць СМІ?

    «Камісія ня можа вызначаць праваздольнасьць арганізацый — могуць яны нешта рабіць ці не. Мы працуем строга па законе. Паводле заканадаўства арганізацыі, якія хочуць праводзіць дасьледаваньні грамадзка-палітычнай сытуацыі і публікаваць вынікі, павінны прайсьці акрэдытацыю ў Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры НАН. Камісія робіць гэтую акрэдытацыю і адсочвае навуковы ўзровень, навуковую абгрунтаванасьць мэтодык (а ня дадзеных), па якіх дасьледаваньні праводзіліся. Усё астатняе не ўваходзіць у круг кампэтэнцыі камісіі».

     

    Аднак СМІ, якія праводзяць такія апытаньні, пазначаюць, што гэта не сацыялягічныя дасьледаваньні?

    «Прашу зразумець правільна: законы пішам ня мы. Мы законы выконваем. У заканадаўстве словазлучэньне „сацыялягічныя дасьледаваньні“ адсутнічае. Там ёсьць словазлучэньне „апытаньні грамадзкай думкі“. Тут ёсьць мэтадычны нюанс. Нюанс у тым, што дакладна не прапісана, што такое „апытаньне грамадзкай думкі“.

    З навуковага гледзішча тэарэтычна можна аднесьці онлайн-апытаньні, як гэта робяць на онлайн-пляцоўках, да дасьледаваньняў грамадзкай думкі. Гэта з аднаго боку. З другога боку, безумоўна, такога кшталту мерапрыемствы ня могуць прэтэндаваць на навуковасьць. І назваць іх сацыялягічнымі дасьледаваньнямі нельга. Калізія, разумееце? Камісія і Інстытут сацыялёгіі ня могуць трактаваць нормы закону. Мы можам выказаць сваю думку з навуковага гледзішча».

     

    То бок СМІ могуць зьвярнуцца ў камісію, каб атрымаць акрэдытацыю для правядзеньня апытаньняў?

    «У дзейным заканадаўстве ніякіх абмежаваньняў для таго, каб зьвярнуцца ў камісію па акрэдытацыю, няма. Зьбіраем дакумэнты, выконваем прапісаныя патрабаваньні, напрыклад адносна наяўнасьці сацыёлягаў, і калі ласка. За мінулыя гады ніякіх такіх зваротаў ад СМІ ў камісію не было».

    Беларускім мэдыя забаранілі праводзіць онлайн-апытаньні чытацкай аўдыторыі пра рэйтынг прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах. Міністэрства інфармацыі сабрала рэдактараў некаторых СМІ і дало зразумець, што калі яны будуць працягваць такую дзейнасьць, то могуць атрымаць штрафы згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а гэта каля ста базавых велічыняў. Паводле онлайн-апытаньняў на сайтах nn.by, tut.by, за Аляксандра Лукашэнку галасавалі толькі 3–6%, а за Віктара Бабарыку 50–55%.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці