YouTube выдаліў выпуск праекта «О(б)суждаем» па ініцыятыве «Беларусьфільма»
З YouTube-канала праекта «О(б)суждаем» знік выпуск, у якім абмяркоўваўся фільм «Класная» «Беларусьфільма». Пра гэта паведаміў у Instagram беларускі журналіст і вядоўца шоў Іван Прус.

Фота: Instagram Івана Пруса
Журналіст адзначыў, што выпуск схавалі не ўладальнікі канала, а «Беларусьфільм».
«Мацёрыя беларускія кіношнікі не вынеслі сваіх пачуццяў, выкліканых нашым разборам, і кінулі страйк. Вынік — відэа выдаленае».
Іван Прус піша, што будзе змагацца за лёс гэтага выпуску, але не ўпэўнены ў станоўчым выніку.
«Так ці інакш, мы не маркоцімся, бо мы ведаем, што выпуск вы запомнілі — і мы яго памятаем. Цяпер — як адзін з лепшых. Магчыма, пасмяротна», — дадае Прус.
Праект «О(б)суждаем», які вядуць два беларускія журналісты — Іван Прус і Глеб Сямёнаў, пазіцыянуецца як шоў, у якім абмяркоўваюць «крынжовыя гісторыі».
Фільм «Класная» — новая стужка «Беларусьфільма» пра жыццё маладой настаўніцы ў правінцыі. Працу над ёй курыравала Міністэрства адукацыі, маючы на мэце стварыць ідэалагічны праект па папулярызацыі прафесіі педагога.
@bajmedia