• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Юлія Сівец: З кожным годам працаваць у незалежнай прэсе робіцца цяжэй

    Журналістка Юлія Сівец у дзяцінстве марыла абраць прафесію навукоўца. Потым — амбасадара. У выніку стала прадстаўніком і голасам незвычайных людзей з цікавым лёсам.

    Да любой справы Юлія з дзяцінства мела сур’ёзны падыход (нездарма хацела быць навукоўцам). Таму, калі вызначылася ў 12 гадоў з «жыццёвай місіяй», паглядзеўшы даволі-такі легкаважны фільм пра журналістаў, вырашыла «навучыцца пісаць».

    «На той момант у мяне яшчэ кепска атрымлівалася пісаць сачыненні, але, паколькі я ўжо вырашыла быць журналісткай, то сядзела па-за школай, рабіла свае нататкі, апісвала захады сонца, фіксавала свае думкі, вучылася іх выказваць. Бацькам агучыла ідэю быць журналістам у 9 класе, яны былі не супраць. А вось сяброўка маці катэгарычна сказала, што нічога ў мяне не атрымаецца — маўляў, трэба было ў газетах друкавацца з дзяцінства. У мяне ж сапраўды не было ніякіх публікацый, я вельмі перажывала на гэты конт. У той час ніхто не ведаў, што сапраўдная праца будзе складацца з розных цяжкасцяў, як гэта ёсць цяпер  — папярэджанні, суды, праблемы з акрэдытацыяй, нежаданне афіцыйных асобаў даваць каментары… Тады яшчэ інтэрнэтам не карысталіся шырока, а «Радыё Свабода» слухалі адзінкі. У Гомелі не было незалежных газет. Таму бацькам падавалася, што журналістыка — гэта нармалёвая спакойная прэстыжная праца, як гэта было прынята ў Савецкім Саюзе», — узгадвае журналістка.

    Пасля сканчэння абласнога ліцэю Юлія пачала друкавацца ў мясцовых выданнях і паступіла на філфак, у групу з журналісцкай спецыялізацыяй. Але больш вучылася журналістыцы падчас практыкі і разнастайных трэнінгаў, якія ладзілі недзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, “Грамадзянскія ініцыятывы” на той момант адкрылі школу для маладых журналістаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Шкута. Спачатку, паводле яго ідэі, існавалі журналісцкія класы ў сярэдняй школе №44, потым з палітычных прычын класы ліквідавалі, і тая моладзь, што хацела вучыцца сапраўднай журналістыцы, перабралася разам са сваім настаўнікам у памяшканне грамадскага цэнтра.

    Потым быў час, калі дзяўчына сышла ў грамадскую дзейнасць, трапіла ў моладзевую арганізацыю «Талака» – спрабавала сябе як прэс-сакратар. Інфармавала мясцовыя СМІ пра тое, што адбываецца ў краязнаўчай арганізацыі.

    “Інтэрнэт быў не ва ўсіх, таму хадзіла ўсюды ножкамі, разносіла прэсавыя рэлізы. Не ўяўляю, каб цяпер прэс-сакратары хадзілі па рэдакцыях! На тыя часы матэрыялы пра дзейнасць «Талакі» нармальна прымалі і друкавалі ў «Гомельскай праўдзе» і «Гомельскіх ведамасцях»”, — дадае суразмоўца.

    На першым курсе яна працавала на гомельскім гарадскім радыё па-за штатам, але там беларуская мова была не запатрабаваная. «Мы рабілі гістарычную праграму, і праца была адметная тым, што мы запісвалі ўсё на бабінах. Калі робіш памылку, бабіна спыняецца, рэжацца нажніцамі і склейваецца. У FM-эфір нас не пускалі, бо праграма была беларускамоўная, і нас можна было слухаць толькі праз правадное радыё. Затое цэнзуры ніякай не было: я распавядала і пра ВКЛ, і пра Дзень волі», — адзначае Юлія.

    Працавала і карэспандэнтам Асамблеі няўрадавых арганізацый па Гомельскай вобласці. Тут таксама былі вясёлыя моманты. Трэба было даваць навіны на сайт Асамблеі двойчы на тыдзень — пра тое, чым займаюцца мясцовыя арганізацыі. Тэлефанавала ў далёкія ад Гомеля раёны і чула: «Якія навіны? У нас зараз жніво!»

    Былі і сур’ёзныя непрыемнасці — у 2006 годзе за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Юлія Сівец атрымала папярэджанне за тое, што займалася журналісцкай школай у моладзевым цэнтры «Гарт». Пазней, у час працы на «Радыё Рацыя», атрымала разам з мужам яшчэ адно «афіцыйнае папярэджанне» — за прафесійную працу «без акрэдытацыі».

    Найлепшай сваёй журналісцкай практыкай Юлія лічыць працу на «Беларускім партызане» пасля сканчэння ВНУ. Потым — праца на «Радыё Рацыя», ад самага яго пачатку і да сёння. Але перад гэтым давялося вырашаць пытанне з размеркаваннем пасля вучобы. «У 2003–2004 г.г. я актыўна займалася грамадскай дзейнасцю ў Гомелі, у тым ліку была адміністратарам моладзевага цэнтра «Гарт», таму мяне вырашылі пакараць і «адправіць у ссылку» — размеркаваць у Жлобінскі раён. Спачатку разам з усёй групай размеркавалі ў Гомель, а потым рэзка пераразмеркавалі, хаця месцаў хапала і ў абласным цэнтры. Прапанавалі некалькі варыянтаў, але Жлобінскі раён быў самым блізкім. Калі я туды прыехала, у райвыканкаме трэба было пісаць заяву з радкамі «Прашу накіраваць мяне на працу». Я казала, што не прашу такой працы і не буду пісаць, хаця мяне і пераконвалі, што гэта проста фармальнасць», — са смехам узгадвае Юля.

    У выніку восенню 2005 яна адпрацавала настаўніцай у вёсцы Кірава два месяцы. І называе гэта «самай вялікай трагедыяй у жыцці». «Мала сказаць, што мне там не падабалася. Асабліва калі я пачула, што ўвосень туды нават не даходзяць машыны. Вырашыла ўцякаць і паступіла ў магістратуру. Дзякуй Богу, на той момант было прапісана ў законе аб адукацыі, што калі чалавек паступае вучыцца далей, то вызваляецца ад размеркавання. Мне пачалі пярэчыць, што магістратура — гэта не другая вышэйшая адукацыя і нават не аспірантура, але ў законе пра гэта не было сказала. Не было прапісана нічога і наконт месца навучання. Таму я паступіла на паліталогію ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які на той момант ужо пераехаў у Літву», — гаворыць журналістка.

    Пра вёску Кірава, куды не даходзіў транспарт у дрэннае надвор’е і дзе гаспадар дома, які арандавалі маладыя настаўніцы, прыходзіў п’яны і развальваўся ў фатэлі, каб паглядзець тэлевізар, Юлія захавала мала цёплых успамінаў, і пераканалася, што размеркаванне — зло, чалавек мусіць сам шукаць сабе працу і рабіць свядомы выбар.

    У дзяржаўных выданнях працаваць не хацелася, ужо тады цэнзура касіла творчасць і прафесійны рост пад корань. Папрацаваўшы месяц на абласным радыё, журналістка пераканалася, што пісаць пад дыктоўку і ўнутрана «фільтраваць базар», каб не праскочылі якія «вольнасці» — не яе справа дакладна.

    Юлія лічыць, што працаваць з кожным годам у незалежным выданні робіцца цяжэй. Калі яна толькі пачала займацца журналістыкай, і працавала ў 2003‑м годзе ў часопісе Асамблеі НДА, то без пасведчання і акрэдытацыі мела магчымасць звяртацца ў аблвыканкам па каментары. Цяпер жа туды і з пасведчаннем не ўсе змогуць патрапіць далей міліцыянера на вахце — варце спакою «народных служак», надзейна абароненых ад народу.

    «Калі займаешся нейкай тэмай, чыноўнікі абсалютна не даюць каментароў. І нават выкладчыкі ў родным універсітэце не ўсе размаўляюць — толькі самыя смелыя. У міліцыі нават статыстыкі пра флікеры немагчыма атрымаць. Асобная размова — апытанне на вуліцах. Я, калі шчыра, не вельмі люблю рабіць апытанкі, бо нашы людзі часта адразу пачынаюць махаць рукамі, нібы ты ў іх просіш грошы. Многія ўвогуле паводзяць сябе нахабна. Аднойчы нейкі хлопец адказаў: я не буду даваць каментары такім СМІ! Якім «такім» — так і не агучыў. Відаць, меў на ўвазе беларускамоўныя СМІ. Хтосьці пачынае пытаць, ці маем дазвол, нібы мы апытваем міністраў нейкіх», — здзіўляецца журналістка.

    Журналістыка – не тая сфера, куды ідуць толькі зарабіць грошы. Незалежная журналістыка ў Беларусі — гэта яшчэ і пераслед з боку ўладаў, ці, як мінімум, стварэнне імі шэрагу нязручнасцяў.

    Але…

    «Мая настаўніца неяк сказала мне: калі вы працуеце ў незалежным выданні, то, напэўна, добра спіце. Сапраўды, пакуты сумлення мяне не мучаць. Хаця часам задумваюся пра тое, што я раблю ў гэтай краіне? Бо вучылася і ў ЕГУ, і пры Варшаўскім універсітэце. Многія пытаюцца, чаму мы з мужам не засталіся ў Еўропе? Гэта гучыць банальна, але тут наша Радзіма. Хоць журналісцкая работа — гэта рамесніцтва, але бываюць моманты, калі праца прыносіць маральнае задавальненне: калі атрымліваецца добры матэрыял, калі бачыш, што твая праца людзям падабаецца. Часам проста атрымліваеш энергію ад добрага суразмоўцы, таксама плюс працы — знаёмства з многімі цікавымі людзьмі і месцамі Гомельшчыны. Яшчэ станоўчы момант — ты сам сабе гаспадар. Адзінае патрабаванне — якасны прафесійны матэрыял. І, канешне, адсутнасць цэнзуры, узаемапавага ў дачыненнях з начальствам. І ёсць надзея на перамены, што таксама важна», — пералічыла перавагі сваёй прафесіі Юлія.

    Даведка

     У 2012 годзе Мікола Бянько і Юлія Сівец знялі фільм пра горад над Сожам «Гомель, у якім жывём МЫ». Мэта праекту — зрабіць пазітыўны фільм пра горад са своеасаблівай гісторыяй, адметнасцямі, з мноствам цікавых таленавітых людзей.

    У 2013 годзе журналісты «Радыё Рацыя» Юлія Сівец і Мікола Бянько былі ўзнагароджаны дыпломамі «За вернасць прафесіі». Прэмію заснавалі гомельскія сябры ГА «БАЖ» у памяць пра рэдактара і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. Прэмію даюць тым журналістам, якія, нягледзячы на перашкоды, працягваюць сваю дзейнасць.

    У 2013 годзе журналісты пачалі стварэнне першага рэгіянальнага інтэрнэт-тэлебачання. Праграма «Гомель offline» знаёміла гледачоў з цікавымі героямі, навінамі з жыцця грамадзянскай супольнасці горада, праблемамі горада над Сожам. Праграма атрымалася паспяховай і была даволі прыязна ўспрынята карыстальнікамі Сеціва, пра што сведчаць тысячныя прагляды.

    У 2015 годзе Мікола і Юлія пачалі весці курсы «Мова Нанова».

    А ў кароткіх перапынках паміж паездкамі па вобласці, запісам праграм, “рэзаннем гуку” і стварэннем рэпартажаў, курсамі і праектамі, ім яшчэ ўдаецца будаваць дом і выхоўваць сына Стаса.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці