• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Забясьпечваць цішыню

    На мінулым тыдні беларускія мэдыі ці то з прычыны зьбегу абставін, ці то «пад ціскам» самой рэчаіснасьці падалі некалькі сюжэтаў на адну і тую жа тэму — доступ да інфармацыі ды права гэтую інфармацыю распаўсюджваць. Зьдзівіла сыстэмнасьць ды разнастайнасьць сродкаў, якімі ад гэтага права адлучаюць як журналістаў, так і звычайных грамадзянаў.

    «Народная воля» (ад 10.03.08) падала інфармацыю пра тое, што за «незаконныя» здымкі дзейнасьці мусульманскай абшчыны ў Берасьці былі затрыманыя колькі асобаў. У выніку рэпарцёры правялі ў пастарунку 5 гадзін, а супрацоўнікі ідэалягічнага ды іншых аддзелаў аблвыканкаму каля гадзіны цікавіліся, дзеля чаго і па чыёй замове тыя здымалі матэрыял. Камэнтар праваабаронцы Уладзіміра Вялічкі: «Это абсурдная ситуация. Абсолютно неправомерные действия сотрудников милиции, начиная от задержания до пяти (!) часов и заканчивая составлением протокола». 

    Двума днямі пазьней тэндэнцыю караць за распаўсюд інфармацыі «па ўсёй строгасьці закона» прасьвятліў адказ сп. А. Зімоўскага прадпрымальнікам, якія зьвярнуліся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі з просьбай аб прадстаўленьні простага этэру на тэлебачаньні. Вядома, прадпрымальнікам адмовілі. Але самае цікавае ня гэта, а тыя санкцыі ды жахі перасьледу, якія могуць чакаць усіх, хто пажадае проста так зьявіцца на тэлеэкране. Цытата: «Ваша прыватная просьба аб прадастаўленьні простага этэру супярэчыць артыкулу 48 закону „Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі“. У гэтай сувязі Белтэлерадыёкампанія папярэджвае, што Вы можаце быць прыцягнутыя да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай, крымінальнай ці іншай адказнасьці ў адпаведнасьці з законам РБ». (Падкрэсьлена мною — А. А.) 

    Ці варта тады зьдзіўляцца зьместу дакладу Дзярждэпа ЗША, інфармацыя пра які зьявілася ў гэты ж дзень? Беларусь фігуруе ў ім у якасьці аднаго зь лідэраў-парушальнікаў правоў чалавека ў сьвеце, у тым ліку і права на свабодны доступ да інфармацыі. 

    Зьвернемся, аднак, да яшчэ да аднаго сюжэту, які вядомы над назвай «жывы шчыт». Інцыдэнт адбыўся 2 сакавіка, а інфармацыя пра яго зьявілася 11 сакавіка. Як напісала газэта «Автобизнес-Week­ly», «Чтобы остановить пьяного водителя, несущегося со скоростью 180 км/ч, инспекторы перегородили дорогу легковыми автомобилями с людьми».

    Рэакцыя кампэтэнтных асобаў на публікацыю нагадвае адказ сп. Зімоўскага прадпрымальнікам. На прэс-канфэрэнцыі 12 сакавіка Ігар Ваніцкі, намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі дзеянні сваіх супрацоўнікаў ацаніў як слушныя.

    А сп. Ул. Навумаў, хоць і дапусьціў магчымасьць сытуацыі такой, якой яна была апісана ў мэдыях, аднак ня выключыў недабрасумленнасьці аднаго са сьведкаў інцыдэнту, які, паводле яго словаў, стаўся «одним из инициаторов „слива“ в СМИ информации о происшествии в соответствующей интерпретации» («СБ» ад 13 сакавіка 2008 г.). 

    Гэткім чынам, праблема — гэта яшчэ і «зьліў» інфармацыі, якім у нас пачалі займацца ўжо і асобныя грамадзяне. 

    Зьдзіўляе, аднак, вось што: а чаму ў беларускіх мэдыях інфармацыя пра жахлівы інцэдэнт зьявілася толькі праз 9 дзён? Ці магчыма сабе такое ўявіць у Польшчы, Францыі ці ва Ўкраіне?

    А можа быць, усё значна прасьцей? Можа быць, сутнасьць справы ў тым, каб было ціха? І тады ў краіне нібыта нічога не адбываецца. А адна з функцыяў спэцыяльна прызначаных асобаў (няважна, дзе яны працуюць — на дзяржтэлерадыё ці ў ідэалягічных аддзелах) палягае ў тым, каб забясьпечваць цішыню.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці