• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Закратаваны юбілей. Пра гонар быць сябрам і калегам Андрэя Аляксандрава

    27 студзеня свой 45-гадовы юбілей адзначае палітвязень, адзін з экс-кіраўнікоў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэй Аляксандраў. Трэці запар дзень нараджэння за кратамі. Агулам жа рэпрэсіўная сістэма вырашыла, што выйсці на волю ён мусіць толькі пад наступленне пенсійнага ўзросту.  

    Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазней удасканальваўся за мяжой. Журналісцкую кар’еру пачынаў у наваполацкай газеце “Хімік”, а дарос да намесніка дырэктара агенцтва БелаПАН. У 2009–2012 быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў.  

    Ад магістранта Вэстмінстэрскага ўніверсітэта – да вязня “Валадаркі” 

    Атрымаў Андрэй Аляксандраў і багаты міжнародны досвед: мае ступень магістра медыяменеджменту Вэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане, працаваў у праваабарончых арганізацыях Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Нягледзячы на прывабныя перспектывы за мяжой, вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, затым перайшоў на дамову як медыякансультант.  

    Нарэшце з’явіўся час засяродзіцца на асабістым жыцці – рыхтаваліся ўзаконіць адносіны з Ірынай Злобінай, выпускніцай факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. На той момант яна развівала ўласны бізнес — краму кветак, заняткі па фларыстыцы.  

    Усё ў адзін момант рухнула, калі пасля пратэснага 2020-га рэжым Лукашэнкі абвясціў, без перабольшання, вайну СМІ і грамадзянскай супольнасці.

    Разгром незалежных медыяў суправаджаўся рандомнымі затрыманнямі, у тым віры апынуліся як дзейныя, так і былыя кіраўнікі БелаПАН. На пачатку студзеня 2021 года “за падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках” (так класіфікавалі дапамогу з аплатай штрафаў пацярпелым ад гвалту сілавікоў) схапілі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну. У жніўні іх лёс падзялілі Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў.       

    Больш падобна на кінасцэнар, але прыспешыць стварэнне сям’і давялося ўжо за кратамі. Калі абодва апынуліся ў СІЗА №1 і атрымалі ў нагрузку крымінальны артыкул “здрада дзяржаве”, Андрэй Аляксандраў зрабіў Ірыне Злобінай прапанову. Аднак паколькі праходзілі па адной справе і нельга было сустракацца, каб не спланаваць “сцэнар паводзінаў”, шлюб увесь час адкладаўся. Толькі летась 1 верасня Дэпартамент выканання пакаранняў МУС дазволіў ім афіцыйна стаць мужам і жонкай.  

    А яшчэ праз месяц суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме агучыў тэрміны пакарання для абвінавачаных па “справе БелаПАН”. Андрэй Аляксандраў “зарабіў” найбольшы тэрмін – 14 гадоў калоніі, Ірына Злобіна – 9 гадоў, Дзмітрый Наважылаў – 6 гадоў, Ірына Леўшына – 4 гады. Спробы абскардзіць невытлумачальныя па сваёй жорсткасці прысуды ў Вярхоўным судзе плёну не мелі. 

    Паліфанічны талент — максімальна ёмістае апісанне здольнасцяў

    Калі сцісла паспрабаваць апісаць Андрэя Аляксандрава — гэта чалавек-аркестр, таленавіты ва ўсім, чым бы ні займаўся, гаворыць ягоны сябра, журналіст Кастусь Лашкевіч. 10 гадоў таму яны разам навучаліся ў магістратурах Лондана і жылі на поўначы мегаполіса пры Беларускім культурным і рэлігійным цэнтры. Установай улучна з багатай бібліятэкай кіраваў, а таксама служыў у тамтэйшай царкве адзін з найбольш вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі Аляксандр Надсан, грэка-каталіцкі святар і апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.  

    “У нашым будынку стаяў стары раяль, да якога ніхто даўно не дакранаўся. Неяк Андрэй сеў за яго і пачаў наігрываць класіку. Іншым разам — нешта з улюбёнага Depeche Mode. «Ты вучыўся граць, ведаеш ноты? — не вытрымаў я. — Ды не, падбіраю нешта». Аднойчы з таго пакоя паплылі гукі вельмі прыгожай мелодыі. Нешта ў стылістыцы Марыконе. Узрушаны пачутым, я збег з другога паверху, каб спытаць, чый гэта рэпертуар. «Ды нічый, гэта я сам прыдумаў», — спакойна адказаў Андрэй. Пазней ён нават набыў нават невялікі сінтэзатар і рэгулярна музыцыраваў”, — згадвае Кастусь Лашкевіч.

    Акрамя таго, дасканалае валоданне англійскай мовай дазваляла эксперыментаваць з перакладамі на беларускую. Прычым сам Андрэй Аляксандраў ніколі сваімі талентамі не кічыўся, успрымаючы гэта як “звычайную рэч”.     

    “Спалучэнне тонкага адчування музыкі і паэтычны талент (Андрэй піша вершы яшчэ са студэнцкіх гадоў) — і ўсё гэта ў фармаце хобі, забавы ў вольны час — уражвалі».

    «Ён мог за ноч, дзеля інтарэсу, перакласці на беларускую хіт ірландска-шатландскага гурта Snow Patrol «Chas­ing Cars». Ды так, што здавалася, нібыта гэтую кампазіцыю ад пачатку стварылі па-беларуску. Ці напісаць пранікнёны верш «Пакіньце мне права», на які ўкраінскі гурт «Колір» стварыў кранальную песню «Застацца сабой», якая ёсць своеасаблівым жыццёвым маніфестам Аляксандрава”.

    Ужо за турэмнымі мурамі «Валадаркі» футбольны заўзятар і прыхільнік уганараванай англійскай каманды «Ліверпуль» Андрэй Аляксандраў перастварыў на беларускую мову клубны гімн You’ll Nev­er Walk Alone:

    Калі пойдзеш праз шторм,
    не схіляй галавы
    і не бойся ты цемры, сябрук!
    Ведай: скончыцца шторм,
    свежы неба блакіт
    ахіне сваёй песняй жаўрук.

    ***

    Ідзі праз вятры
    да святла цераз нос,
    не спыняй свайго сэрца, ідзі!
    З надзеяй у душы
    годна з мараю кроч —
    Ты ніколі не будзеш адзін!
    Ніколі не будзеш адзін.

    Паліфанічны талент — гэта максімальна ёмістае і дакладнае апісанне здольнасцяў Андрэя Аляксандрава, кажа Кастусь Лашкевіч. 

    “Ягоная надзвычайная эрудыцыя, адукаванасць, тонкі гумар і эмпатыя не пакідалі абыякавым нікога. Ён мог у даверлівай абстаноўцы абмяркоўваць гатункі аднасоладавага віскі з легендарным айцом Аляксандрам Надсанам ці расказваць заходнім палітыкам пра сітуацыю са СМІ і правамі чалавека ў Беларусі. Гатаваць выкшталцоныя стравы і быць душой любой інтэрнацыянальнай кампаніі. Кінуць усё ды паехаць са спакойнага Лондана ў ахоплены вайной Данбас — здымаць дакументальнае кіно і падтрымаць украінскіх сяброў. І выйсці з кветкамі на вуліцы Мінска ў жніўні 2020-га, а затым дапамагаць сотням пацярпелых…”

    Кажуць, Андрэй Аляксандраў і за кратамі працягвае заставацца сабой: мае павагу з двух бакоў турэмнай камеры, вырашае і дапамагае, весяліць і дае надзею — і тым, хто там з ім, і тым, хто тут, у чаканні яго, падсумоўвае Кастусь Лашкевіч.

    Адданасць журналісцкай місіі у любых жыццёвых абставінах

    Журналіст Дзмітрый Яненка пазнаёміўся з Андрэем Аляксандравым яшчэ ў бытнасць газеты «Товарищ» — той неяк наведаўся ў рэдакцыю ў рангу аднаго з кіраўнікоў БАЖ. Адзіных нефармальных пасядзелак аказалася дастаткова, каб зразумець: гэта чалавек мэты, якія вырашае пастаўленыя задачы розумам і інтэлектам.

    “Так завязалася наша знаёмства, якое за кароткі час перарасло ў  сяброўства. За наступны час я ніводнага разу не бачыў у яго паводзінах пазёрства, спробы спадабацца. Андрэй насамрэч моцны медыяменеджар. Разам мы працавалі над некалькімі журналісцкімі праектамі. Што самае важнае, ён ніколі не змешваў асабістае з працай. У рабочых момантах маглі спрачацца, у тым ліку на падвышаных танах, часам у выглядзе «спецый» ненарматыўнай лексікай. Але ніколі не было пераходу на асобы, дзелавыя спрэчкі не ўплывалі на сяброўства”, — згадвае Дзмітрый Яненка.

    Падчас брытанскай “магістарскай камандзіроўкі”, пра якую падрабязна згадваў Кастусь Лашкевіч, Андрэй Аляксандраў запрашаў да сябе пагасцяваць і Дзмітрыя Яненку. Але што здзіўляла куды больш, чым звыклая гасціннасць, — ён нідзе і ніколі не забываўся пра сваю журналісцкую місію.   

    “Алімпіяда-2012. Ён якраз у Лондане, а я ў Мінску рэдагую сайт camarade.biz. Андрэй даслаў здымкі, на якіх афіцыйныя асобы беларускай дэлегацыі ходзяць па ювелірных крамах. Гэта было пацешна яшчэ і таму, што медалёвы план, вызначаны Лукашэнкам, быў правалены. Тыя фота потым перадрукавалі многія СМІ, у тым ліку замежныя. І ўсе здзекліва кпілі: «недахоп золата і срэбра спартыўныя чыноўнікі вырашылі папоўніць у краме». Перад публікацыяй я запытаў у Андрэя наконт аўтарства — гэта ж такая журналісцкая ўдача! Ён адмовіўся: маўляў, падпішы “наш карэспандэнт”, хопіць”.

    З цягам часу сяброўства стала сямейным: Андрэй быў на вяселлі ў Дзмітрыя, разам адзначалі дні народзінаў, сустракалі навагоднія святы, выбіраліся ў адпачынкі. Цяпер усе прапушчаныя нагоды давядзецца “даганяць”, — адкідае ўсе сумневы сябра палітвязня.  

    “Ёсць у нас яшчэ адзін агульны сябра — Сяргей Вазняк. У складзе зборнай БАЖ мы ўдзельнічалі ў спартыўных імпрэзах, якія ладзіў Літоўскі саюз журналістаў. Неяк пляцоўкай стала база NATO ў Марыямпалі. Я і Сяргей заявіліся на футбольны турнір варатарамі, Андрэй — на стрытбол. Ужо ў першай сустрэчы з латышамі я атрымаў разрыў крыжападобных звязак калена, а праз 10 хвілін, адбіваючы пенальці, ламае руку Сяргей. Якраз у гэты час Андрэй скончыў кідаць мяч у “кошык” і прыйшоў падтрымаць нас. І што ў выніку? Давялося стаць у вароты! Калі мы вярталіся ў Беларусь (я ў бінтах, Сяргей — у гіпсе), памежнікі на пашпартным кантролі смяяліся: пабітыя, але непераможаныя ўдзельнікі Паралімпіяды”. 

    Ніхто ў здаровым розуме не назаве Андрэя Аляксандрава чалавекам, які здзейсніў нешта неправамернае, за што трэба “судзіць”, падсумоўвае Дзмітрый Яненка.

    Ён перакананы: праўда ў любым выпадку праб’ецца праз “хмары хлусні і несправядлівасці”, а роля Андрэя Аляксандрава, яго жонкі Ірыны Злобінай і тысяч іншых патрыётаў Беларусі будзе ацэнена па іх рэальных заслугах. 

    Найлепшая ўзнагарода плячо сапраўднага сябра ў цяжкі час

    Сяргей Вазняк нават памятае дакладную дату, калі пазнаёміўся з Андрэем Аляксандравым – 26 красавіка 2006 года. Зрэшты, запомніць не асабліва і складана, бо гэта акурат трагічны дзень чарнобыльскай катастрофы. Але для абодвух стаў шчаслівым у адліку сяброўства.

    “Неўзабаве пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў-2006 (Сяргей Вазняк кіраваў прэс-службай кандыдата Аляксандра Мілінкевіча, — БАЖ) паехалі мы вялікай групай у Кіеў на нейкі журналісцкі семінар. Змест самога мерапрыемства не памятаю зусім, а вось жыццесцвярджальную фразу Андрэя, адрасаваную мне, ледзь цягнік крануўся ад мінскага перона, запомніў добра: «Алкагаляваць у дарозе будзем?». Ну, я на такія мэсэджы прывучаны быць спагадным…”, — смяецца Сяргей Вазняк.

    З той кіеўскай паездкі, уласна кажучы, і пасябравалі, працягвае суразмоўца. Тым больш калі ў дадатак высветлілася, што абодва — проста апантаныя футбольныя заўзятары.

    “Андрэй — неверагодны сябра. Не шмат я сустракаў у жыцці людзей, з якімі было б так камфортна мець зносіны. Яго інтэлект, тонкі гумар, пастаянны аптымізм не перастаюць здзіўляць. У самыя складаныя моманты майго жыцця ён быў побач і рабіў усё, каб дапамагчы. Так, 31 снежня 2010-га выстаяў шматгадзінную чаргу да акенца СІЗА КДБ («Амерыканка»), каб перадаць сябру-арыштанту навагоднюю пасылачку. А прыём якраз на ім і скончыўся. Доўга ўпрошваў прапаршчыка зрабіць паблажку, а потым мне расказваў, як плакаў, што нічога не атрымалася”.

    А яшчэ было 5 студзеня 2012 года, калі сын Сяргея Вазняка патрапіў у жудаснае ДТЗ. Цяжкая траўма, кома, рэанімацыя. Андрэй Аляксандраў прымчаўся адразу ж, пасярод ночы.

    “Абціраў мне слёзы і соплі, а пасля вываліў кучу сваіх грошай са словамі: «Аддасі, калі Лёшку твайго выцягнем…». Мне яго вельмі не хапае гэтыя два турэмныя гады. Перапісваліся, пакуль дазвалялі, а зараз ужо і лісты не даходзяць. Але 27 студзеня абавязкова буду “алкагаляваць” за ягоныя 45 — у надзеі, што неўзабаве ўсё зменіцца да лепшага”, — не страчвае аптымізму Сяргей Вазняк.

    Па злой іроніі лёсу, цяпер былы палітзняволены і сябра Андрэя Аляксандрава сам займаецца тым, што збірае турэмныя пасылкі для новага “закладніка” дыктатуры Лукашэнкі…     

    Александров Андрей Валерьевич —ИК № 1. 211440, г. Новополоцк, ул. Техническая, 8.

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

    Чытайце яшчэ: 

    “Каждая история политзаключенного достойна быть услышанной”. Разговор с Politzek.me о значении проекта

    Смертельный год для журналистов: в 2022 году резко выросло количество убийств

    У падтрымку Андрэя Аляксандрава BYSOL разыграе арыгінальную футболку “Ліверпуля”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці