• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зашквар для бізнес-клімату і пагроза інфапрасторы: эксперты пра «справу TUT.BY”

    Раніцай 18 траўня прайшлі ператрусы ў рэдакцыі TUT.BY і ў некаторых супрацоўнікаў партала. Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што гэта звязана з крымінальнай справай у дачыненні да службовых асоб ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

    Нягледзячы на працэдуры адбору рэзідэнтаў ПВТ, якім ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" было да 18 траўня, і ўнутраны кантроль адміністрацыі, супрацоўнікі ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" абвінавачваюцца ў тым, што незаконна выкарыстоўвалі льготы парка. ДФР прыйшоў і ў AV.BY, які таксама з'яўляўся рэзідэнтам ПВТ.

    Еўрарадыё даведалася, чым такая сітуацыя пагражае бізнесу і грамадству.

    Падчас ператрусу дзверы офіса TUT.BY былі завешаныя чорным поліэтыленам / «Еўрарадыё»

    Адміністрацыя ПВТ не стала вырашаць пытанне з TUT.BY

    Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў адзначае, што крымінальны пераслед ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» і іншых кампаній яшчэ раз прымусіць задумацца бягучых і патэнцыйных рэзідэнтаў ПВТ, ці вартыя хоць чагосьці льготы парка.

    — Гэта ж не першы і нават не дзясяты званочак. Тыя, хто цяпер засталіся тут працаваць, усведамляюць рызыкі, а тыя, у каго была магчымасць гэтымі рызыкамі не тлуміць сабе галаву, даўно не карыстаюцца беларускай юрысдыкцыяй і не адкрываюць тут бізнесаў.

    Суразмоўца падкрэслівае, што такое стаўленне да бізнесу — праблема не толькі ПВТ, але і ўсёй краіны.

    — Замест таго каб адміністрацыя ПВТ стала вырашаць пытанне з TUT.BY, прыходзіць ДФР, людзей арыштоўваюць або без папярэджання зацягваюць на допыт — гэта, вядома, праблема. Для сусветнай супольнасці — непрымальная практыка рашэння гаспадарчага або падатковага дыспуту. Гэта абсалютны зашквар і яшчэ раз гаворыць пра тое, што тут весці справы занадта рызыкоўна.

    “Калі патрэбныя грошы, могуць прыйсці да любога”

    Прадказаць, як бізнес і інвестары адрэагуюць на крымінальную справу ў дачыненні да рэзідэнтаў ПВТ, складана, кажа старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

    — Нічога новага пра беларускі бізнес-клімат мы не даведаліся. Любы бізнес можа быць ліквідаваны. Любому могуць быць прад’яўленыя надуманыя падатковыя прэтэнзіі. Дастаткова ўспомніць справу Белгазпрамбанка, які праходзіў праверкі Нацбанка, а потым раптам з’явіліся парушэнні. Тыя, хто ведаюць нашу гісторыю, не павінны моцна здзіўляцца. Гэта тычыцца і інвестараў.

    Па словах аналітыка, інвестары, заходзячы на беларускі рынак, не столькі пераацэньваюць наш бізнес-клімат, колькі разлічваюць, што іх рызыкі не закрануць.

    — Яны зыходзяць з ідэі: «А нас-та за што». Справа ў тым, што калі бюджэту вельмі моцна патрэбныя грошы — а гэты момант ужо наступіў, — то могуць прыйсці да любога бізнесу. Асаблівых прычын і падстаў не трэба. Можа быць, для нас гэта гучная навіна, таму што гэта закранула найбуйнейшае незалежнае СМІ. Але тэхніка адкатаная — і маштаб нічога не вырашае, — працягвае Вадзім Іосуб.

    Нават калі цяпер рэзідэнты пачнуць выходзіць з ПВТ, цалкам магчыма, што іх месца зоймуць іншыя, не выключае эксперт.

    — Бізнес бізнесу не роўны: гэта можа быць прыватны незалежны бізнес або звязаны з дзяржавай і набліжанымі фігурамі. Можа, на кожную фірму, што сышла з ПВТ, знойдуць дзве з патрэбнымі людзьмі і з патрэбнымі заснавальнікамі, якія будуць папаўняць шэрагі ПВТ.

    Пра апошнія падзеі выказаўся таксама ваенны эксперт Ягор Лебядок. На яго думку, TUT.BY — «бар’ер на шляху расійскага кантэнту ў галовы беларусаў».

    — Для Лукашэнкі зачыстка такога роду СМІ — гэта ўтрыманне ўлады ад крытыкі, у тым ліку і ў кантэксце магчымых палітычных кампаній па Канстытуцыі (што і для Расіі, верагодна, патрэба). Для Пуціна — гэта зачыстка беларускай інфармацыйнай прасторы ад усяго беларускага з прасоўваннем расійскага парадку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці