Брэсцкі абласны суд завочна прыгаварыў да зняволення ўдзельнікаў праекта «Рудабельская паказуха»
Блогераў Андрэя Павука і Вольгу Павук прызналі кіраўнікамі «экстрэмісцкага фарміравання» — аўтарскага праекта «Рудабельская паказуха». Таксама за ўдзел у праекце асуджаныя да зняволення оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ілля Салянкоў і музыка Уладзіслаў Наважылаў.
Як паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры Беларусі, суд прызнаў Андрэя Павука і Вольгу Павук вінаватымі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў:
- у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем;
- зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым групай асоб па папярэдняй змове;
- распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы;
- паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў улады;
- незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках;
- садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
- іншых злачынствах.
Па сукупнасці «злачынстваў» блогеру Андрэю Павуку прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 5000 базавых велічынь (200 000 BYN).
Вольгу Павук cуд завочна прыгаварыў да 8 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і прызначыў штраф памерам 2500 базавых велічынь (100 000 BYN).
У межах той самай крымінальнай справы суд Брэсцкай вобласці асудзіў «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні «Рудабельская паказуха» і здзяйсненні ў яго складзе шэрагу злачынстваў» яшчэ трох чалавек. Гэта блогер Ілля Салянкоў, музыка Уладзіслаў Наважылаў і оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.
Супраць Іллі Салянкова і Уладзіслава Наважылава былі высунутыя абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле часткі 3 артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Супраць Маргарыты Ляўчук спецвытворчасць была распачатая паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці, абраза прэзідэнта РБ і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў.
Брэсцкая абласная пракуратура не канкрэтызуе, як яны былі пакараныя персанальна. Але паведамляе, што «ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 8 гадоў са штрафам у памеры ад 500 да 800 базавых велічынь (ад 20 000 да 32 000 BYN).
Асобна паведамляецца, што ў парадку спецыяльнай вытворчасці асуджаны і былы муж Маргарыты Ляўчук, блогер і прадзюсар Аляксандр Чахоўскі. Па абвінавачанні «за абразу прадстаўніка ўлады і здзек з дзяржаўных сімвалаў» яму па сукупнасці злачынстваў прызначанае пакаранне арыштам на 3 месяцы.
«Паколькі абвінавачаныя схаваліся ад правасуддзя, іх крымінальная справа разглядалася ў парадку спецыяльнай вытворчасці», — падкрэслена на сайце ведамства.
Спецвытворчасць у дачыненні Андрэя Павука і Вольгі Павук была распачатая ў сакавіку 2024 года. У справе Андрэя згадваліся 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у справе Вольгі — 8 артыкулаў. Абодвух вінавацілі ў тым ліку за «ўцягненне асобаў у экстрэмісцкую дзейнась альбо іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
Увечары 24 чэрвеня ў рэгіянальных навінах абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст» выйшаў сюжэт пад назвай «Павук у сетках правасуддзя». У ім прапагандысты адзначаюць, што «Андрэй Павук, седзячы за мяжой, даймаў прадстаўнікоў улады і звычайных людзей-патрыётаў, сваімі званкамі». Нібыта блогер гуляў у выкрывальніка і запалохваў адплатай, «як толькі збеглыя вернуцца ў Беларусь».
У сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні публічна дэманстраваліся відэаролікі з YouTube-канала «Рудабельская паказуха», які прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма. Пры гэтым здымкаў з самой судовай залы ў сюжэце няма, а пра вынікі працэсу прапагандыстам паведамляе прадстаўнік абласной пракуратуры Аляксандр Богуш.
Праект «Рудабельская паказуха» — гэта сатырычнае аўтарскае шоў, дзе высмейваюцца нядбайныя дзеянні беларускіх чыноўнікаў і функцыянераў, праз што церпяць простыя грамадзяне. Андрэй Павук, ураджэнец пасёлка Акцябрскі, што на Гомельшчыне, стаў вядомым пранкерам — ён тэлефанаваў да службовых асоб рознага ўзроўню і вымагаў ад іх адказаў на нязручныя пытанні. А затым выкладаў запісы дыялогаў у публічным доступе.
«За публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў, арганізацыю дзейнасці дзеля падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь група грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Рудабельская паказуха», прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем», — пісалі афіцыйныя крыніцы.
Адпаведнае рашэнне 17 траўня 2023 года прыняло Міністэрства ўнутраных спраў, і ў той самы дзень праект разам з афіляванымі з ім сацыяльнымі сеткамі і месенджарамі быў унесены ў Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.