• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкі абласны суд завочна прыгаварыў да зняволення ўдзельнікаў праекта «Рудабельская паказуха»

    Блогераў Андрэя Павука і Вольгу Павук прызналі кіраўнікамі «экстрэмісцкага фарміравання» — аўтарскага праекта «Рудабельская паказуха». Таксама за ўдзел у праекце асуджаныя да зняволення оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ілля Салянкоў і музыка Уладзіслаў Наважылаў.

    Як паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры Беларусі, суд прызнаў Андрэя Павука і Вольгу Павук вінаватымі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў:

    • у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем;
    • зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым групай асоб па папярэдняй змове;
    • распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы;
    • паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
    • публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў улады;
    • незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках;
    • садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
    • іншых злачынствах.

    Па сукупнасці «злачынстваў» блогеру Андрэю Павуку прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 5000 базавых велічынь (200 000 BYN).

    Вольгу Павук cуд завочна прыгаварыў да 8 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і прызначыў штраф памерам 2500 базавых велічынь (100 000 BYN).

    У межах той самай крымінальнай справы суд Брэсцкай вобласці асудзіў «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні «Рудабельская паказуха» і здзяйсненні ў яго складзе шэрагу злачынстваў» яшчэ трох чалавек. Гэта блогер Ілля Салянкоў, музыка Уладзіслаў Наважылаў і оперная спявачка Маргарыта Ляўчук.

    Супраць Іллі Салянкова і Уладзіслава Наважылава былі высунутыя абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле часткі 3 артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

    Супраць Маргарыты Ляўчук спецвытворчасць была распачатая паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці, абраза прэзідэнта РБ і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў.  

    Брэсцкая абласная пракуратура не канкрэтызуе, як яны былі пакараныя персанальна. Але паведамляе, што «ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 8 гадоў са штрафам у памеры ад 500 да 800 базавых велічынь (ад 20 000 да 32 000 BYN).

    Асобна паведамляецца, што ў парадку спецыяльнай вытворчасці асуджаны і былы муж Маргарыты Ляўчук, блогер і прадзюсар Аляксандр Чахоўскі. Па абвінавачанні «за абразу прадстаўніка ўлады і здзек з дзяржаўных сімвалаў» яму па сукупнасці злачынстваў прызначанае пакаранне арыштам на 3 месяцы.

    «Паколькі абвінавачаныя схаваліся ад правасуддзя, іх крымінальная справа разглядалася ў парадку спецыяльнай вытворчасці», — падкрэслена на сайце ведамства.

    Спецвытворчасць у дачыненні Андрэя Павука і Вольгі Павук была распачатая ў сакавіку 2024 года. У справе Андрэя згадваліся 13 артыкулаў  Крымінальнага кодэкса, у справе Вольгі — 8 артыкулаў. Абодвух вінавацілі ў тым ліку за «ўцягненне асобаў у экстрэмісцкую дзейнась альбо іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Увечары 24 чэрвеня ў рэгіянальных навінах абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст» выйшаў сюжэт пад назвай «Павук у сетках правасуддзя». У ім прапагандысты адзначаюць, што «Андрэй Павук, седзячы за мяжой, даймаў прадстаўнікоў улады і звычайных людзей-патрыётаў, сваімі званкамі». Нібыта блогер гуляў у выкрывальніка і запалохваў адплатай, «як толькі збеглыя вернуцца ў Беларусь».

    У сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні публічна дэманстраваліся відэаролікі з YouTube-канала «Рудабельская паказуха», які прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма. Пры гэтым здымкаў з самой судовай залы ў сюжэце няма, а пра вынікі працэсу прапагандыстам паведамляе прадстаўнік абласной пракуратуры Аляксандр Богуш. 

    Праект «Рудабельская паказуха» — гэта сатырычнае аўтарскае шоў, дзе высмейваюцца нядбайныя дзеянні беларускіх чыноўнікаў і функцыянераў, праз што церпяць простыя грамадзяне. Андрэй Павук, ураджэнец пасёлка Акцябрскі, што на Гомельшчыне, стаў вядомым пранкерам — ён тэлефанаваў да службовых асоб рознага ўзроўню і вымагаў ад іх адказаў на нязручныя пытанні. А затым выкладаў запісы дыялогаў у публічным доступе.

    «За публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў, арганізацыю дзейнасці дзеля падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь група грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Рудабельская паказуха», прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем», — пісалі афіцыйныя крыніцы.

    Адпаведнае рашэнне 17 траўня 2023 года прыняло Міністэрства ўнутраных спраў, і ў той самы дзень праект разам з афіляванымі з ім сацыяльнымі сеткамі і месенджарамі быў унесены ў Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці