Збор для маці Кацярыны Ваданосавай сабраны
Тры дні таму BYSOL аб’явіў збор, каб пакрыць выдаткі на медыцынскую дапамогу для маці тэлевядучай. У Нэлі Ваданосавай здарыўся інсульт. З‑за бюракратычнай памылкі жанчына засталася без медычнага забеспячэння. За гэты час беларусы сабралі неабходныя 15 тысяч еўра.

Кацярына Ваданосава з маці. Фота: з асабістага архіва
Тэлевядучая Кацярына Ваданосава паведаміла, што пасля раптоўнага інсульту, які здарыўся 23 снежня, яе маці знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.
На жаль, за апошнія дні стан спадарыні Нэлі мамы не змяніўся.
«Учарашняе радыёлагічнае даследаванне паказала смерць мозгу. Заўтра будуць зробленыя апошнія тэсты: я мала што ў гэтым разумею, але, як мне сказалі, гэта вырашыць, як і калі будуць адключаць апараты жыццезабеспячэння.
Таксама заўтра я мушу нейкім чынам атрымаць хаця б прыкладны рахунак, бо дасюль абсалютна не ведаю, колькі каштуе ўсё тое, што рабілі і робяць лекары», — піша журналістка.
Кацярына Ваданосава падкрэсліла: калі атрымаецца дабіцца ад дзяржавы пакрыцця выдаткаў, усе сабраныя грошы будуць перанакіраваныя на іншыя дабрачынныя мэты.
@bajmedia