• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісцкі форум у Сейме Літвы: пра абарону ад пераследу і давер аўдыторыі

    13 снежня ў Сейме Літоўскай Рэспублікі прайшоў Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў «Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта — падтрымліваць самыя высокія стандарты». Журналісты, медыямэнэджэры і эксперты з краінаў Балтыі і рэлакаваных медыяў сабраліся разам, каб абмеркаваць надзённыя праблемы.

    Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў

    У кулуарах Форума журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Дзяржавам нельга даваць права сачыць за журналістамі

    Падчас першай панэлі прысутныя абмяркоўвалі пытанне свабоды СМІ і абарону журналістаў у краінах Еўрасаюзу. Не абышлі і адну з самых гарачых тэм апошніх гадоў: спікеры шукалі варыянты, якім чынам можна гарантаваць абарону крыніц інфармацыі і журналістаў ад пераследу.

    Па відэасувязі на Форуме выступіла дырэктарка «Новой газеты — Балтия» Марыя Епіфанава.

    На сёння існуюць два выданні: «Новая газета — Балтия», якая працуе ў Латвіі, Літве і Эстоніі, і «Новая газета — Европа», якую робяць расійскія журналісты ў выгнанні.

    Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў

    Марыя Епіфанава ўдзельнічала ў Форуме дыстанцыйна. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Дырэктарка закранула тэму бяспекі журналістаў у экзайле. Прынамсі, яна сама сутыкнулася са шпіёнскай праграмай Pega­sus:

    — Я стала, здаецца, першай журналісткай у балтыйскім рэгіёне, якую атакаваў Pega­sus. Выпадак меў месца больш за паўтара года назад. Я звязалася са спецыялістамі па кібербяспецы, якія пацвердзілі, што гэта была сапраўды тая сумна вядомая шпіёнская праграма.

    На яе шчасце злачынцам не ўдалося здабыць шмат інфармацыі згаджэта.

    Для мяне гэта палёгка, бо ў маім тэлефоне знаходзілася інфармацыя, якую можна было б выкарыстаць супраць мяне і калегаў. Дагэтуль няма адказу на галоўнае пытанне: хто стаяў за нападам? Pega­sus выкарыстоўваюць толькі дзяржавы, гэта не прыватны хакер, які вырашыў мяне ўзламаць. Я лічу, што неабходна тут расследаванне: дзяржавам нельга даваць права сачэння, — распавяла спадарыня Епіфанава.

    За журналістамі і палітычнымі дзеячамі з Беларусі сачылі праз Pega­sus

    Дырэктарка нагадала, што выданне «Новая газета — Европа» сёння заблакаванае ў Расіі, а журналістаў у краіне пераследуюць. У сувязі з гэтым асабліва кантрастна выглядае праца ў рэчышчы еўрапейскага заканадаўства.

    Еўрапейскі акт аб абароне СМІ абмяжоўвае права дзяржаў сачыць за журналістамі, ён дае абарону крыніц. «Новая газета» заўсёды была вядомая сваім расследаваннямі, а без адказнай працы з людзьмі, якія валодаюць інфармацыяй, без гарантавання ім абароны нічога зрабіць нельга, патлумачыла спікерка.

    Латвія: у напрамку да закрыцця рускамоўных грамадскіх медыя

    Журналіст з Латвіі Імантс Ліепіньш выказаў спадзяванне, што ў наступным годзе адносіны паміж нацыяльнымі медыямі і дзяржаўнымі органамі зменяцца, бо цяпер яны аптымізму не вылікаюць.

    Форума журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў

    Імантс Ліепіньш (справа) размаўляе з калегам. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Медыйшчык таксама згадаў кейс Pega­sus: у 2022 годзе кіраўніца «Медузы» Галіна Цімчанка таксама знайшла шпіёнскую праграму ў сваім тэлефоне.

    Латвійскія структуры захоўвалі злавеснае маўчанне. У МУС выклікалі прадстаўнікоў трох журналісцкіх арганізацыяў, каб патлумачыць ім сваю пазіцыю. Паводле ўладаў, за шпіёнскай прыладай стаіць не Латвія. Нашая дзяржава падазравала, што расіяне заплацілі пасярэдніцкай краіне, каб скарыстацца ізраільскай праграмай для сачэння за журналістамі. Але чаму паліцыя не патлумачыла гэта адкрыта?

    Заканадаўства Латвіі забараняе каментаваць пытанні дзяржсакрэтаў. Латвійскія ўлады не могуць сачыць за медыйшчыкамі, таму выбіраюць фармат прыватных сустрэч, каб заявіць, што гэта не мы.

    Самае смешнае, што мы павінны ім верыць… — выказаўся спадар Ліепіньш.

    Расказваем, як абараніцца ад Pega­sus і іншых вірусаў, якія могуць рассылаць спецслужбы

    У Латвіі да 2026 года павінны закрыць рускамоўныя грамадскія медыя. Гэта вельмі непакоіць у тым ліку рускамоўных журналістаў у экзайле. Так, папярэдняя выступоўца Марыя Епіфанава лічыць такю адмову эмацыйным, а не рацыянальным рашэннем:

    — Я разумею, чаму руская становіцца таксічнай мовай. Аднак інфармацыйная вайна працягваецца. Расійская прапаганда — зло, але таленавітае: умее змагацца за розумы людзей. Калі краіны Балтыі хочуць перамагчы, яны мусяць рабіць медыя на рускай мове. Зараз жа ўлады Латвіі падштурхоўваюць латвійскіх грамадзян у абдымкі расійскай прапаганды.

    Але Імантс Ліепіньш не лічыць праблемай тое, што ў краіне ўсе грамадскія СМІ павінны выходзіць толькі па-латышску. 

    Цягам 30 гадоў у нас стваралася асобнае медыяасяроддзе для латышскамоўных і рускамоўных жыхароў. Сёння 30 адсоткаў спажыўцоў такіх медыя гэта рускамоўны асяродак. Калі працуеш у рэгіянальным СМІ ў горадзе, дзе палова латышы, а палова рускія, як, напрыклад, у Юрмале, трэба выконваць двайную працу, выдаючы кантэнт адразу на дзвюх мовах, а даход той жа. Дык навошта латвійскаму медыясектару такія складанасці?

    А прыватным рускамоўным СМІ ўвогуле няма чаго турбавацца. Яны сёння атрымаюць дадатковыя перавагі і магчымасці прыцягваць аўдыторыю, — падкрэслівае спікер.

    Што да расійскай прапаганды, то ў Латвіі недасягальныя тэлесеткі, ды і Яндэкс нельга адчыніць. Але, напрыклад, украінскі тэлеканал «Свабода» на рускай мове папулярны сярод латышоў. І спадара Імантса часта клічуць у эфір у якасці эксперта. Дзе, як сам адзначае Ліепіньш, ён яшчэ і атрымлівае ад аўдыторыі хейт за дрэннае валоданне рускай мовай.

    З пункту гледжання бізнэсу змены ў краіне ў падыходзе да медыясектару нявыгадныя, але, на думку Імантса Ліепіньша, яны прывядуць «да дабра для Латвіі ў доўгатэрміновай перспектыве».

    Нізкі давер да прэсы – адна з галоўных праблем у Эстоніі

    Эстонію на Форуме журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў прадстаўляў рэпарцёр з велізарным стажам і сябра Саюза журналістаў Эстоніі Аго Гашкаў. 

    У Таліне прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі-палітвязнямі

    Яго выступ быў звязаны з вядомай многім еўрапейскім краінам праблемай. Зараз усё часцей падчас сацыялагічных апытанняў грамадзяне наракаюць на нізкі ўзровень даверу да медыяў.

    У Эстоніі людзі не давяраюць ураду, дзяржаўным СМІ. Людзі ўсё больш і больш прыслухоўваюцца да інфармацыі ў сацсетках, дзе можа быць нямала фэйкавым навін і гэта жудасна. 

    Нам трэба імкнуцца знайсці шляхі, каб атрымаць большы давер людзей да прэсы, — упэўнены журналіст.

    Час мяняць тэрміналогію: не масавыя рэпрэсіі, а тэрор супраць уласнага насельніцтва

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў распавёў пра расправу над беларускімі журналістамі з боку рэжыма Лукашэнкі.

    Форума журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў

    Алег Агееў на Форуме. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Нядаўна «Рэпарцёры без межаў» апублікавалі звесткі па колькасці зняволеных журналістаў у свеце. Рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў сусветных лідарах па затрыманнях рэпарцёраў на колькасць насельніцтва чацвёртае месца. 

    Па стане на 17 снежня за кратамі знаходзяцца мінімум 45 супрацоўнікаў медыя.

    Але гэта толькі надводная частка айсберга: самі медыйшчыкі просяць не агучваць факты ператрусаў або затрыманняў. І родныя рэпрэсаваных настойваюць на «рэжыме цішыні», бо лічаць, што любое апублічванне фактаў толькі пагоршыць становішча зняволеных. А значыць, рэпрэсіі маюць большыя маштабы, чым пра гэта гаворыцца ўголас.

    Алег Агееў акцэнтуе ўвагу: у Беларусі ўвогуле адсутнічаюць эфектыўныя механізмы абароны парушаных правоў. Фармальна існуюць праваахоўныя органы, суд, пракуратура, але практыка іхняй дзейнасці паказвае, што яны толькі звёны ў ланцугу рэпрэсій.

    На сённяшні дзень для ацэнкі сітуацыі ў Беларусі мы ўжываем тэрмін «масавыя рэпрэсіі». Ці не час ужо нам пераходзіць да новага тэрміну, які больш адпавядае сучаснаму стану «тэрор супраць уласнага насельніцтва». У нас няма масавых забойстваў і канцэнтрацыйных лагераў, але ўсё астатняе на жаль, ужо прысутнічае, — канстатуе кіраўнік Прававога цэнтра. — Заводзяць справы, выносяць прысуды, якіх ніхто не бачыў, але на іх падставе арыштоўваюць маёмасць: кватэры, аўтамабілі. Гэта ўплывае і на самацэнзуру. Тыповай стала сытуацыя, апісаная ў адным СМІ: «ананімны журналіст бярэ інтэрв’ю ў ананімнага чалавека ў ананімным месцы».

    «Называюцца кім заўгодна, абы здабыць хоць якую афіцыйную інфармацыю». З якімі выклікамі сутыкаюцца незалежныя медыі ў новых рэаліях

    Намеснік старшыні БАЖ падкрэслівае: беларуская праваабарончая супольнасць можа толькі мінізаваць наступствы тэрору супраць журналістаў.

    — У нас на дадзены момант, на жаль, няма дакладнага бачання, як спыніць гэтае бязмежжа, — з сумам рэзюмаваў спадар Агееў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці