«Вы пражывалі тры гады на тэрыторыі Грузіі, чаму вы раней гэтага не зрабілі?»
Як расказаў Свабодзе журналіст Андрэй Мялешка, ён зь непаўналетняй дачкой прыляцелі ў Кутаісі з Варшавы каля 1:30 ночы 16 верасьня. Разам зь іншымі стаялі ў чарзе на праверку дакумэнтаў. Аддалі пашпарты.
«Дачцэ праштампавалі. Аддалі ёй пашпарт. Бяруць мой. Палістаў-палістаў, оп, завіс. Прыходзіць нейкая жанчына, забірае пашпарт і нясе некуды. Думаю: „Такое бывае, на хвілін 20–30 забяруць, прынясуць“. Кажа: „У вас віза польская?“. Адказваю: „Так, у мяне віза польская“», — пераказвае падзеі ў аэрапорце Мялешка.
Прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў супрацоўнік аэрапорту і сказаў, што трэба прайсьці ў асобны кабінэт.
«Заводзяць у асобны кабінэт — і ў гэты момант у дачкі забіраюць пашпарт. Яна ўвесь час трымала пашпарт у руках. Празь некалькі хвілін аддае пашпарт і зьяўляецца раздрукаваная паперка зь пячаткамі. Кажуць: „Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы“. Я кажу: „Што адбываецца? Патлумачце, калі ласка“. Мне кажуць: „Вось вам папера. У паперы напісана“», — працягвае суразмоўца.
Дакумэнт быў напісаны па-грузінску і па-ангельску. Са словаў Мялешкі, яму так і не патлумачылі, чаму яго не пускаюць у краіну. Потым ён прачытаў, што прычынай забароны на ўезд пазначылі «іншыя прычыны». Што хаваецца за такой фармулёўкай, невядома.
Мялешка прасіў вярнуць пашпарты, але супрацоўнік аэрапорту сказаў, што ня можа гэтага зрабіць.
Беларус вусна сказаў, што хоча прасіць пра міжнародную абарону. На што ў яго запыталіся: «Вы пражывалі тры гады на тэрыторыі Грузіі, чаму вы раней гэтага не зрабілі?». Мялешку адказалі, што ў яго няма магчымасьці цяпер прасіць пра міжнародную абарону.
«Вы мусіце чакаць дэпартацыі на тэрыторыю Польшчы». Мялешка кажа, што супрацоўнік назваў працэдуру менавіта «дэпартацыяй», а не «забаронай на ўезд».
Зь ім размаўлялі тры прадстаўнікі памежнай службы: чалавек, які забіраў пашпарты на пашпартным кантролі, хтосьці з начальнікаў і жанчына ў форме з надпісам «паліцыя».
«Памяшканьне люкс, бо ёсьць матрацы»
Андрэя разам з дачкой-падлеткам зьмясьцілі ў асобны пакой. З сабой яны маюць невялікі багаж. Пашпартоў у іх няма. У пакоі ёсьць двухпавярховыя ложкі з матрацамі. Пасьцельнай бялізны ім ня выдалі, ежы не прапанавалі.
«Памяшканьне люкс, бо ёсьць матрацы», — сумна жартуе Андрэй.
Пакой, дзе знаходзяцца Мялешкі, на ключ не замыкалі. Яны могуць выйсці ў суседняе памяшканьне.
«Але яны чамусьці паставілі паліцэйскую машыну на выхадзе з памяшканьня», — адзначае Андрэй.
Суразмоўца прызнаецца, што ён не чакаў, што такая сытуацыя можа здарыцца. Ён вылятаў у Эўропу мінулы раз год таму на канфэрэнцыю ў Вільню. Раней, калі ён вяртаўся ў Грузію, затрымка пры правяраньні дакумэнтаў была 15–20 хвілін. Цяпер пры вылеце Мялешкі з Грузіі была затрымка, якую абазначылі як «завісла сыстэма». Сёлета ён з дачкой ляталі ў Польшчу і Літву на кароткі адпачынак.
Жонка Андрэя з другім дзіцем заставалася ў гэты час у Батумі. Ранкам 16 верасьня яна выехала ў Кутаісі, каб убачыцца з дачкой. Паміж гарадамі 150 кілямэтраў.
Як расказаў Андрэй, дачка перажывае сытуацыю досыць цяжка. У яе атрымалася пагаварыць з маці, тады дзіця крыху супакоілася і заснула.
Мялешка напісаў ліст амбудсмэну ў правах чалавека ў Грузіі.
Андрэй Мялешка жыве ў Батумі больш за тры гады, са жніўня 2021 году. Дзеці вучацца онлайн у беларуска-ўкраінскай школе. Жонка працуе ў Батумі ў Міжнародным адукацыйным цэнтры.
«Грузія ігнаруе заявы на міжнародную абарону на мяжы»
Як расказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, у такой сытуацыі чалавек можа прасіць пра міжнародную абарону. Для гэтага дастаткова зрабіць заяву супрацоўнікам аэрапорту, нават калі забралі пашпарты, як у выпадку зь Мялешкамі. Заява можа быць у любым выглядзе, у тым ліку вусная.
Аднак, адзначыў праваабаронца, у Грузіі парушаюць гэтае заканадаўства і не прымаюць заявы на міжнародную абарону на мяжы. Чалавек мае прасіць пра абарону сам, трэцяя асоба ня можа падаць такую заяву за яго.
«Мы назіраем выцісканьне актыўных сяброў беларускай дыяспары з Грузіі», — зазначыў суразмоўца.
Сам Раман Кісьляк жыве ў Грузіі. Ён падаў там заяву на міжнародную абарону 24 ліпеня 2023 году. 7 жніўня 2024 году яму адмовілі. Прычынай назвалі «пагрозу нацыянальнай бясьпецы Грузіі». Цяпер ён абскарджвае гэтае рашэньне. Мяркуе, што на разгляд ягонай сытуацыі могуць пайсьці месяцы або нават гады. Калі адмоўнае рашэньне прымуць канчаткова, яго могуць дэпартаваць з Грузіі.
Праваабаронца адзначыў, што вядома пра пяць выпадкаў адмовы ў міжнароднай абароне беларусам за апошні час. Гэта найперш актывісты беларускай дыяспары. Сярод вядомых асобаў — спартоўка Марына Зялёная. У траўні таксама стала вядома, што беларуску не ўпусьцілі ў Грузію пасьля «візарана» у Турэччыну. Яна нейкі час жыла на памежжы ў Турэччыне, але ўжо пераехала ў Польшчу.
На сёньня не вядома ні пра адзін выпадак, калі беларусу далі міжнародную абарону ў Грузіі.
«Спакойна чакаць на пераезд або чакаць на дэпартацыю»
Кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык пракамэнтаваў кейс Мялешкі ў Facebook.
«На жаль, гэта ўжо ня першы фінт уладаў гэтай краіны ў дачыненьні да беларусаў. Тры гады таму адтуль выслалі беларуса з ДНЖ, прышоўшы па яго ўначы. Ягоную сям’ю не ўпусьцілі з Турэччыны, калі тыя „абнуляліся“. Я ведаю чалавек дзесяць, якіх па вяртаньні рэгулярна затрымліваюць у аэрапортах на гадзіны», — напісаў Лявончык.
Кіраўнік ByHelp мяркуе, што беларусам у Грузіі, у якіх заканчваецца пашпарт, амаль немагчыма атрымаць праязны дакумэнт. На ягоную думку, тады беларусы становяцца перад выбарам: або спакойна плянаваць пераезд у краіну з больш адэкватнай палітыкай у дачыненьні да беларусаў, або чакаць на дэпартацыю.
На думку Лявончыка, пераяжджаць можна нават у Армэнію, бо там хоць і затрымліваюць тых, хто ў вышуку, але і даюць ім прытулак.
Справа Рамана Кісьляка
Раман Кісьляк атрымаў адмову праз СМС. Больш дэтальны адказ убачыў у электронным кабінэце. Раней рашэньне Дэпартамэнту міграцыі паведамлялі пры асабістай сустрэчы.
Праваабаронца адзначыў, што цяпер ён падаў скаргу ў Тбіліскі гарадзкі суд на рашэньне адміністрацыйнага органа — Дэпартамэнта па міграцыі па адмове ў міжнароднай абароне. Калі суд яму таксама адмовіць, наступным крокам можа быць апэляцыя на судовае рашэньне ў Тбіліскі апэляцыйны суд.
«Быў выпадак, калі для гэтага замовілі самалёт». Што рабіць, калі пагражае дэпартацыя
Кісьляку працягнулі часовае пасьведчаньне, паводле якога ён можа законна знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі. Пакуль ідуць суды, ён можа заставацца ў Грузіі.
Калі абодва суды прымуць рашэньне не на карысьць беларуса, яму могуць прапанаваць выехаць добраахвотна. Калі ён не пагодзіцца, яго могуць змусіць на выезд, патлумачыыў праваабаронца.
У Кісьляка ўжо скончылася дзеяньне беларускага пашпарта. Іншага пашпарту ў яго няма. Цяпер ён ня можа паехаць ні ў якую іншую краіну, апрача Беларусі.
«Гэта гуманітарная праблема. Яна будзе і ў іншых прасіцеляў прытулку», — адзначае ён.
Далей Раман Кісьляк можа абскарджваць рашэньне на міжнародным узроўні ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека або ў Камітэце супраць катаваньняў. Ён можа папрасіць пра часовыя меры абароны — каб яго не дэпартавалі, не экстралавалі, ня змусілі выяжджаць з краіны. Пра гэта ж прасіў беларус Андрэй Гнёт, якога затрымалі ў Сэрбіі.
Многія беларусы жывуць на тэрыторыі Грузіі бяз нейкіх адмысловых дазволаў ці заяваў. Абавязковая ўмова пражываньня — раз на год выехаць за межы краіны, каб абнуліць сваё прабываньне на тэрыторыі Грузіі, на так званы «візаран».
На пытаньне, ці падача заявы на міжнародную абарону не прысьпешвае рашэньне грузінскіх уладаў выдварыць беларуса з Грузіі, Кісьляк адказаў адмоўна. Ён патлумачыў, што папрасіў абароны пасьля сытуацыі зь беларусам Яўгенам Гацаком, які два гады пражыў у Грузіі.
«Я падаўся, бо зразумеў, што пры наступным „візаране“ мяне могуць не ўпусьціць», — адзначыў суразмоўца.
Праваабаронца мяркуе, што калі грузінскія ўлады хочуць не дазволіць беларусу жыць у Грузіі, то зробяць гэта рознымі шляхамі: або ня пусьцяць пасьля «visa run», або анулююць дазвол на жыхарства (такія выпадкі былі), або адмовяць у міжнароднай абароне. На думку праваабаронцы, заява на міжнародную абарону, імаверна, дазволіць найдаўжэй заставацца ў краіне падчас разгляду справы.