• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Ігара Ільяша ўключылі ў пералік «экстрэмістаў» на сайце МУС

    Імя і прозвішча журналіста Ігара Ільяша, асуджанага да 4‑х гадоў калоніі і буйнога штрафу, 5 снежня 2025 года з’явілася на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Там жа пазначана, што журналіст «адбывае пакаранне».

    Журналіст Ігар Ільяш у спісе «экстрэмістаў»

    16 верасня 2025 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызнаў Ігара Ільяша вінаватым у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК РБ) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (чч. 1 і 2 арт. 361–4 КК РБ). Суд прыгаварыў журналіста да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём ў калоніі. Таксама суддзя Кацэр прызначыў сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам 100 базавых велічынь (4200 рублёў).

    Скрыншот: сайт МУС РБ

    Суд над Ігарам Ільяшом

    Судовы працэс працягваўся амаль 7 месяцаў — з 21 лютага 2025 года. Пасля першых трох пасяджэнняў 12 сакавіка суддзя Сяргей Кацэр аб’явіў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы пятнадцаці публікацый аўтарства Ігара Ільяша.

    Журналіст хадайнічаў, каб экспертызу рабілі ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, але суд даручыў даследваць публікацыі загадчыку кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку Белдзяржуніверсітэта, доктару філалагічных навук Сяргею Лебядзінскаму.

    Судовы працэс па справе Ільяша аднавіўся 4 верасня 2025 года. Як пісаў на сваёй старонцы ў Face­book Сяргей Ваганаў — дзед жонкі журналіста Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітвязняволенай, экспертыза «не выявіла ніводнага ілжывага факта», распаўсюджанага Ігарам Ільяшом. А на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд «заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы», прагучала «абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах» эксперта.

    На чарговым слуханні 12 верасня дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для Ігара Ільяша 4 гады пазбаўлення волі і 100 базавых велічынь штрафу, адвакат — поўнага апраўдання свайго падабароннага. Суд пагадзіўся з абвінаваўцам. Ігар Ільяш, выступаючы на працэсе з  апошнім словам, адхіліў усе абвінавачанні і не прызнаў віны.

    Журналіст спрабаваў абскардзіць гэты вырак. 14 лістапада 2025 года калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Ігара Любавіцкага адхіліла апеляцыйную скаргу Ігара Ільяша і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі.

    Справа Ігара Ільяша

    Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор звестак для замежных выведак — даваў каментары ўкраінскім выданням».

    На відэазапісе сілавікоў Ільяш казаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў той ці іншы час», — сказаў ён.

    Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».

    22 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ільяша палітычным вязнем.

    Яшчэ раней, у ліпені 2021 года, Ільяша затрымлівалі на 10 дзён — ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

    Жонка Ільяша, журналістка тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава), на сёння таксама адбывае прысуд па крымінальнай справе, распачатай за яе прафесійную дзейнасць.

    Яе затрымалі разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. У той дзень журналісткі вялі прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі на «плошчу Перамен» (двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

    У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі. Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук на патрабаванне пракурора Аліны Касьянчык.

    13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Кацярыну Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

    Паколькі раней яна ўжо была асуджаная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання ўвосень 2020 года. Кацярына спрабавала абскардзіць вырак, але 20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў яе апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» замененая на «шпіянаж».

    3 верасня таго ж года калега Кацярыны аператарка Дар’я Чульцова выйшла на волю. Зараз яна жыве ў Польшчы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці