• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі журналіста Ігара Ільяша палітзняволеным

    22 лістапада 2024 года была апублікавана сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі датычна сітуацыі з журналістам Ігарам Ільяшом.

    «Я думаў, мяне арыштуюць у крымінальнай справе». Журналіст Ігар Ільяш расказаў пра свой арышт і справу супраць жонкі

    Ігар Ільяш

    22 кастрычніка 2024 года стала вядома пра затрыманне журналіста Ігара Ільяша.

    У той жа дзень тэлеграм-канал, звязаны з сілавымі органамі Беларусі, апублікаваў відэазапіс, на якім Ігар Ільяш кажа, што затрыманы за інтэрв’ю медыям, прызнаным на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    Напрыканцы кастрычніка 2024 года з’явілася інфармацыя, што Ігар Ільяш знаходзіцца пад вартай у Следчым ізалятары № 1, з чаго вынікае, што ён абвінавачваецца па крымінальнай справе (інкрымініраваны артыкул на дадзены момант невядомы).  

    Ігар Ільяш — беларускі журналіст фрылансер. Раней ён неаднаразова падвяргаўся пераследу за сваю журналісцкую дзейнасць. У кастрычніку 2020 года Ігар Ільяш адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у «пікетаванні». 16 ліпеня 2021 года, падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў, Ігар Ільяш быў затрыманы па крымінальнай справе па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, але праз дзесяць сутак вызвалены.

    Пасля вызвалення Ігар Ільяш заставаўся ў Беларусі. Жонка Ігара Ільяша — журналістка Кацярына Бахвалава — таксама пераследуецца за сваю прафесійную дзейнасць. З лістапада 2020 года яна знаходзіцца ў месцах зняволення, за гэты час яна была двойчы асуджаная па крымінальных справах агулам да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі і цяпер ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.

    Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што затрыманне і крымінальны пераслед Ігара Ільяша з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова.

    Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

    Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ігара Ільяша з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

    На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Ігара Ільяша палітычным зняволеным і патрабуем:

    • неадкладнага вызвалення Ігара Ільяша і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
    • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання ці іншыя правы і свабоды;
    • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

     

    Беларуская ассацыяцыя журналістаў;

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

    Беларускі ПЭН;

    Беларускі дом правоў чалавек імя Барыса Звозскава;

     «Прававая ініцыятыва»;

    Lawtrend.

    Беларускі Хельсінкскі камітэт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці