• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст мяняе прафесію

    Калі працуеш на незалежным тэлебачанні ў Беларусі, велізарная каштоўнасць свабоды слова змяншаецца да касеты ці флэшкі. І яе ты імкнешся ўратаваць ад “органаў” любымі, нават падобнымі да амаральных, сродкамі. Колькі разоў даводзілася быць турысткай, студэнткай, цікаўнай грамадзянкай, але ніяк не журналісткай.

    Дазвол выканкама

    Найважнейшы вынік журналісцкай працы ў тэлевізійных навінах — у касеце, якую праз гадзіну-дзве чакаюць у рэдакцыі. Няма касеты — і працы, лічы, не было. Таму журналісты і аператары вельмі не любяць, калі падчас здымкаў у кадр лезуць цікаўныя міліцыянты, служба аховы ды прадстаўнікі ўлады. Схема тут простая: раскажыце, пакажыце, прайдзёмце, даставайце — і касету вынялі пад пратакол “для вывучэння абставінаў”. Нават афіцыйнае пасведчанне не заўсёды дапамагае. І робіш тое, што не назавеш іначай як “выкручвацца”.

    Гэтае відэа запісалі падчас вулічнага апытання. Каля пл. Пермогі запытвалі ў мінчукоў пра стаўленне да эканамічных санкцыяй Еўразвязу. Побач праязждае ментоўскі УАЗік, праз 5 хвілін супрацоўнікі вятраюцца “на разборкі”.

    Як толькі міліцыянт бачыць чалавека з “не-бэтэшнай” камерай, разабрацца ён лічыць справай гонару — на жаль, гэта ўжо правіла. Калі я працавала ў Гомелі, такія разборкі сканчаліся непрыемнымі затрыманнямі. І ў гэтым выпадку прыкінуцца стажоркай падалося мне самым лепшым варыянтам.

    Міліцэйская ідэя браць дазвол на апытанку ў гарвыканкаме — трэба прызнацца, нешта свежанькае, але паказальнае. Жалезная логіка ў прадстаўніка праваахоўнага органа: калі твае дзеянні не санкцыянаваныя ўладай, яны незаконныя. Шкада, не перапытала, ці трэба браць дазвол ў выканкаме, каб сфоткацца каля крамы “Акіян”.

    Уцёкі па кукурузе

    У вёсцы Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна загінуў чалавек ад рукі Леніна — помнік забіў хлопца, які святкаваў нараджэнне дачкі http://kp.by/online/news/525904/. Ленін стаяў на школьным двары, паблізу офіса старшыні калгаса. Старшыні даклалі пра прыезд “камеры”, і той вырашыў пазнаёміцца асабіста, паглядзеў дакументы ды выклікаў па тэлефоне загадчыцу аддзелу ідэалогіі мясцовага выканкама. Пакуль мы чакалі начальства — а раптам камент дасць?— сп. Іванчыкаў угаворваў заканчваць здымкі і з’язджаць адсуль хутчэй “далей ад бяды”. Зразумела, што каменту не атрымалася.

    На мясцовых могілках мы сустрэліся са сваякамі загінулага. Яны і папярэдзілі: па вёсцы ездзіць міліцыя і шукае “гэтых журналістаў”. Сваякі бачылі, як міліцэйская машына запаркавалася каля выхаду з могілак. Хутка запісаўшы каментары (са слязьмі маці і енкам нованароджанага на руках удавы), нашая здымачная група кінулася на ўцёкі праз кукурузнае поле. На бягу перахавалі касету.

    З’язджалі з Уваравіч пад цяжкім позіркам старшыні калгасу і начальства з выканкама: яны сачылі за намі праз вокны.

    Студэнты здымаюць курсач

    Фрылансеру складаней за ўсё атрымліваць афіцыйныя каментары. Асабліва калі ў краіне чыноўнікам забаронена камунікаваць са СМІ без дазволу вышэйшага начальства. Прыгадваеш старыя занёмствы, карыстаешся карткай нейкага добразычлівага СМІ. Але не заўсёды дапамагае.

    У мінулым жніўні атрымала папярэджанне з пракуратуры на падставе заявы агранома. Віктар Лебяшкоў падаўся прыемным дзядзечкам і добрым спецыялістам. Расказаў нам пра збажыну, мы яму паказалі пасведчанне інфармацыйнай агенцыі, якое меў аператар. А пасля аграном напісаў пакрыўджаным тонам скаргу, што яго нібыта падманулі. Бывала, падманвалі, але не яго.

    Каментар дырэктаркі аднаго СПК, якое чамусьці пачало буяць на забруджанай радыяцыяй глебе, атрымалі хітрасцю. Легенда “студэнты здымаюць курсач” пасавала да маладога выгляду нашай здымачнай групы.

    Журналіст мяняе прафесію

    Панятак “фрылансер” са скрыпам прарастае ў свядомасці нашага чыноўніка. Прыходзіцца тлумачыць. Хаця і зрэдку, але сутыкаешся з разуменнем. Калі з‑за крызісу падаражэлі дзіцячыя падгузнікі, загадчыца мінскай аптэкі нічога не мела супраць, каб даць камент фрылансеру. Аляксандр Зенкоў, журналіст з Барысава, падчас працы на спартовых мерапрыествах кажа ахове — “фрылансер” — і яго прапускаюць.

    Прызнацца, я і не заўважыла, як прызвычаілася падчас запісу каментароў сачыць краем вока за тым, што адбываецца навокал. Такая бясконцая гульня ў “кошкі-мышкі” — альбо ты, альбо цябе.

    Хтосьці мусіць быць мацнейшы, быць аўтарытэтам, да якога апелююць, — як той міліцыянт, што раіў браць дазвол ў выканкаме. І гэтак уяўляе нашу прафесію бясконцая колькасць людзей ва ўладзе. Крыўдна, агідна, зневажальна.

    Аднак я маю выбар. Альбо адказваць на знявагу знявагай, прадстаўляючыся ментам стажоркай, альбо, як у выпадку з аптэкаркай, быць журналістам і мяняць прафесію. Цяперашнюю выварачаную прафесію мяняць на нармальную.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці