• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты ва Украіне: “Свабоды стала больш, але перыядычна пачынаецца цэнзура”

    Як Майдан змяніў медыйнае поле ва Украіне, і што стала са свабодай слова? Ацэнкі і меркаванні журналістаў.

    Як пасля Майдана змянілася медыйнае поле ва Украіне?

    Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ў кожным публічным выступе закранае тэму Украіны. Асноўны пасыл – “Не дай Бог, каб у нас было як ва Украіне!” Нават выступаючы перад дзецьмі на адной з навагодніх ялінак, кіраўнік Беларусі не ўстрымаўся ад геапалітычных перасцярог. Ланцужок негатыўных і трагічных падзей вачыма Лукашэнкі выглядае наступным чынам: Майдан — вайна — эканамічныя праблемы — падзенне ўзроўню жыцця.

    Сапраўды, весці адлік сённяшніх падзей ва Украіне можна з Майдана — спантаннага пратэсту ўкраінцаў супраць адмовы экс-прэзідэнта Віктара Януковіча ад курса на еўрапейскую інтэграцыю. Але наколькі менавіта Майдан, а не геапалітычныя інтарэсы Расіі ды шкурныя інтарэсы асобных украінскіх алігархаў сталі прычынай анексіі Крыма, вайны на Данбасе і, як вынік, – эканамічных праблем? Ці толькі гэтымі праблемамі вымяраюцца змены ва Украіне?

    Як пасля Майдана змянілася медыйнае поле ва Украіне, што стала са свабодай слова і самімі сродкамі масавай інфармацыі? Як на журналістыку ўплывае правядзенне “антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе”?

    У пошуках адказаў можна было б, канешне, звярнуцца да медыяэкспертаў. Але мне падаецца больш важкім меркаванне саміх журналістаў. Найперш тых, хто працуе “ў полі”, а не сядзіць у рэдактарскім крэсле. З гэтай нагоды звяртаюся да сваіх украінскіх калег, адмыслова абраўшы “газетчыка”, “тэлевізійшчыка” і “радыйшчыка” — каб атрымаць больш поўнае ўяўленне.

     

    Грамадскае вяшчанне нарадзілася на Майдане

    Пачнём з тэлебачання як самага масавага і ўплывовага СМІ.

    Журналіст канала ICTV Андрэй Гецьман

    Мой суразмоўца, журналіст канала ICTV Андрэй Гецьман, запэўнівае: тэлебачанне сёння, як і да Майдана, застаецца галоўнай крыніцай інфармацыі. А вось што на тэлебачанні з тых часоў змянілася – дык гэта колькасць і працягласць па часе тэленавін. Яна вырасла на ўсіх вядучых каналах.

    “Гэта пачалося з Майдана і асабліва ўзмацнілася за час вайны. Дзякуючы інфармацыйным каналам, якія не толькі выжылі, але і ўзраслі ў колькасці, значна часцей у праграмах выкарыстоўваюць экспертаў. Раней эксперты толькі пацвярджалі «лінію партыі», а цяпер падаюць усе неабходныя пункты гледжання”, — кажа Андрэй.

    Што яшчэ з’явілася ў “паслямайданнай” тэлевізійнай журналістыцы Украіны?

    Паўстала Тэлебачанне, зробленае з дапамогай тэлефона, — такія каналы, як “Грамадскае” і “Эспрэса”.

    “Эспрэса” і “Грамадскае” — гэта першыя крокі да стварэння грамадскага вяшчання, на манер нямецкіх каналаў ці Бі-Бі-Сі, — разважае Андрэй Гецьман. — Намаганні ўладаў у гэтым кірунку ні да чаго не прывялі, і грамадскае тэлебачанне на базе дзяржаўных тэлеканалаў так і не было створанае. Што прынцыпова – “Эспрэса” і “Грамадскае” задаюць высокую планку ў абмеркаванні рэдакцыйнай палітыкі, чаго ў прынцыпе ўсім астатнім трохі не хапае”.

    Што ж у астатніх не так з рэдакцыйнай палітыкай? Адказ просты: “Хто плаціць грошы, той і музыку замаўляе”.

    “З‑за падзення рэкламнага рынку пасля анексіі Крыма і вайны на Данбасе, усе каналы сталі стратнымі і трымаюцца на плаву толькі дзякуючы датацыям уладальнікаў. Таму і становяцца ўсё больш залежнымі ад іх”, — прызнае журналіст канала ICTV.

    Але самае галоўнае пытанне: ці стала больш свабоды ў журналістыцы? І як на гэтую свабоду слова ўплывае вайна на Данбасе — ці ёсць ваенная цэнзура?

    “Свабоды стала больш. У той жа час, асабліва ў гарачай фазе АТА, уступае ў дзеянне цэнзура — каб не выдаць важную для ворага інфармацыю і падаваць уласна ўкраінскую версію падзей. Ва ўмовах баявых дзеянняў, на мой погляд, гэта  правільна. У той жа час, у медыясупольнасці ідзе дыскусія пра тое, як называць сепаратыстаў — тэрарыстамі або ўкраінцамі? Ну і пра пазіцыю журналістаў: на тэлебачанні выбар зроблены адназначна на падтрымку войска”, — кажа Гецьман.

    Што да самой украінскай журналістыкі, то, паводле Андрэя Гецьмана, яе “дамайданаўскі” ўзровень не вельмі адрозніваецца ад “паслямайданаўскага”. “Што змянілася – дык гэта вялікая колькасць тых, хто вядзе якасныя расследаванні. Як у інтэрнэце, так і на тэлебачанні”, — дзеліцца назіраннямі журналіст канала ICTV.

     

    “Эканамічныя прэтэнзіі” як метады цэнзуры

    З калегам не пагаджаецца журналіст газеты “Вести” Яўген Ясенаў.

    Журналіст газеты “Вести” Яўген Ясенаў

    “Калі параўноўваць “дамайданаўскую” журналістыку і “паслямайданаўскую”, то, мне падаецца, яна стала больш безапеляцыйнай і безадказнай.

    Зараз для журналіста дастаткова разумення таго, што ты знаходзішся на “правільнай” патрыятычнай пазіцыі, і гэта спіша ўсё: памылкі, недакладнасці, неправераныя факты. І “дамайданаўская” наша журналістыка не была ўсяго гэтага пазбаўленая, але, на мой погляд, менавіта зараз праблема абвастрылася. З‑за гэтага і якасць журналістыкі істотна пагоршылася”, — адзначае газетчык Яўген Ясенаў.

    З цэнзурай усё даволі складана, разважае суразмоўца. Кажа, калектыў іх рэдакцыі адчуў пэўны “цэнзарскі” ціск, які, тым не менш, не ператварыўся ў пераслед за канкрэтныя матэрыялы. Ды і цэнзуры ў яе звыклым выглядзе не было — проста розныя кантралюючыя органы пачалі вылучаць да газеты “эканамічныя прэтэнзіі”.

    “Тым не менш, гэта быў непрыхаваны наезд на СМІ, які адстойвае не выгадную для ўладаў пазіцыю. Былі і іншыя спробы закрыць розныя СМІ, але не таму, што нехта з прэзідэнцкай адміністрацыі адкрыта выступіў. Пад гэта падводзіліся нейкія тэхнічныя альбо эканамічныя падставы. Магчыма, апошнім часам гэты ціск зменшыўся, але ўлады лічаць, што маюць права дзейнічаць такім чынам – апраўдваючы ўсё вайной, супрацьстаяннем, неабходнасцю кансалідацыі грамадства і гэтак далей”, — разважае Яўген Ясенаў.

    Залежнасць рэдакцыйнай палітыкі ад алігарха, які гэты СМІ фінансуе, вызначаецца выключна самім алігархам — наколькі ён схільны ў тую палітыку ўмешвацца. У выпадку з іх выданнем усю ўнутраную палітыку вызначае выключна рэдактар — уладальнік яе ніякім чынам не накіроўвае. Але, да прыкладу, у медыяхолдынгу Каламойскага ўмяшальніцтва было рэзкім і непрыхаваным.

     

    І журналісты пайшлі ў палітыку

    Наступны мой суразмоўца цікавы тым, што на ўласнай кар’еры адчуў усе апошнія змены ва ўкраінскай медыяпрасторы. І прычыны не столькі ў Майдане, колькі ў вымушаным супрацьстаянні Украіны з Расіяй і “рускім светам”.

    Валерый Калныш

    Да Майдана, які ён актыўна падтрымліваў, а таксама да ўсіх падзей ў Крыме і на Данбасе Валерый Калныш быў галоўным рэдактарам газеты “Комерсантъ-Украина” — украінскай рэдакцыі расійскага выдання. (Гэта як ““КП” в Беларуси”.) Пасля пачатку супрацьстаяння з Расіяй выданне закрылі. Зараз ён – вядоўца і рэдактар радыёстанцыі “Вести”. У мяне шмат сяброў сярод украінскіх радыйшчыкаў, але Валерыя для размовы я выбраў яшчэ і таму, што іх радыё — рускамоўнае. Цікава, як у часы ўздыму нацыянальнай самасвядомасці ім працуецца.

    Расповед Валерый пачынае з “паслямайданаўскага” лёсу расійскіх СМІ ва Украіне.

    “Найперш адбылася зачыстка інфармацыйнай прасторы ад расійскіх медыя. Прычым не важна, якога яны былі зместу. Наш “Комерсантъ” быў даволі ўмоўна расійскім: рэгістрацыя была ўкраінская, але пры 100 % капіталу расійскага выдавецкага дома “Комерсантъ”. І ўсё пачалося менавіта з нас — у сакавіку 2014 года спынілі сваю працу практычна ўсе ўласныя карэспандэнты расійскіх тэлекампаній. Праўда, і новых замежных карпунктаў не адкрылася”.

    Яшчэ адна тэндэнцыя, на якую звяртае ўвагу ўкраінскі калега, — журналісты вельмі актыўна ўвайшлі ў палітыку і органы ўлады. Тут дастаткова прыгадаць Мустафу Наема і Сяргея Лешчанку, якія сталі народнымі дэпутатамі ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Тут важны (для журналістыкі) не сам факт сыходу журналістаў у палітыку, а тое, што з прафесіі сышлі яе самыя яскравыя прадстаўнікі. Здатных заняць іх месца ў журналістыцы — на адпаведным прафесійным узроўні — не знайшлося да гэтага часу.

    “Я не кажу, што ўкраінская журналістыка памерла з іх сыходам. Але яна перажывае перыяд з’яўлення новых зорак, новых імёнаў. Апошняя прэс-канферэнцыя прэзідэнта Парашэнкі паказала, што сапраўдных прафесіяналаў сярод іх яшчэ вельмі мала. Вострых пытанняў на ёй практычна не прагучала, а гэта — паказчык”, — кажа Валерый Калныш.

    Працяг будзе.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці