• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Званіў мэру з аўтазака. Цяпер уяўляю, як дабягу да Гродна і пацалую брукаванку». Вялікая гутарка з журналістам Русланам Кулевічам

    Пра адносіны з мэрам Гродна, кніжкі для амапаўцаў і Марзалюка, цкаванне з боку дзяржпрапаганды, сустрэчу з Дудзём і стварэнне медыя за мяжой Руслан Кулевіч расказаў у размове з «Нашай Нівай».

    «Цябе ўсе ведаюць, апранай камізэльку і спакойна працуй»

    Руслан Кулевіч раней працаваў журналістам у Гродне ў мясцовым выданні Hrodna.life. Успамінае, што да 2020 года ён ні разу не быў затрыманы за сваю журналісцкую дзейнасць, хоць заўсёды асвятляў любыя падзеі, што адбываюцца ў горадзе, уключна з акцыямі пратэсту. Кажа, што заўсёды стараўся рабіць так, каб мясцовыя чыноўнікі і міліцыянты лічыліся з ім, ведаючы, што ён незалежны журналіст.

    «Бывала, што супрацоўнікі рабілі папярэджанне, але ніколі не затрымлівалі. Таму маё брутальнае затрыманне з наступным збіццём стала для мяне шокам», — прызнаецца журналіст.

    Раніцай 11 жніўня 2020-га, калі ўжо масава затрымлівалі журналістаў, Руслан патэлефанаваў у мясцовую прэс-службу УУС, дзе яго ўсе ведалі, з пытаннем, як працаваць у такіх умовах.

    «Па тэлефоне мне адказалі, што ўсё нармальна, цябе ўсе ведаюць, апранай камізэльку і спакойна працуй. Аднак ужо ў той жа дзень на мяне зладзілі паляванне і ўвечары затрымалі разам з жонкай», — успамінае журналіст.

    Пра «сяброўства» з мэрам

    Руслана ў Гродне ведалі не толькі мясцовыя міліцыянты, амапаўцы і супрацоўнікі прэс-службаў розных ведамстваў, але і чыноўнікі. У прыватнасці, журналіст меў кантакт са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем.

    «У мяне быў яго асабісты нумар, я мог патэлефанаваць яму і сказаць, што вашы падначаленыя не даюць мне каментары, таму давайце вы. З‑за такіх адносін нас з Гоем называлі сябрамі, хоць сябрамі ў шырокім разуменні слова мы, вядома ж, не былі.

    Гой — ён усё ж папуліст, для яго было важна, каб яго не паласкалі. Ён хацеў, каб добры імідж у яго фармаваўся не толькі ў дзяржаўных, але і ў незалежных медыя. На ўсіх мерапрыемствах, дзе закраналася пытанне таго, што ўлады не кантактуюць з насельніцтвам, ён заўсёды ставіў у прыклад нашу камунікацыю».

    Пры гэтым журналіст прызнаецца, што шчыра лічыў Гоя найлепшым мэрам Гродна.

    «Ён быў досыць адкрытым, зрабіў нямала карыснага для горада, але выбар, зроблены ім у 2020 годзе, перакрэсліў усё станоўчае, што можна было б пра яго казаць».

    За некалькі дзён да выбараў Мечыслаў Гой сам патэлефанаваў Руслану і папрасіў зайсці на размову.

    «Я праігнараваў гэтае запрашэнне, бо баяўся затрымання, бо перад днём галасавання ў горадзе ўжо адбываліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў.

    А на наступны дзень мы выпадкова сустрэліся ў цэнтры, ён падышоў да мяне і сказаў, што калі ён запрашаў, то па справе, і дадаў, што так з сябрамі не абыходзяцца. Гой тады сказаў, што клікаў да сябе, бо хацеў дапамагчы. Таксама ён дадаў, што не дапусціў бы майго затрымання.

    У выніку ён прызнаўся, што хацеў папрасіць, каб мы, як рэдакцыя, не нагняталі абстаноўкі, бо і так атмасфера распаленая. На што я яму адказаў, што мы не распальваем, а толькі асвятляем тое, што адбываецца. У канцы я спытаў у яго, ці магу я звярнуцца да яго па дапамогу, калі раптам мяне затрымаюць. Ён адказаў так, тэлефануй», — успамінае Руслан.

    Званок мэру з аўтазака

    Апынуўшыся ў аўтазаку з тэлефонам, Кулевіч паспеў зрабіць два званкі да таго, як сілавікі адабралі мабільнік. Адзін званок быў у рэдакцыю, каб паведаміць пра сваё затрыманне, а другі Мечыславу Гою, які некалькімі днямі раней абяцаў яму, што дапаможа ў выпадку чаго.

    «Я патэлефанаваў яму, але ён адказаў, што нічым не можа дапамагчы і наогул навошта я туды пайшоў».

    Руслану далі сем сутак, але, як і іншых, затрыманых раней, яго проста адпусцілі праз тры дні. Тады ў Гродне на некалькі дзён надышоў перыяд лібералізацыі. Нават дазволілі праводзіць мітынгі.

    Хто дазволіў праводзіць мітынгі ў Гродне?

    «Многія, дарэчы, дагэтуль лічаць, што мітынгі ў Гродне дазволіў менавіта Гой, але, па маёй інфармацыі, гэта не так.

    Праводзіць мітынгі дазволіў тагачасны старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, за што ён і быў зняты з пасады ўжо 22 жніўня 2020 года. Лукашэнка зрабіў гэта падчас візіту ў Гродна на праўладны мітынг. У выканкаме хадзілі чуткі, што пры сустрэчы з Краўцовым Лукашэнка даў яму аплявуху за тое, што той дазволіў праводзіць мітынгі. Гой у сваю чаргу проста выконваў указанні зверху, хоць, напэўна, у глыбіні душы ён таксама быў за перамены», — лічыць Кулевіч.

    Атака дзяржпрапаганды

    Руслан успамінае, як неўзабаве пасля вызвалення да яго падышоў калега з рэдакцыі, які на той момант знаходзіўся ў цэнтры. Тады журналісты выйшлі ў жывы эфір з рэдакцыйнага акаўнта ў Insta­gram. Відэа, запісанае ў той вечар, пазней шмат разоў выкарыстала дзяржпрапаганда, каб ачарніць журналіста.

    «Прапагандысты выразалі патрэбныя ім моманты, каб потым вінаваціць мяне ў хлусні, калі пасля звароту да медыкаў высветлілася, што ў мяне пераломы абедзвюх рук.

    На відэа чуваць, як пасля таго, як я перадаю сабаку жонцы, я кажу, што рукі ўсё яшчэ апухлыя. Рукі з відавочнымі пашкоджаннямі не раз трапляюць у кадр, але прапагандыстам гэты момант ужо быў нецікавы. Яны ўзялі толькі тыя кадры, дзе я трымаю сабаку, і запусцілі цкаванне па ўсіх каналах».

    Кулевіч прызнаецца, што гэты ўдар быў больш балючым, чым самі пашкоджанні. Руслан успамінае, як яму было складана, калі нават некаторыя знаёмыя, нагледзеўшыся прапаганды, тэлефанавалі і пісалі яму з пытаннямі, навошта ён усіх падмануў. Чаму ў яго цяпер рукі ў гіпсе, калі яшчэ ўчора ён трымаў сабаку?

    «Думалі, што з Беларусі з’язджаем на два тыдні»

    Гледзячы на цкаванне ў дзяржСМІ і баючыся новага затрымання, Руслан спачатку прыняў рашэнне адседзецца ў вёсцы, а пазней на два тыдні з’ездзіць у санаторый у Юрмалу, каб адпачыць і аднавіцца.

    «Мы з жонкай з’ехалі з Беларусі 11 верасня з надзеяй, што ўсё хутка вырашыцца і пасля адпачынку мы зможам вярнуцца дадому».

    Але так як сітуацыя толькі горшала, сям’я Кулевічаў вырашыла застацца ў Латвіі. Пасля Юрмалы яны перабраліся ў Рыгу, дзе ім дапамаглі мясцовыя журналісты, якія, па словах Руслана, вельмі добра разумелі, што такое рэпрэсіі.

    Знаходзячыся за мяжой, Руслан працягваў пісаць артыкулы для Hrodna.life, публікаваць навіны, звязаныя з Беларуссю ў мясцовым выданні Delfi, супрацоўнічаў з «Белсатам». 

    «Трэба рухацца далей»

    Канчатковае разуменне таго, што нічога ў хуткім часе не зменіцца, прыйшло да журналіста вясной 2021 года.

    «Палітыкі настройвалі, што вясна будзе нашай, але нічога не адбылося, масавых пратэстаў і забастовак не здарылася, а рэпрэсіі працягваліся. У той жа час пасля паўгода жыцця ў Латвіі я зразумеў, што мне больш няма чаго там рабіць, трэба рухацца далей, што трэба працягваць шукаць людзей і запісваць іх гісторыі, а ў Латвіі беларусаў не так ужо шмат. Так мы вырашылі пераехаць у Беласток, дзе адна з самых буйных беларускіх дыяспар», — успамінае Руслан.

    Ужо пасля пераезду ён знайшоў аператара і запусціў у ютубе свой праект пад назвай «Мы вернемся». Там ён па сёння здымае гісторыі пра простых беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму і вымушаныя былі бегчы з краіны.

    «Тады такі кантэнт быў запатрабаваны беларускай аўдыторыяй. Мы давалі і працягваем даваць магчымасць распавесці сваю гісторыю простым людзям, а не толькі медыйным асобам».

    Супраца з Дудзём

    Праект Руслана «Мы вернемся» пазней прывёў частку яго герояў і яго самога да яшчэ большай вядомасці дзякуючы ўдзелу ў здымках фільма Юрыя Дудзя «Як жыць, калі пазбаўляюць Радзімы».

    Руслан спачатку не паверыў, што яму піша сапраўдны Дудзь. Ён папрасіў яго пацвердзіць сваю асобу — Юрый запісаў відэа і адправіў яго Руслану.

    «Увечары са мной у тэлеграме звязаўся Юрый Дудзь з просьбай дапамагчы яму арганізаваць сустрэчу з некаторымі героямі маіх выпускаў, а ўжо раніцай ён быў у Беластоку.

    Праўда, ён адразу папрасіў, каб я не казаў героям, хто менавіта хоча з імі пагутарыць. Юра папрасіў сказаць людзям, што гэта будзе расійскі журналіст, каб людзі не сталі загадзя распавядаць сваім сваякам і сябрам. Таму з’яўленне Дудзя для ўсіх герояў, вядома, было прыемным шокам», — успамінае Кулевіч.

    Новае медыя і экстрэмісцкі статус

    У студзені 2022 года Руслан у Беластоку запусціў новае медыя з назвай «Мост».

    «Мы ўбачылі, што ў Беластоку шмат журналістаў, якія страцілі працу і стварылі каворкінг. З памяшканнем і яго ўладкаваннем нам дапамаглі мясцовыя ўлады і «Прэс-клуб». Разам з запускам каворкінгу з журналістамі з розных рэгіёнаў Беларусі мы і запусцілі mostmedia.io. Мы стваралі яго як мост паміж Гроднам і Беластокам», — кажа Руслан.

    Ужо ў канцы красавіка медыя прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», што паўплывала на канцэпцыю выдання.

    «Спачатку мы шмат пісалі для гродзенскай аўдыторыі, але пасля прызнання нас «экстрэмісцкімі матэрыяламі», беларуская аўдыторыя стала ўсё больш аддаляцца ад нас. Праз гэта мы пачалі больш працаваць на беларускую дыяспару і, можна сказаць, сталі асноўным медыя для беларусаў, якія жывуць у Польшчы».

    «Аўдыторыя пачала стамляцца ад палітыкі»

    Аўдыторыя, па словах журналіста, пачала стамляцца ад палітыкі, таму ён вырашыў запусціць яшчэ адзін праект у ютубе пра беларусаў — «Беларусы могуць», дзе людзі будуць распавядаць пра свой досвед у вядзенні бізнэсу за мяжой.

    «Чытачам хацелася больш пазітыўных навін, напрыклад, пра поспехі беларусаў за мяжой. Яшчэ на пачатку мінулага года мы знялі першы выпуск, але пачалася вайна і запуск праекта прыйшлося адкласці на год, першае відэа выйшла літаральна два тыдні таму.

    З пачаткам вайны мы сталі адпрацоўваць ваенную тэматыку, рабілі рэпартажы з мяжы, здымалі пра валанцёраў і добраахвотнікаў. Так мы прапрацавалі некалькі месяцаў, але ваенная тэматыка не карысталася вялікай папулярнасцю ў нашай аўдыторыі, таму праз чатыры месяцы мы вярнуліся да свайго ранейшага фармату», — успамінае Руслан.

    Кнігі Кулевіча куплялі нават амапаўцы

    Акрамя журналістыкі, Кулевіч выпусціў дзве кнігі пра жыццё міжваеннага Гродна. Цяпер ён працуе над стварэннем трэцяй, якая будзе называцца «Апошнія сведкі старога Гродна». Палову гісторый для сваёй трэцяй кнігі Руслан паспеў сабраць яшчэ жывучы ў Гродне.

    Першыя дзве кнігі Кулевіча прадаваліся не толькі ў кнігарнях Гродна, але і Мінска.

    «На кнігі быў добры попыт, да выбараў яны свабодна прадаваліся ў дзяржаўных крамах. Сярод купцоў было нават некалькі супрацоўнікаў АМАПа», — успамінае журналіст.

    Некалькі кніг Руслан падарыў бібліятэкам і мясцовым чыноўнікам.

    «Я дакладна ведаю, што многія з чыноўнікаў, якім рэдакцыя дарыла кнігі, чыталі іх. Мясцовая дэпутатка Лілія Кір’як пасля прэзентацыі прасіла мяне даць ёй асобнік, каб перадаць яго Ігару Марзалюку. На што я ёй адказаў, што Марзалюк відавочна не той гісторык, які добра разумее гісторыю Заходняй Беларусі».

    У сваіх кнігах Руслан апісваў гісторыю жыцця ў міжваенным Гродне вачыма мясцовых жыхароў, якія жылі тут у той час. Частка герояў была вымушана пакінуць Гродна і з’ехаць у Польшчу, таму Кулевіч, яшчэ жывучы ў Гродне, ездзіў у Польшчу, каб пагутарыць з карэннымі гродзенцамі, якія тады пакінулі родны горад.

    Гісторыя паўтараецца

    «У гісторыях гарадзенцаў, якія ўцякалі ад Саветаў, і тых, хто цяпер бяжыць ад рэжыму Лукашэнкі, ёсць нямала супольнага. Людзі тады таксама думалі і верылі, што з’язджаюць ненадоўга і хутка змогуць вярнуцца.

    Мне вельмі добра запомніліся словы Караля Калвейта — аднаго з герояў маёй кнігі, які патэлефанаваў мне, як толькі мы пераехалі ў Польшчу.

    Ён распавёў, што яны ў 1946 годзе таксама думалі, што з’язджаюць з Гродна на 1—2 гады. Караль сказаў, што прыйдзе час і ты вернешся, але не трэба мець ілюзій. Трэба будаваць сваё жыццё ў эміграцыі, хай Беласток стане тваім новым домам.

    Гэты чалавек з’ехаў пасля вайны, але змог вярнуцца ў Гродна, убачыць свой дом і магілы продкаў толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў, калі СССР разваліўся».

    Руслан прызнаецца, што праз больш чым два гады жыцця ў эміграцыі ўжо стаў называць Беласток сваім другім домам.

    Большасць яго герояў таксама змірыліся з думкай, што хуткага вяртання не адбылося і можа не адбыцца, таму людзі ўладкоўваюць сваё жыццё ў эміграцыі.

    «На жаль, чым даўжэй будзе працягвацца гэтая сітуацыя, тым больш людзей будзе з’язджаць з Беларусі, і чым даўжэй яны пражывуць за мяжой, тым менш з іх вернецца на радзіму, нават у новую Беларусь», — лічыць журналіст.

    «Я ўяўляю сабе гэты момант, калі дабягаю да Гродна»

    Што тычыцца самога Руслана і яго жонкі Таццяны, то яны не перастаюць верыць, што калі-небудзь змогуць вярнуцца ў Беларусь.

    «Калі такая магчымасць з’явіцца, то мы хочам не проста вярнуцца ў Гродна, а прыбегчы з самога Беластока (каля 80 км), колькі б гадоў нам ні было. Мы бегаем марафоны, можна сказаць, рыхтуемся да гэтага. Я ўяўляю сабе гэты момант, калі дабягаю да Гродна, цалую брукаванку на Савецкай і далей іду спакойна па горадзе, і мяне, як раней, сустракаюць чытачы і пытаюцца: «Руслан, якія навіны?»

    Чытайце яшчэ:

    Мужчина, которого приняли за «тихаря» на День Воли в Вильнюсе, оказался литовским журналистом. В BYPOL извинились

    «Адчуваецца розніца ў падыходах гісторыкаў і журналістаў». Парады эксперта па працы са складанай тэмай

    Освещение темы ликвидации террориста в Гродно в телеграм-каналах

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці