Затрыманне рэдактара Аксаны Колб: Целазрухі ўлады ў спробах «нармалізацыі адносінаў» у чарговы раз натыкнуліся на супрацьдзеянне сілавікоў?
Безумоўна, шокавай падзеяй на гэтым тыдні для нас стала затрыманне рэдактаркі газеты «Новы час» і чальца нашай каманды Аксаны Колб. Аксана апошнім часам амаль не мела дачынення да творчага працэсу — яна займалася ліквідацыяй газеты, бо ў нас быў ліквідаваны заснавальнік, Таварыства беларускай мовы. І тым не менш, яе затрымалі, як яна паведаміла, «да 10 сутак».
У справе Аксаны Колб ёсць цікавыя акалічнасці. Па-першае, гэтае затрыманне адбылося напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Мажліва, гэта такі любімы прыём сілавікоў па «прэвентыўным затрыманні» перад магчымымі вулічнымі акцыямі. Праўда, у Мінску, падаецца, нічога не планавалася, аднак «Зялёныя» падавалі заяўку на «Чарнобыльскі шлях».
Па-другое, пасля вобшуку ў рэдакцыі 20 кастрычніка яна была ў статусе падазраванай, і «затрыманне да прад’яўлення абвінавачання» тут выглядае крыху нягегла. Калі б ёй хацелі прад’явіць абвінавачанне, гэта можна было зрабіць і без затрымання.
Па-трэцяе, гэтае затрыманне адбылося пасля нарады ў Лукашэнкі, дзе ён у чарговы раз раскрытыкаваў сілавікоў. Маўляў, нам не патрэбныя «палачна-галачныя» паказчыкі, а «зладжаная праца ўсіх дзяржаўных органаў». Пра «палачна-галачныя паказчыкі» ён казаў яшчэ ў 2019 годзе.
І па-чацвёртае, Аксана Колб была затрыманая пасля «зачысткі» незалежных прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Было затрымана блізу 15 прафсаюзных актывістаў, частка з іх знайшлася ў СІЗА КДБ. Што ім інкрымінуюць — таксама невядома, але да БКДП было шмат прэтэнзій у дэмакратычнай грамадскасці. Гэтая структура выступіла ў цэлым супраць санкцый ЕС, бо тыя, на думку БКДП, шкодзяць не толькі рэжыму, але і працоўным.
Карацей, кантэкст гэтага затрымання — чарговая спроба сілавікоў нахапаць народу, а потым разбірацца, што з ім рабіць. То-бок, паказаць сваю патрэбнасць. Толькі вось паказ гэтай «патрэбнасці» цалкам укладаецца ў тую «палачна-галачную сістэму», супраць якой і выступіў Лукашэнка на нарадзе.
Між іншым, гэтыя затрыманні можна лічыць і адказам на правал «місіі Макея». Нагадаем, што 6 красавіка ён накіраваў ліст асобным заходнім дыпламатам з прапановаю «перагарнуць старонку» і пачаць «канструктыўны дыялог». Праўда, у тым лісце адпрэчваліся відавочныя рэчы кшталту ўдзелу Беларусі ў нападзе на Украіну. Імаверна, адказам «заходнікаў» было «зліццё» гэтага ліста ў прэсу. І не толькі гэтага ліста: Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю «экстрэмісцкаму» радыё паведаміла, што ў Мінску працавала нейкая місія, якая вяла закрытыя перамовы з экс-міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Нібыта, абмяркоўвалася вызваленне 300 палітычных вязняў у абмен на аднаўленне транзіту праз порт Клайпеды.
Відавочна, што з «наборам» новых палітычных вязняў, а таксама з апрылюдненнем інфармацыі пра гэтую місію, ні пра якія перамовы гаворка ісці ўжо не можа.
Але гэтая місія пэўную справу ўсё ж зрабіла. Яна паказала, наколькі хісткім, насамрэч, цяпер з’яўляецца эканамічны падмурак рэжыму. Калі ўжо пачалі размову пра вяртанне клайпедскага порту — гэта азначае, што ўсе «антысанкцыйныя» маршруты па продажы нашага калію проста праваліліся. А таксама тое, што грошай у дзяржавы не стае ўжо цяпер.
Цікавая навіна надышла з банкаўскага сектару. Тэрмін дзеяння карт Белінвестбанка падаўжаецца да канца сакавіка 2025 года. Гэта тычыцца Visa, Mastercard і «БЕЛКАРТ-Прэміум-Maestro», у якіх тэрмін дзеяння заканчваецца з сакавіка па снежань 2022 года. На падобны крок вырашыліся і іншыя банкі, сярод якіх, напрыклад, Тэхнабанк (да канца 2024 года).
Гэта — таксама наступства санкцый. Заходнія санкцыі супраць Беларусі і Расіі з‑за ўварвання ва Украіну прадугледжваюць і забарону паставак мікрачыпаў і камп’ютарных элементаў. Гэтая забарона тычыцца і чыпаў банкаўскіх картак, якія выпускаюцца, у асноўным, у Еўропе. Адпаведна, беларускія і расійскія банкі не могуць выпускаць новыя карткі, і замяняць старыя карткі новымі ў масавым парадку, як было раней. Таму ім даводзіцца падаўжаць тэрмін дзеяння ўжо існуючых карт.
Праўда, такое «падаўжэнне» можа кепска адбіцца на бяспецы і стабільнасці ў працы картак. Беларусам, напэўна, лепш перайсці на кэш.
Але і з кэшам ёсць праблемы. БСБ-банк увёў камісію пры зняцці грошай са сваіх банкаматаў з замежных картак у памеры 20%. Падаецца, такога памеру камісій не было нідзе і ніколі. Першае, што прыходзіць на розум: у банка крытычна не стае грошай, што ён вырашыў па-драпежніцку абскубці замежнікаў. Прынамсі, цяпер усе ведаюць, дзе грошы здымаць не трэба.
Ну і, як вішанька на торце, міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў прапанаваў «больш актыўна займацца імпартазамяшчэннем» не абы-каму, а Парку высокіх тэхналогій. «Неабходна развіваць і ўдасканальваць існуючую мадэль, лепшыя практыкі і кампетэнцыі, напрацаваныя ў ПВТ. Але, акрамя гэтага, варта ўзмацняць і прасоўваць новыя кірункі, звязаныя з лічбавізацыяй нацыянальнай эканомікі», — цытуе Чарвякова прэс-служба Міністэрства.
Цікава, якія гэта ў нас «лепшыя практыкі і кампетэнцыі»? Электронныя дзённікі ў школах, якіх мы чакаем ужо пяць гадоў, і якія не працуюць як належыць? А можа, школьная сістэма дыстанцыйнага навучання, якую нам абяцаў яшчэ мінулы міністр адукацыі Карпенка, і якая так і не запрацавала? Бацькоўскія чаты ў Вайберы, падаецца, дагэтуль замяняюць і тое, і другое. І асабліва цікава, што такое «імпартазамяшчальны код».
Карацей, целазрухі ўлады ў спробах «нармалізацыі адносінаў», а значыць, і ў хаця б змякчэнні ціску на беларускую эканоміку, у чарговы раз натыкнуліся на супрацьдзеянне сілавікоў. Яны, сілавікі, ну не як не хочуць губляць сітуацыю. Калі «не да законаў», ім у ёй камфортна. Але гэтая сітуацыя вядзе да калапсу «беларускага эканамічнага цуду». І чым далей сітуацыя кансервуецца — тым бліжэй гэты калапс.
Першым патрабаваннем, якое высоўвалася для вырашэння сітуацыі з санкцыямі і эканамічным калапсам сістэмы, было спыненне рэпрэсій. А потым ужо — вызваленне палітвязняў і перамовы па выхадзе з палітыка-эканамічнага крызісу. Лукашэнка паспрабаваў «асадзіць» сілавікоў, аднак, як мы бачым, у адказ на яго пажаданне прайшла, наадварот, хваля рэпрэсій. І міжволі ўзнікае небяспечнае пытанне: а ці не выйшлі сілавікі з‑пад яго кантролю? Бо выглядае сапраўды на тое, што, пакуль МЗС спрабуе «ўлагодзіць» сітуацыю, а эканамічны блок усяляк (пакуль марна) намагаецца ўтрымаць на плыву стан краіны, сілавікі проста зводзяць гэтыя высілкі на нішто.
Паглядзім, што будзе з затрыманымі чальцамі прафсаюзаў і з Аксанай Колб праз 10 дзён. Калі ў нас з’явяцца новыя палітвязні — у нас могуць з’явіцца і новыя, «суверэнныя» санкцыі. Таму што Міжнародная арганізацыя працы, глабальная Федэрацыя прафсаюзаў IndustriALL ды сусветны Камітэт па абароне журналістаў — не тыя арганізацыі, з якімі можна гуляць у гульні.
Вы памятаеце, што перад уварваннем Расіі ва Украіну ў ЕС практычна быў гатовы суверэнны «пяты санкцыйны пакет» адносна Беларусі?
І Украіна тут будзе цалкам не пры чым.