Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 2 (83) 2026
Студзень – сакавік 2026 года. Aгляд. Спампаваць PDF.

Сустрэча палітычных зняволеных у Вільні. Кацярына (Андрэева) Бахвалава. 19 сакавіка 2026 года. Фота: Белсат
На пачатак 2026 году ў Беларусі заставаліся 28 зняволеных супрацоўнікаў медыя. Пасля візіту ў Мінск 19 сакавіка спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла беларускія ўлады паведамілі пра вызваленне 250 палітзняволеных. Пятнаццаць чалавек ў той жа дзень былі вывезеныя у Літву, астатнія засталіся ў Беларусі. Сярод вывезеных — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева) і блогер Эдуард Пальчыс. Таксама выйшлі з турмы супрацоўнікі медыя Алег Супрунюк, Аляксандр Марчанка, Валерыя Касцюгова і Антон Казельскі.
Між тым працягвалася вынясенне жорсткіх палітычна матываваных прысудаў іншым журналістам — за тры месяцы былі асуджаны 6 чалавек. Працягваўся сістэматычны завочны крымінальны пераслед беларускіх медыясупрацоўнікаў у замежжы; ён закрануў і нядаўна вызваленых.
Узнікла новая форма пераследу — у некаторых незалежных журналістаў, вывезеных за мяжу з дакументамі, былі ануляваныя пашпарты Рэспублікі Беларусь.
Улады працягвалі выкарыстоўваць «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства для абмежаванняў свабоды выказвання. Шматлікія публікацыі, як беларускіх, так і замежных крыніц (напрыклад, кантэнт сайта рускай службы ВВС) прызнаваліся «экстрэмісцкімі матэр’яламі».
У Беларусі быў ухвалены законапраект, які дазваляе парушэнне аўтарскіх правоў дзяржаўнымі тэлеканаламі — выкарыстанне музыкі без згоды праваўладальнікаў пры стварэнні пэўных перадач.
Крымінальны пераслед. Затрыманні ў Беларусі
У Брэсцкім абласным судзе 26 лютага быў агучаны прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24 (раней – незалежная газета Intex-Press) Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу) суд прызначыў Янукевічу 14 гадоў пазбаўлення волі і 135 тысячаў рублёў штрафу, Пакаленку — 12 гадоў і 45 тысячаў рублёў штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысячаў рублёў. Сутнасць абвінавачвання невядомая.
4 сакавіка Мінскі гарадскі суд асудзіў музыку і радыёвядоўцу Алега Хаменку паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У віну артысту паставілі сталую супрацу з рэдакцыяй «Беларускае Радыё Рацыя», што базуецца ў Польшчы, і прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі.
6 сакавіка быў вынесены прысуд журналісту Паўлу Дабравольскаму, абвінавачанаму ў «здрадзе дзяржаве»: паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса ён атрымаў 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі строгага рэжыму. Па звестках БАЖ, абвінавачанне было звязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага. Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua. Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму з‑за мяжы.
Журналістку Ціну Палынскую і яе дачку Маргарыту Рабіновіч асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі кожную паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэксу (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).
Яны былі затрыманыя ў траўні 2025 года, знаходзіліся пад вартай. За гэты час памёр муж Палынскай пісьменнік Алесь Палынскі. Паведамлялася, што справа маці і дачкі можа быць звязана з прызнаннем «Беларускай аналітычнай майстэрні» прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фарміраваннем». Гэта арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян.
У сакавіку стала вядома, што ў чэрвені 2025 года ў сувязі з абвінавачаннем у «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) была затрыманая палітолаг і медыяаналітык Вольга Харламава. Да арышту яна каментавала для розных беларускіх і замежных СМІ падзеі ў Беларусі і свеце, раней была аналітыкам праекта Media IQ. Харламавай пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Працягваўся завочны крымінальны пераслед медыясупрацоўнікаў, якія знаходзяцца у эміграцыі. З боку сілавых структур адбываўся ціск на іх родных.
У прыватнасці, журналіст расследніцкага выдання «Бюро Медыя» Аляксей Карпека даведаўся пра абвінавачванне паводле артыкула 361–1 Крымінальнага Кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), блогерка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава, якая асвятляе гістарычную тэматыку, стала фігуранткай справы, распачатай паводле артыкула 130–1 Крымінальнага кодэкса («Рэабілітацыя нацызму, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт»).
Палітзняволеныя, вызваленыя ў выніку дыпламатычных дамоўленасцяў, наноў станавіліся аб’ектамі крымінальнага пераследу ў Беларусі. Так, была ўзбуджана новая крымінальная справа ў адносінах да блогера Міколы Дзядка (былы журналіст незалежнай газеты «Новы Час», актывіст анархісцскага руху).
Улады перайшлі ад арышту нерухомай маёмасці журналістаў у Беларусі да яе рэалізацыі праз аўкцыён для кампенсацыі накладзеных у выніку завочных судоў вялізарных штрафаў. Пра гэта, у прыватнасці, даведаўся гродзенскі журналіст Уладзімір Хільмановіч, асуджаны за «экстрэмізм», чые кватэра і дом у вёсцы былі выстаўленыя на продаж.
Новай формай пераследу вызваленых палітвязняў, якіх вывезлі за мяжу з асабістымі дакументамі, стала ануляванне іх пашпартоў Рэспублікі Беларусь. Напрыканцы сакавіка журналіст Вячаслаў Лазараў, блогеры Дзмітрый Казлоў і Эдуард Пальчыс, якія ў розны час выйшлі на волю дзякуючы садзеянню ЗША, даведаліся, што беларускія ўлады анулявалі іх пашпарты.
Цэнзура
Улады працягвалі абмяжоўваць доступ да крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі. Шматлікія публікацыі як беларускіх, так і замежных медыя прызнаваліся «экстрэмісцкімі».
19 сакавіка была створаная Мінская гарадская камісія па правядзенню ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі (стварэнне такой камісіі прадугледжвалася пастановай Савета Міністраў ад 2021 года, але да гэтага ў сталіцы дзейнічалі толькі рэспубліканская і Мінская абласная камісіі).
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, разам з многімі іншымі, на падставе судовых рашэнняў былі ўключаныя кантэнт рускай службы ВВС, «Новой газеты Европа», старонкі «Радыё Свабода | Беларусь» у Threads. З гэтай нагоды прэс-служба ВВС распаўсюдзіла заяву, у якой падкрэсліваецца, што яе супрацоўнікі «глыбока занепакоеныя тымі наступствамі, якія ўключэнне Рускай службы ВВС ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў можа мець для сотняў тысяч жыхароў Беларусі, якія кожны тыдзень звяртаюцца да ВВС у пошуках так неабходнай ім дакладнай і бесстаронняй інфармацыі».
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, быў уключаны відэаблогер Максім Шуканаў, які адбывае чатырохгадовы тэрмін пазбаўлення волі.
У Дзень Волі 25 сакавіка шэраг беларускіх сайтаў – у тым ліку незалежных медыя «Наша ніва», Reform.news і «Медиазона. Беларусь» – трапілі пад DDOS-атакі. Хто стаіць за імі, дакладна не вядома, аднак зранку 25 сакавіка гэтыя атакі ўхвалілі аўтары прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, прыбліжаных да беларускіх сілавікоў. «Добрыя хакеры павіншавалі беглых экстрэмістаў са святам», — напісалі ў адным з іх і дадалі, што «ў праграме адпраўка на адпачынак некалькіх» рэсурсаў.
Дзяржаўная інфармацыйная палітыка
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працягвалі ажыццяўляць прапагандысцкую дзейнасць.
23 лютага пачаў вяшчанне тэлеканал «ВоенТВ», які быў уключаны ў пакет рэспубліканскіх каналаў. Па словах першага намесніка гендырэктара тэлекампаніі «ВоенТВ» Канстанціна Гагарына, новы тэлеканал будзе «бесперапынна расказваць пра дзяржаўную палітыку ў галіне абароны», бо «калі не ўзброена свядомасць народа, то прайграеш любое супрацьстаянне».
Пасля таго як у Расіі перайшлі да чарговага этапу блакіроўкі Telegram і YouTube (з 10 лютага), некаторыя беларускія прапагандысцкія СМІ, у прыватнасці, «SB.BY Беларусь сегодня», пачалі рэкламавацца ў расійскім месенджары Max.
Праектам закона, прынятым Палатай прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у першым чытанні, прадугледжваецца свабоднае выкарыстанне музыкі без згоды аўтараў ці праваўладальнікаў, пры ўмове належных абавязковых выплат, пры стварэнні пэўных тэлеперадач дзяржаўнымі каналамі, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет. Дазвол на парушэнне аўтарскіх правоў быў матываваны спецыфікай тэлевізійнай вытворчасці, што патрабуе аператыўнасці.
У лютым папулярная сацыяльная сетка TikTok выдаліла акаўнт беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка «Azarenok_napryamuyu», які меў больш за 12 тысяч падпісчыкаў. Прычынай блакіроўкі ў выпадках такога кшталту звычайна становіцца парушэнне правіл супольнасці, у прыватнасці — распальванне нянавісці або распаўсюд дэзінфармацыі.
@bajmedia