• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Аляксандра Буракова затрымалі ў Нямеччыне – яму працягнулі забарону на ўезд у Еўразвяз

    Беларускі журналіст Аляксандр Буракоў 4 чэрвеня прыляцеў у Берлін з Малдовы, дзе раней атрымаў статус уцекача. На пашпартным кантролі яго затрымалі, патлумачыўшы гэта тым, што ягонае прозвішча ўнесенае ў SIS (база дадзеных для кантролю межаў і забеспячэння бяспекі) як асобы, якой забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і Шэнгенскага пагаднення. БАЖ пагутарыў з журналістам, пакуль ён знаходзіцца ў камеры для затрыманых у аэрапорце Берлін-Брандэнбург.

    Аляксандр Буракоў

    Алесь Буракоў-старэйшы. Фота: БАЖ

    У Буракова раней была 5‑гадовая забарона на ўезд у краіны ЕЗ і Шэнгенскага пагаднення. Сёлета 2 сакавіка яна скончылася. Са словаў журналіста, у красавіку ён разам з юрыстам падаваў запыт у паліцыю Чэхіі з пытаннем пра тое, ці скончыўся ўжо бан і ці выкраслілі ягонае імя з базы. 13 красавіка паліцыя Чэхіі адказала, што забароны ўжо няма. Таму Аляксандр спакойна паляцеў у Нямеччыну.

    «На пашпартным кантролі мне сказалі, што ў мяне няма ніякіх праблемаў з дакументамі, акрамя таго, што маё прозвішча знаходзіцца ў шэнгенскай сістэме SIS. Аказалася, што 16 красавіка бягучага года Польшча ўнесла мае дадзеныя ў гэтую сістэму з забаронай на ўезд яшчэ на 5 гадоў да 16 красавіка 2031 года з фармулёўкай, што я прадстаўляю пагрозу для Польшчы. Я за ўвесь гэты час у Польшчу не ўязджаў, бо знаходжуся па-за межамі Еўразвязу, хоць цягам апошніх 4 гадоў мы з польскімі адвакатамі абскарджвалі папярэдні бан, таксама накладзены Польшчай, які мы лічым беспадстаўным», – распавёў Буракоў.

    Прычыну, па якой Польшча зноў забараніла ўезд, Аляксандр не ведае. У нямецкага боку тлумачэнняў таксама няма – яны адзначылі, што прэтэнзіяў да беларуса і ягоных дакументаў – біяметрычнага пашпарта ўцекача, выдадзенага Малдовай, не маюць, і ён мог уехаць у Нямеччыну без візы.

    Назад у Кішынёў Буракоў збіраўся ляцець 8 чэрвеня. Падчас знаходжання ў пакоі для затрыманых яму выдалі ягоны тэлефон і ён змог замовіць сабе новы квіток наступны дзень, 5 чэрвеня, які абышоўся даражэй, чым квіток туды і назад, набыты раней. Пашпарт журналісту аддадуць толькі перад вылетам.

    У 2021 годзе Аляксандр Буракоў даведаўся, што яму – нягледзячы на нядаўна выдадзеную польскую візу – забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення да 2 сакавіка 2026 года.

    Паводле журналіста, спачатку ён спрабаваў разабрацца самастойна, што мог парушыць, каб трапіць пад забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Але для яго гэта так і засталося загадкай: 2 сакавіка 2021 года ён без праблем атрымаў польскую гуманітарную візу, але скарыстацца ёй не паспеў, бо наспела патрэба рэлакацыі ў Літву.

    Калі праз два месяцы Аляксандр падаў дакументы ў Літоўскую амбасаду, высветлілася, што з ініцыятывы польскага боку ён унесены ў спіс асобаў, якія нясуць пагрозу ўнутранай бяспецы польскай дзяржавы. Хаця ў Польшчу журналіст нават не заязджаў.

    Таямнічыя наступствы старога канфлікту

    Падставай, як мяркуе сам Аляксандр Буракоў, маглі стаць хіба што падзеі 20-гадовай даўніны:

    «У сярэдзіне 2000 х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу».

    Тады Аляксандру забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады. Але потым журналіст некалькі разоў атрымліваў шэнгенскія візы ў амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўразвязу.

    Улетку 2025 года Аляксандр Буракоў праз адваката дамагаўся тлумачэння падстаў, паводле якіх журналіста ўключылі ў ў базу SIS (Шэнгенскую інфармацыйную сістэму, якая выкарыстоўваецца для мер бяспекі), і азнаямлення з матэрыяламі справы, каб аспрэчыць забарону.

    Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня 2025 года прызнаў, што адмова выдаць для азнаямлення матэрыялы справы – неправамоцная. Але ў тым жа месяцы яму зноў адмовілі «з той прычыны, што падставы ўнясення ў SIS падпадаюць пад дзеянне асобных пунктаў заканадаўства, калі замежнік не мае права на азнаямленне з дакументамі».

    29 снежня 2025 года адвакат Пётр Дзенішэўскі атрымаў адказ ад суда, у якім пацвярджаецца, што Упраўленне па справах замежнікаў застаецца на сваёй пазіцыі і патрабуе адхілення скаргі Буракова.

    Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве на пачатку сакавіка 2026 года вынес рашэнне аб адхіленні пазову па справе Буракова. Сутнасць справы, з за якой беларускі журналіст трапіў у шэнгенскі бан, застаецца таямніцай.

    Журналіст выехаў з Беларусі з прычыны палітычна матываванага пераследу.

    Ён працаваў фрылансерам на «Белсаце», радыёстанцыях «Радыё Рацыя», Deutsche Welle, пасля пратэсных падзей 2020 года яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць і прызначалі адміністрацыйныя арышты. У ізалятары Аляксандр трымаў галадоўку на знак пратэсту з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання вязняў.

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.