• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Газету Слонімскую” не пусцілі ні ў цэнтр горада, ні ў лес

    Галоўны рэдактар і выдавец “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам з просьбай дазволіць правесці ў суботу, 6 жніўня, святочнае мерапрыемства (рэкламную акцыю) з нагоды выхаду 1000-га нумара газеты ў скверыку ў цэнтры Слоніма. Там звычайна і праводзяцца падобныя мерапрыемствы. Аднак “Газету Слонімскую” святкаваць свой юбілей у цэнтр горада ўлады не пусцілі. 

    — У заяве я ўказаў, што, як арганізатар мерапрыемства, усю адказнасць за яго правядзенне бяру на сябе. Але нам у чарговы раз улады адмовілі. Будзем ладзіць сваё свята ў двары рэдакцыі, — пракаментаваў сітуацыю Віктар Валадашчук.

    Тым часам 1 жніўня карэспандэнт “ГС” Таццяна Плахетка атрымала інфармацыю, што ў лесе каля вёскі Асабнякі на Слонімшчыне праходзяць раскопкі пахавання салдат, загінулых у Другую сусветную вайну.

    — Мы з калегам Аляксеем Навіцкім амаль паўгадзіны ішлі пешкі па палявой дарозе, потым па лесе, пакуль знайшлі месца раскопак. Самае крыўднае, што пасля гэтага мне не дазволілі сфатаграфаваць раскапаныя пахаванні і парэшткі загінулых. Спачатку сказалі, што для гэтага патрэбна адмысловая акрэдытацыя Міністэрства абароны, а потым дадалі, што кожны баец пошукавага батальёна мае прышчэпку ад сібірскай язвы, а мы іх не маем. Цяперашняя пазіцыя пошукавікаў здзівіла мяне яшчэ і таму, што раней яны самі ахвотна ішлі на кантакт і распавядалі пра раскопкі пахаванняў часоў апошняй вайны на Слонімшчыне, — падзялілася сваімі ўражаннямі журналістка.

    Варта зазначыць, што некалькі здымкаў на адлегласці карэспандэнт “ГС” усё ж зрабіла і гэтая навіна была змешчана на сайце газеты.

    “Газета Слонімская” выдае свой 1000-ны нумар. Віншуем!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці