• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газету “Борисовские новости” просяць абвергнуць звесткі пра карупцыю на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў

    Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў лічыць, што яго дзелавая рэпутацыя пацярпела з-за назвы артыкула, у якім былі апублікаваныя звесткі аб фактах карупцыі з удзелам службовых асоб прадпрыемства.

    Рэдакцыя недзяржаўнай газеты “Борисовские новости” атрымала ліст з Барысаўскага камбінату хлебапрадуктаў за подпісам в. а. дырэктара Д. П. Васько. Нагодай для яго паслужыў артыкул пад назвай “На комбинате хлебопродуктов выявлена коррупция”, які быў апублікаваны ў газеце 7 чэрвеня 2017 года. 

    У артыкуле распавядаецца пра факты карупцыі, якія былі выяўлены супрацоўнікамі УБЭЗ пры пастаўцы ветэрынарных прэпаратаў на дзяржаўныя прадпрыемствы. Паведамлялася, што заведзена 15 крымінальных спраў за атрыманне хабару ў адносінах да службовых асоб шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, у тым ліку УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”.

    Інфармацыя аб выяўленні карупцыйных схем у сферы аграпрамысловага комплексу з’явілася 26 мая 2017 г. на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: “Изобличена коррупционная схема в сфере агропромышленного комплекса”. Аналагічная інфармацыя пазней была апублікаваная пад рознымі загалоўкамі і на іншых сайтах: vborisove.by «СК возбудил уголовное дело в отношении должностного лица Борисовского комбината хлебопродуктов», edinstvo.by «В отношении должностного лица Борисовского комбината хлебопродуктов возбуждено уголовное дело», ex-Рress.by.

    В. а. дырэктара УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” Д. П. Васько ў сваім лісце на імя галоўнага рэдактара газеты Анатоля Букаса сцвярджае, што надрукаваўшы артыкул “Борисовские новости” парушылі прынцып дакладнасці інфармацыі, чым зганьбілі дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Як адзначае аўтар ліста, затрыманне кіраўніка Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў не звязана з яго працоўнай дзейнасцю на прадпрыемстве. В. а. дырэктара спасылаецца таксама на прынцып прэзумпцыі невінаватасці, даючы тлумачэнне яго сутнасці, і патрабуе абвергнуць звесткі, апублікаваныя ў назве артыкула, якія не адпавядаюць сапраўднасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства.

    29 чэрвеня 2017 г. у газеце “Борисовские новости” надрукаваны артыкул “Директор арестован, но коррупции на хлебокомбинате нет”. Са спасылкай на падп. 1 п. 1 арт. 52 Закона “О средствах массовой информации” рэдакцыя лічыць, што падстаў для абвяржэння надрукаванай раней інфармацыі няма.

    Падп. 1 п. 1 арт. 52: журналіст, заснавальнік, галоўны рэдактар СМІ не нясуць адказнасці за распаўсюджанне звестак, якія не адпавядаюць сапраўднасці, калі гэтыя звесткі атрыманыя ад дзяржаўных органаў, іх службовых асоб, а таксама ўтрымліваюцца ў афіцыйных інфармацыйных паведамленнях і матэрыялах.

    Фота edinstvo.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці