• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следчы камітэт пакараў сваіх супрацоўнікаў за неналежнае правядзенне праверкі па скаргах журналіста

    Намеснік начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Віталь Шляханаў (Виталий Шлеханов) пісьмова паведаміў карэспандэнту БелаПАН Уладзіміру Лапцэвічу, што за неналежачае правядзенне праверак па скаргах журналіста супрацоўнікі Следчага камітэта прыцягнутыя да адказнасці.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/lapcevich-sud.jpg

    Нагадаем, што яшчэ 9 красавіка 2017 года супрацоўнік Ленінскага райвыканкама Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў райадміністрацыі журналіста агенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.

    У памяшканні павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна, і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН.

    Журналіст лічыць, што чыноўнік і міліцыянт парушалі артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. Увесь гэты час Уладзімір Лапцэвіч дабіваецца прыцягнення да адказнасці чыноўніка і міліцыянта, якія перашкаджалі яму выконваць прафесійныя абавязкі.

    Некалькі разоў Лапцэвіч звяртаўся з адпаведнымі заявамі ў Следчы камітэт, але атрымліваў адтуль толькі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні Канстанціна Кісцянёва і Сяргея Калеснікава. Пастановы следчых журналісту даводзілася абскарджваць у судзе Ленінскага раёна Магілёва, які іх адмяняў і накіроўваў для правядзення дадатковага расследвання назад у Следчы камітэт.

    Лапцэвіч накіраваў у Следчы камітэт скаргу, у якой запатрабаваў прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў Следчага камітэта, якія неналежным чынам праводзілі праверкі па яго заявах.

    Віталь Шляханаў у сваім адказе паведаміў журналісту, што за неналежнае правядзенне даследчай праверкі старэйшы следчы Магілёўскага міжрайаддзела СК Аляксандр Лескавец прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці. Другі старэйшы следчы таго ж Магілёўскага міжрайаддзела І. Другакоў быў папярэджаны, што ў выпадку паўтарэння падобных парушэнняў да яго “будуць ужытыя строгія меры ўздзеяння”.

    Таксама палкоўнік юстыцыі паведаміў, што на сёння Магілёўскім міжрайаддзелам Следчага камітэта праводзіцца дадатковая праверка, па выніках якой будзе прынятае рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

    “Такое ўражанне, што кіраўніцтва Следчага камітэта Магілёўскай вобласці само не ведае, што робяць, – кажа Уладзімір Лапцэвіч. – У адказе намеснік кіраўніка прызнаецца, што супрацоўнікі Следчага камітэта І. Другакоў і А. Лескавец неналежным чынам праводзілі праверку па маіх заявах. Але матэрыялы для разгляду ізноў накіравалі таму ж Лескаўцу пасля рашэння Ленінскага райсуда адмяніць яго ж пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні Кісцянёва і Калеснікава. І мне ўжо прыйшла чарговая пастанова падпалкоўніка Лескаўца, у якой той ізноў адмаўляецца ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да чыноўніка і міліцыянера, якія перашкаджалі маёй прафесійнай дзейнасці”.

    Уладзімір Лапцэвіч адзначыў, што бліжэйшым часам ён збіраецца абскардзіць новую пастанову старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Аляксандра Лескаўца аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава ў судовым парадку.

    “Я абавязкова абскарджу гэту пастанову ў судзе, час да 13 красавіка ў мяне ёсць”, — кажа журналіст.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці