У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі сацсеткі тэлевядоўцы Дзяніса Дудзінскага
Міністэрства інфармацыі Беларусі 22 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Денис Дудинский. Фото: из личного архива героя
У ліку іншых у спіс уключылі акаўнт denis_doudinski ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com) і акаўнт denis_doudinski (Денис Дудинский) у Threads (ідэнтыфікатар threads.net). Прызнаць іх «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 21 кастрычніка 2026 года пастанавіў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Абодва інтэрнэт-рэсурсы належаць Дзянісу Дудзінскаму — вядомаму беларускаму тэлевядоўцу і шоўмену. Шмат гадоў Дзяніс быў адным з самых папулярных твараў беларускага дзяржаўнага тэлебачання, у прыватнасці, быў удзельнікам і вядоўцам папулярнага ранішняга шоу «Добрай раніцы, Беларусь!». Таксама ён доўгі час з’яўляўся пастаянным вядоўцам фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». У чэрвені 2020 года Дзяніс Дудзінскі публічна асудзіў дзеянні сілавікоў падчас затрымання ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту. 12 жніўня 2020 года разам з іншымі звольненымі супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі арганізаваў акцыю пратэсту супраць цэнзуры каля будынка дзяржаўнага тэлебачання.
У чэрвені 2021 года Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай быў вымушаны пакінуць Беларусь. Спачатку яны з’ехалі ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны перабраліся ў Польшчу. Пасля ад’езду Дзяніс пачаў супрацоўнічаць з незалежным тэлеканалам «Белсат».
«Калыханка для дарослых». Дзяніс Дудзінскі – пра новае вечаровае шоу на «Белсаце»
Таксама ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ўключылі TikTok-акаўнт alx_lazarau (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@alx_lazarau). «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 21 кастрычніка 2026 года яго прызнаў суд Магілёўскага раёна.
Гэта старонка беларускага моладзевага актывіста і блогера Аляксея Лазарава, аднаго са стваральнікаў кампаніі «Учёба важней» (супраць адмены адтэрміновак ад арміі). Праз удзел у пратэстах 2020 года і пагрозу крымінальнага пераследу быў вымушаны пакінуць Беларусь. Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Аляксей Лазараў уступіў у шэрагі добраахвотнікаў і стаў ваяром ЗСУ і 19 студзеня 2026 года загінуў пры выкананні баявога задання на вайне ва Украіне.
У сваім TikTok-акаўнце, які мае больш за дзве з паловай тысячы падпісчыкаў, ён разважаў пра палітыку і эканоміку Беларусі, а таксама вёў грамадска-палітычны падкаст «Вальнадумства».
@bajmedia