• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аператыўна-аналітычны цэнтр пазбавіў даменнага імя незалежнае выданне EX-PRESS.BY

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў вядомы яшчэ адзін выпадак пазасудовага пазбаўлення недзяржаўнага медыя дамена .by у беларускім сегменце інтэрнэту. Гэтым разам пад «зачыстку» трапіла рэдакцыя інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу EX-PRESS.BY, які расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне.   

    Нейкі час таму ўладальніца даменнага імя ЕX-PRESS.BY Міла Поляк атрымала электронны ліст з Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі — яшчэ адзін аналагічнага зместу, мяркуючы па «шапцы», прадубляваны на адрас таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беларускiя воблачныя тэхналогii».

    Тэма допісу інфармавала «аб прыняцці мер рэагавання ААЦ у межах выканання функцый адміністратара нацыянальнай даменнай зоны, а таксама па выніках разгляду ліста ТАА «Беларускiя воблачныя тэхналогii» ў якасці рэгістратара».

    У допісе за подпісам намесніка начальніка кантрольнага ведамства Сяргея Жарнасека даводзілася, што ў цэнтралізаванай базе дадзеных аб даменных імёнах змяшчаюцца звесткі пра EX-PRESS.BY, уладальнікам якога ўказаны індывідуальны прадпрымальнік. Спасылаючыся на прэзідэнцкі ўказ ад 18 верасня 2019 года № 350 («Аб асаблівасцях выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт») чыноўнік адзначае: асобы, якія прадстаўляюць звесткі для фармавання базы дадзеных, мусяць указваць праўдзівую інфармацыю і пры неабходнасці пацвярджаць яе дакладнасць. 

    У якасці «жалезнага аргумента» прадстаўнік дзяржаўнага адміністратара адсылае да пункта 27 інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імёнаў, зацверджанай загадам усё таго ж ААЦ ад 18 чэрвеня 2010 года № 47, што ўладальнік дамена абавязаны ў тэрмін да сямі працоўных дзён па запыце рэгістратара падаць дакументы, якія пацвярджаюць дакладнасць інфармацыі, унесенай у базу дадзеных. 

    Паводле яго слоў, рэгістратар сваім лістом ад 20 сакавіка 2023 года накіраваў уладальніку дамена EX-PRESS.BY на электронную пошту, а таксама на паштовы адрас паведамленні аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці звестак у базе дадзеных. Прычым, уладальнік дамена мусіць гэта зрабіць «явачным парадкам» — то бок прыйсці ў офіс з пакетам дакументаў. 

    Паколькі на апавяшчэнні ў вызначаны тэрмін адрасат не адрэагаваў, са спасылкай на пункт 48 унутранай інструкцыі Сяргей Жарнасек канстатуе: непрадстаўленне ўладальнікам дамена па запыце рэгістратара пацвярджальных дакументаў з’яўляецца парушэннем парадку рэгістрацыі даменнага імя.

    На гэтай падставе, і кіруючыся чарговым пунктам 52 інструкцыі,  нацыянальны адміністратар прыняў аднаасобнае рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя інфармацыйнаму рэсурсу EX-PRESS.BY. Што зручна ва ўмовах «правасуддзя» па-беларуску, нават не запатрабавалася звароту ў суд.  

    Рэгістратару ў асобе ТАА «Беларускiя воблачныя тэхналогii» ў выглядзе канстатацыі факту даручана праінфармаваць уладальніка дамена EX-PRESS.BY аб парушэнні і мерах адэкватнага рэагавання з боку кантрольнага органа.  

    Нагадаем, у кастрычніку 2021 года паводле заявы пракуратуры Барысаўскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя інтэрнет-рэсурсу EX-PRESS.BY была прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2023-га той жа суд з невядомых прычын прадубляваў рашэнне, зрабіўшы журналістаў выдання «экстрэмістамі ў квадраце».

    Каб не падвяргаць калектыў небяспецы, кіраўніцтва рэдакцыі прыняло рашэнне «эвакуявацца» з Беларусі. Перадусім з гэтай прычыны паходы «на дыван» да рэгулятара ўяўляюцца немагчымымі фізічна. Хоць, як сведчыць юрыдычная практыка, насамрэч асабістыя візіты ніякімі нарматывамі не прадугледжваюцца.  

    Фота: pexels.com

    Днямі Беларуская асацыяцыя журналістаў расказвала аналагічную гісторыю, як Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце РБ ануляваў запіс аб рэгістрацыі даменнага імя яшчэ аднаго незалежнага выдання на падставе нібыта «няпройдзенай праверкі дадзеных». Назва медыя пакуль не разгалошваецца, бо ў Беларусі пад патэнцыйнай пагрозай засталіся супрацоўнікі. 

    Інфармацыйны рэсурс да таго быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», і падавалася, што радыкальныя захады звязаныя менавіта з вымушаным статусам. Але выглядае, што перад кантралёрамі стаіць задача «аптымізаваць» у нацыянальным сегменце ўсіх нелаяльных да дзейнага рэжыму.   

    У тым выпадку ў скарзе на імя начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэя Паўлічэнкі рэдактарат спаслаўся на пункт 49 інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імён, зацверджанай самім ААЦ загадам № 47 ад 18 чэрвеня 2010 года. Там наўпрост гаворыцца: адміністратар інфармуе рэгістратара толькі пры выяўленні парушэння. А сутнасць «парушэння» так і не была агучана.

    У той жа час цалкам цягне на перавышэнне службовых паўнамоцтваў прадпісанне пра «асабістае наведвання офіса рэгістратара», што не прадугледжана функцыямі адміністратара нацыянальнай даменнай зоны і супярэчыць ч. 2 арт. 7 Канстытуцыі: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.

    Акрамя таго, такое патрабаванне супярэчаць пункту прэзідэнцкага дэкрэта № 1 ад 16 студзеня 2009 года, дзе ў якасці пацвярджэння законных функцый правамоцным дакументам называецца пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі. Як вынік, само апавяшчэнне з боку ААЦ вынесена з перавышэннем улады.

    Чытайце яшчэ:

    Рэжысёрка стужкі «Беларусь 23.34» Таццяна Свірэпа: Я не маю адукацыі ў сферы кіно, таму ўсё раблю метадам спробаў і памылак

    Пад Херсонам забілі ўкраінскага журналіста, італьянскі журналіст паранены

    «Маё жыццё — таксама суцэльныя кампрамісы». Канстанцін Каверын — пра бяссілле, БАТЭ і свой спосаб не ўпасці ў дэпрэсію

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці