• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускім фатографам не заплацілі за ўдзел у замежнай выставе. Хто вінаваты?

    Ці траплялі вы ў падобную сітуацыю: прыходзіць прапанова на працу па профілю, на словах абяцаюць за ўдзел грошы — і марудзяць з аплатай, калі яна ўжо цалкам зробленая? Спачатку месяц, потым два, затым паўгода і год. Менавіта ў такую непрыемную, але распаўсюджаную сярод эмігрантаў гісторыю трапілі фатографы Яўген Атцэцкі і Яўген Ярчак з мінулагодняй латвійскай выставай.

    Фота з выставы «Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020» / Māk­slas staci­ja Dubul­ti Art Sta­tion Dubul­ti

    Еўрарадыё паразмаўляла з фотамастакамі, арганізатарамі падзеі і юрыстам, які даў парады, што рабіць у такой сітуацыі.

    Праца без ганарара

    Акалічнасці справы фатографы расказалі на мінулым тыдні ў Фэйсбуку. Перакажам сцісла, як развіваліся падзеі.

    У сакавіку 2023 года ў Юрмале прайшла выстава «KREATĪVĀ REVOLŪCIJA. MINSKA 2020» (“Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020”). Яна была прымеркаваная да свята 105-годдзя БНР, а галоўным фокусам сталі падзеі ў Беларусі 2020 года. Як пішуць суразмоўцы, задача ў яе была асветніцкая — распавесці латвійцам пра беларускі кантэкст. 

    У выставе, акрамя Атцэцкага і Ярчака, удзельнічалі керамістка Ганна Мядзведзева, дызайнер Уладзімір Цэслер і шмат іншых беларускіх артыстаў, дапамагаў тэлеканал “Белсат”. Запрашаў мастакоў да ўдзелу дызайнер Дзяніс Давыдаў (у сеціве ён выкарыстоўвае нікнейм Vej Vetryk), які эміграваў з сям’ёй з Беларусі ў Латвію. Ён жа выступіў сукуратарам выставы. Як і Інга Штэмайне, дырэктарка арт-цэнтра “Дубулты”, дзе выстаўляліся працы.

    Па словах фатографаў, акрамя дэманстрацыі прац, у вуснай форме арганізатары абяцалі невялікія ганарары ў памеры 180 еўра. Дамовы аб супрацы не афармаляліся, бо на гэта нібыта не хапала часу. І ўсё трымалася на слове гонару.

    Прыкладна тое ж самае Еўрарадыё расказаў і Яўген Ярчак. Давыдаў таксама яму абяцае заплаціць, але без усялякай канкрэтыкі. 

    “Я не ведаю, у чым справа — ці нас з Яўгенам (і, думаю, іншых удзельнікаў выставы) Давыдаў проста кінуў, ці сапраўды сітуацыя ад яго не залежыць, і ён праблему спрабуе неяк вырашыць, проста пакуль не атрымліваецца. Не буду рабіць нейкіх высноў ды абвінавачванняў, адзначу толькі, што ад камунікацыі са мной ён не сыходзіць і разлічыцца абяцае”.

    Але вось знайсці паразуменне з Інгай Штэмайне ў Яўгена не атрымалася. Арт-мэнеджарка не адказвала на публічныя і асабістыя паведамленні і ў выніку забаніла фатографа ў сацсетках.

    Афіша выставы / Māk­slas staci­ja Dubul­ti Art Sta­tion Dubul­ti

    Апублічванне сітуацыі не дапамагло вырашэнню праблемы — арганізатары ніяк не адрэагавалі на пасты фатографаў. Звяртацца ў суд суразмоўцы не гатовыя па розных акалічнасцях.

    “Я не тое, каб лічу, што мяне моцна кінулі, падманулі, пакрыўдзілі, — кажа Яўген Ярчак. — Рабіць у бліжэйшы час нічога не планую, бо збольшага тут хіба што падаваць у суд на галерэю за выкарыстанне здымкаў без майго фармальнага дазволу. Але ж я не вельмі разумею, як гэта зрабіць тэхнічна і якія тут увогуле перспектывы, асабліва ў фінансавым сэнсе”.

    Падобная пазіцыя і ў Яўгена Атцэцкага.

    “Суд — гэта малаверагодна. Упэўнены, ты глядзеў фільм “Анатомія падзення”, то я ведаю, што суд — гэта грошы, час і нервы. А калі мы яшчэ ў розных краінах, то агулам не ўяўляю, як пабудаваць гэты працэс. У нашых абставінах я абапіраюся толькі на інстытут рэпутацыі, хаця б у той форме, у якой ён існуе. Таксама я буду намагацца распаўсюджваць інфармацыю пра “Ветрыка”, бо трэба, каб людзі ведалі, што гэта за чалавек, і якім чынам ён вядзе справы. А таксама пачуваю справядлівым, калі ў гэтай сітуацыі і нядобрасумленнаму боку проста будзе дыскамфортна”.

    А плаціць і не збіраліся

    Мы звярнуліся па каментары да адваротнага бока — куратараў выставы “Крэатыўная рэвалюцыя” Інгі Штэмайне і Дзяніса Давыдава.

    Дырэктарка арт-цэнтру “Дубулты” расказала Еўрарадыё, што ніколі не мела зносін з фатографамі і ніколі не абяцала ім плаціць. Заробак за выставу, па словах Штэмайне, быў толькі ў куратараў.

    “Наша галерэя плаціць мастакам толькі тады, калі яны ладзяць мерапрыемствы <…> Калі мы пачыналі супрацоўнічаць з Дзянісам Давыдавым, мой мэсідж быў ясны — мы можам выдаткаваць на гэтую выставу 12 тысяч еўра. Вытворчасць перавысіла гэтую лічбу і склала 18 тысяч. Я змяніла гадавы бюджэт на карысць гэтай выставы. <…> Істотны момант — фатографы не дасылалі працы, усе яны былі падрыхтаваныя і надрукаваныя галерэяй. Другі аспект — увесь змест выставы, як фатаграфіі, так і шырокія тэксты быў створаны галерэяй і Дзянісам, а не падрыхтаваны ўдзельнікамі. <…> Мы некамерцыйная арт-прастора з вольным уваходам, без продажаў квіткоў.  <…> Мы вельмі маленькая ўстанова, але выдаткавалі бюджэт на палітычную падтрымку Беларусі”.

    Дзяніс Давыдаў на пытанні адрэагаваў больш экстравагантна. Ён не стаў тлумачыць, калі і ці будзе наогул вырашана пытанне з ганарарамі, а заявіў, што не з’яўляецца менеджарам праекта.

    “Як прафесіянал у гэтай сферы вы разумееце зону адказнасці кожнага [у праекце]”.

    І паколькі Еўрарадыё нічога не напісала пра выставу год таму, каментаваць сітуацыю арт-менеджар не стаў.

    “Таму дзякую за цікавасць праз год, але я дамовіўся даць інфармацыю ўжо іншаму выданню”.

    Заключайце дамову ці звяртайцеся ў суд

    Выпадак Ярчака і Атцэцкага далёка не адзіны, калі замежныя партнёры не выконвалі дамоўленасці ў супрацы з беларусамі. 

    У мінулым годзе берасцейская тэатральная менеджарка Аксана Гайко расказала, як шведскі прыватны тэатр ADAS адхіліў яе ад працы сумеснага спектакля “Mama Zoya, Belarus”. Праект дапрацавалі і паказвалі без удзелу аўтаркі, якая напісала п’есу на глебе ўласнага жыцця і займалася падрыхтоўкай да пастаноўкі як рэжысёр. 

    У сакавіку медыйшчыца Анастасія Пілюгіна публічна скардзілася, што арганізацыя “Публічная сфера” своечасова не выплаціла ёй абяцаны ганарар за паслугі і бізнес дзяўчыны сутыкнуўся “з касавым разрывам”. 

    Нешта падобнае адбылося з сем’ямі стваральнікаў праекта “Невядомая Беларусь” тэлеканала “Настоящее время”. Кінематаграфісты загінулі вясной 2020 года, і на дапамогу іх сем’ям вырашыў сабраць грошы калега і настаўнік аўтараў са Швецыі. Але грошы дайшлі да адрасатаў па незразумелай прычыне толькі гэтай вясной, літаральна праз чатыры гады.

    Еўрарадыё запытала ў юрыста, які пажадаў застацца ананімным, наколькі распаўсюджаная праблема невыканання вусных пагадненняў і як сябе можа засцерагчы ў такой сітуацыі. 

    “У сваёй практыцы я няшмат сутыкаўся з такімі выпадкамі, але вырашэнне пытання на карысць фатографаў будзе цалкам залежаць, ці ёсць сведкі ці доказы (перапіска, аўдыёзапісы), якія могуць пацвердзіць згаданыя ўмовы супрацы. Але і гэта не гарантуе поспех, бо шмат што залежыць ад латвійскага заканадаўства і суда. Працэс патрабуе шмат часу і грошай, што ў дадзеным выпадку проста немэтазгодна”.

    Варыянт, каб засцерагчыся ад падобных сітуацый, юрыст бачыць толькі адзін — не верыць нікому на слова і заўжды афармляць дамову. 

    “Трэба настойваць на юрыдычным афармленне супрацы. Патрабаваць гэтага ад партнёра ці мець шаблон уласнай дамовы, які можна адаптаваць пад кожны выпадак. Калі з вамі адмаўляюцца працаваць у легальным рэчышчы, трэба задумацца, а ці варта ўвогуле мець справу з такім контрагентам. Калі вы пагаджаецеся працаваць без дамовы, то трымайце ў галаве, што вам папросту могуць не заплаціць. І гэта будзе цалкам верагоднае развіццё падзей”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці