«Мы не шкадуем, што гэтае кіно з’явілася». Ігар Ільяш — пра ўражанні ад фільму пра Кацярыну Андрэеву
Муж палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш апублікаваў допіс у Facebook, у якім падзяліўся сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад фільму рэжысёркі Мары Тамковіч «Пад шэрым небам».
Фільм заснаваны на гісторыі Кацярыны, асуджанай у Беларусі на 8 гадоў зняволення за сумленную журналісцкую працу. Напярэдадні стала вядома, што стужка трапіла ў конкурсную праграму вядомага кінафестывалю «Трайбека» у Нью-Ёрку.
«Мне цяпер задаюць шмат пытанняў пра фільм “Пад шэрым небам”, які быў натхненны нашай з Catarina Andreeva гісторыяй.
Ці бачыў я стужку? Так. Канешне, вельмі нязвыкла і хвалююча глядзець кіно пра сваё жыццё. Глядзіш 5 хвілін, а потым 10 хвілін ходзіш па пакоі туды-сюды: думаеш, чакаеш пакуль эмоцыі ўлягуцца. Інакш, імаверна, і быць не можа – гэта адкрытая рана. У выніку пераглядаў двойчы, каб цалкам прыбраць эмоцыі і лепш асэнсаваць убачанае.
Адразу хачу сказаць, што рэжысёрка Mara Tamkovich паставілася да нашай гісторыі з вялізарнай адказнасцю і беражлівасцю. Падчас працы над фільмам мы шмат размаўлялі, абмяркоўвалі падзеі апошніх гадоў, я распавядаў дэталі, пра якія ніхто не ведае. І мае заўвагі звычайна ўлічваліся. Пры гэтым я не настойваў на дакументальнай дакладнасці, добра разумеючы, што гэта мастацкі твор.
Я ўвогуле мяркую, што гісторыя Каці ўжо не належыць толькі ёй і ейнай сям’і – гэтыя падзеі ўплецены ў сучасную гісторыю Беларусі і з’яўляюцца іх неад’емнай часткай. А на мастацкае асэнсаванне гісторыі краіны ні ў каго манаполіі быць не можа. Таму галоўная парада для ўсіх, хто будзе глядзець стужку ўпершыню: улічвайце, што фільм толькі “натхнёны сапраўднай гісторыяй”. Імёны галоўных герояў – не Каця і Ігар. Гэта ўсё-ткі асобныя персанажы.
Разам з тым, у фільме атрымалася стварыць адчуванне рэалістычнасці. Падчас прагляду ў мяне не ўзнікала думкі, што ўсё паказанае штучна, што стваральнікі стужкі не разумеюць свету, пра які распавядаюць, і г.д. У тую гісторыю, якую паказваюць на экране – верыш. Нават цалкам выдуманыя эпізоды выглядаюць арганічна. Прыемна ўражвае ўвага да дэталяў – пачынаючы ад адзення і завяршаючы чырвонымі канвертамі 1‑га класа. Лакацыі (суд, турма, калонія, пакойчык для спаткання, кватэра) падабраныя ўдала. Усё гэта стварае атмасферу.
У выніку, як мне падаецца, атрымаўся годны фільм. Я не магу сказаць, што мне ўсё спадабалася. Чыста стылістычна – гэта не маё кіно. “Пад шэрым небам” зроблена ў вельмі стрыманай, мінімалістычнай манеры, а я хутчэй прыхільнік экспрэсіўнага аповеду, тым больш што гэта было б бліжэй да характару Каці. Але тут справа густу: як я ўжо сказаў раней, нельга забывацца, што гэта мастацкі твор.
Не ведаю, ці спадабаецца Каці стужка. Але я ў любым выпадку хачу выказаць вялікую падзяку Mara Tamkovich за працу. За тое, што яна не пабаялася ўзяцца за такую складаную і балючую тэму, паспрабавала яе асэнсаваць. Мы не шкадуем, што гэтае кіно з’явілася».