• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»

    9 лістапада вядомы беларускі журналіст Аляксандр Тамковіч мог бы адзначаць свой 60-гадовы юбілей. Але з прычыны цяжкіх хвароб у сакавіку 2022 года яго не стала. БАЖ памятае Аляксандра Тамковіча як свайго сябра, адданага справе журналіста і прафесіянала, таленавітага пісьменніка. Напярэдадні 60-годдзя мы пагаварылі з дачкой Аляксандра — Марай Тамковіч, якая падзялілася ўспамінамі пра бацьку.  

    — Якія вашы дзіцячыя ўспаміны пра татава выхаванне? Якім бацькам быў Аляксандр Тамковіч?

    — Думаю, каб выхаванне было толькі на бацьку, ён бы разбэсціў мяне ўшчэнт. Але за парадак і дысцыпліну ў доме заўжды адказвала мама. Яна была значна больш уважлівая і строгая ў выхаванні. А тата быў больш даверлівы і вельмі не любіў канфрантацый. Яму зручней было думаць добра пра нешта і заплюшчваць вочы на аргументы, якія могуць сведчыць пра адваротнае. Ён не быў моцна патрабавальны да побыту, да штодзённасці і абсалютна не меў жадання ў гэта занурацца. У пэўным сэнсе тое датычылася і мяне. Тата быў схільны значна больш дазволіць, прыняць часам вельмі сумнеўную аргументацыю ці апраўданні, значна больш выбачыць.

    Ён падзяляў маю слабасць да кніжак. Дома заўжды было шмат кніг, і я цягнула іх у хату калі толькі магла. Тата мала калі адмаўляў мне ў грошах, каб набыць чарговы збор твораў, які я выглядзела ў «Букінісце».

    І я пёрла кнігі дахаты — пажадана так, каб мама не адразу заўважыла. Дарэчы, у апошнім маім фільме «Пад шэрым небам» — поўнаметражным дэбюце, які выйдзе налета, — усе расійска- і беларускамоўныя кнігі ў дэкарацыях з маёй бібліятэкі, якую я тады назбірала і потым часткова перавезла ў Польшчу. Сярод іх і кнігі, набытыя ў тым «Букінісце» на грошы, якія тата мне даваў, не афішуючы маме.

    У дзіцячым успрыманні тата быў для мяне сінонімам прыгоды. Ягоная праца падавалася прыгодай, але і ў адпачынку аванцюрныя пачынанні — з ім. Менавіта тата быў гатовы заплываць са мной далёка-далёка ў мора, калі мы едзілі ў адпачынак. Дома захаваўся здымак, на якім сярод сініх хваляў дзве маленькія кропкі — тата і я.

    Аляксандр Тамковіч нарадзіўся ў 1963 годзе ў Ашмянах. Скончыў журфак Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча. У 1987–1991 гадах быў карэспандэнтам газеты «Во славу Родины». У 1991‑м стаў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Свободные новости». У 2001 стварыў і ўзначаліў газету «День», якая праіснавала нядоўгі час. У 2006 годзе за нарыс у газеце «Новы Час» на Александра Тамковіча падаў у суд генерал-пісьменнік Мікалай Чаргінец. Сума позвы склала 100 мільёнаў беларускіх рублёў, што зрабіла Тамковіча самым «дарагім» журналістам за ўсю гісторыю Беларусі.

    У 2002 годзе цяжка захварэў і атрымаў другую групу інваліднасці. З 2006-га пачаў пісаць кнігі на аснове сваіх інтэрв’ю. Выдаў амаль два дзясяткі зборнікаў. Лаўрэат прэміі імя Юрыя Захаранкі «З узнятым забралам», літаратурнай прэміі Алеся Адамовіча, прэміі ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча. Сябра БАЖ з 1997 года.

    Не памятаю, каб тата быў уключаны ў маё школьнае жыццё — у сэнсе рабіць разам урокі, хадзіць на бацькоўскія сходы… Але ягонае прозвішча і аўра апазіцыйнага бунтара прысутнічалі дакладна. Тата быў у віры сваёй кар’еры, напэўна, таму ягоная праца пакінула адбітак і на маіх успамінах. Ён быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй. З самага дзяцінства я адчувала, што тата імкнецца рабіць нешта важнае — і вельмі хацела быць як ён. Руплівую, штодзённую працу мамы, яе паслядоўную працавітасць я ацаніла значна пазней.

    — Як бацька працаваў? Якія эпізоды захаваліся ў памяці?

    — Тата не любіў працаваць позна ўначы, аддаваў перавагу таму, каб устаць зацемна і дарабіць працу ранкам. Вось такую карцінку памятаю: тата піша на кухні ў нашай хрушчоўцы, каб не будзіць мяне і маму, на стале — ад рукі напісаныя аркушы. Звычайна кухня была каралеўствам мамы, але на гэтыя ранішнія, часам яшчэ цёмныя гадзіны яна рабілася яго месцам, мяняла характар.

    Праца таты прасякала ў нашую штодзённасць. З маленства вакол мяне круціліся розныя прозвішчы тагачасных палітыкаў, важных асобаў… Пэўна, менавіта таму, калі прыйшоў другі тур выбараў 1994-га, шасцігадовая я з гістэрыкай патрабавала ад бабулі, каб яна галасавала за Кебіча. Прозвішча неяк запала мне ў галаву як знаёмае. Паводле сямейнай легенды, я такі прымусіла бабулю паслухацца. Тата потым вельмі любіў узгадваць гэты эпізод. «Устами младенца», — паўтараў ён.

    Я вельмі ганарылася татавай працай. Адчувала, што вакол яго важныя людзі ды падзеі. Адным з такіх людзей быў Міхаіл Пташук, якога тата, нягледзячы на шматгадовае сяброўства, заўсёды называў імем па бацьку.

    Тата неяк рабіў матэрыял са здымак ягонага фільма «Игра воображения» і ўзяў мяне на пляцоўку. Мне нават дастаўся маленечкі эпізод у фільме. Памятаю здымкі, акцёраў, увагу да мяне, якая была працягам увагі і павагі да таты. І тое адчуванне, што тата належыць да нейкага іншага, большага, істотнага света.

    Памятаю і іншыя адчуванні. Калі знік Віктар Ганчар, я доўга не магла заснуць, чакала, калі тата вернецца дадому. Ніхто асабліва не тлумачыў мне, што адбылося, але дзеці разумеюць з размоваў дарослых значна больш, чым ім падаецца.

    Яшчэ адзін эпізод вельмі запомніўся. Мне гадоў дзесяць ці адзінаццаць. Тата пайшоў асвятляць нейкую акцыю. Мама была ў душы, як зазваніў тэлефон. Падымаю — тата. Пытаецца, ці магу паклікаць маму. Я адказваю, што мама мыецца. І тата просіць перадаць, што яго затрымалі, але каб не хваляваліся, маўляў, усё нармальна.

    І вось я грукаю да мамы і праз дзверы крычу: «Мама, тату ўзялі, але ты не хвалюйся!». Толькі магу ўявіць сабе яе эмоцыі.

    Памятаю і святкаванне вызвалення кагосьці з татавых сяброў. Ягоная праца была, думаю, самай важнай часткай ягонага жыцця — і пакідала адбітак на ўсім астатнім.

    — Калі тата быў свабодны ад працы, як праходзіў ваш сумесны час? Можа нейкае сумесная хобі было?

    — Два вялікія захапленні майго таты — грыбы ды рыбалка. Я, на жаль, не падзяляла ніводнага.

    Але мы абодва любілі чытаць, у тым ліку сучасную фантастыку. З нечаканых, але шчырых супольных замілаванняў — кніжкі пра Гары Потэра. Мы з татам прачыталі ўсе, а таксама паглядзелі ўсе фільмы. Потым тата сабраў поўную калекцыю стужак пра Гары Потэра на DVD. Я часам пераглядала іх ужо дарослая, прыязджаючы да бацькоў.

    — Калі з’ехала на вучобу ў Варшаву, паляцела з бацькоўскага гнязда, як будаваліся адносіны з бацькам?

    — Я моцна адчувала, што тата верыць у мяне, у маю здольнасць прыняць адпаведныя для сябе рашэнні. Ён усе мае рашэнні заўжды паважаў і падтрымліваў.

    Ужо на першым курсе, практычна адразу як з’ехала, я пачала працаваць у журналістыцы. Мне вельмі не хацелася, каб мяне ўспрымалі выключна як дачку Тамковіча, хацелася стацца кімсьці самой па сабе.

    На «Еўрарадыё» , дзе я тады працавала, нас прасілі выбраць сабе псеўданім. Я вырашыла выбраць прозвішча Нальшанская — бо менавіта такім быў першы журналісцкі псеўданім таты, ад гістарычнай назвы Ашмяншчыны, на якой нарадзіўся. Так я сталася Марай Нальшанскай — адначасова захаваўшы і схаваўшы тату ў прозвішчы. Пад гэтым псеўданімам прапрацавала ўсю маю журналісцкую кар’еру. Да прозвішча Тамковіч вярнулася ўжо ў кіно. 

    — У адным з інтэрв’ю вы казалі, што бацькі былі супраць, каб дачка пайшла ў журналістыку. А якой была рэакцыя на пераход у кіно?

    — Супраць журналістыкі была, хутчэй, мама, ёй хацелася больш стабільнай ды прыбытковай прафесіі, але тату было прыемна, што я пайшла па ягоных слядах.

    Рашэнне ісці на рэжысуру было нечаканасцю для іх абодвух. Бацькам было цяжка ўявіць, што я сапраўды стану рэжысёрам, буду здымаць фільмы, асабліва з улікам таго, што я дзяўчына.

    Бацькі заўжды хочуць для дзяцей лепшай, лягчэйшай долі, а творчыя прафесіі не прыносяць спакойнага жыцця ды стабільнасці.

    Але нягледзячы на свае сумневы, яны дапамаглі мне рэалізаваць маё жаданне.

    Вельмі важным момантам для іх абодвух і для мяне быў дзень, калі яны змаглі пабачыць мае працы на вялікім экране ў мінскім кінатэатры. Гэты паказ нешта змяніў, значна больш, чым усе прэстыжныя замежныя фестывальныя паказы ды ўзнагароды, зрабіў маё рэжысёрства для бацькоў сапраўдным.

    — Пасля падзей 2020 года жыццё шматлікіх сем’яў беларусаў перавярнулася. Як тыя падзеі адбіліся на вашай сям’і?  

    — У маёй сям’і 2020 год стаўся годам, калі тата захварэў на кавід, гэта была восень 2020-га. Увесь 2021‑ы ён змагаўся з сімптомамі, якія пачаткова дыягназаваліся як лонг-кавід, а ў выніку аказаліся тэрмінальнай стадыяй раку.

    Я вельмі цешуся, што вырашылася ўсё ж прыехаць, калі мы пачулі фінальны дыягназ і прагноз у некалькі тыдняў жыцця. Тады яшчэ можна было ехаць абыходнымі шляхамі праз Расію, а з пачаткам вайны гэтая магчымасць знікла.

    Мне вельмі цяжка прыняць, што я не змагла быць з татам у апошнія моманты, а потым — падчас пахавання. Нягледзячы на ўсе абставіны ды рацыянальныя аргументы, застаўся сорам, пачуццё нявыкананага абавязку.

    — Як успрыняў тата, што вы ўзяліся рабіць небяспечнае ў сённяшняй Беларусі кіно. Маю на ўвазе фільм «У жывым эфіры» пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

    — Я прыняла рашэнне, што здыму гэты фільм, разумеючы, што з гэтым крокам звязаныя пэўныя рызыкі ды наступствы. Але на той момант і не ўяўляла якога маштабу. Тады цяжка было ўявіць, што не змагу быць на пахаванні таты, не змагу быць з мамай, калі буду ёй найбольш патрэбнай.

    Аднак тата ганарыўся маім кіно, кожным фестывалем, кожнай перамогай ці праявай прызнання. Быў самым адданым фанам, калі можна так сказаць. Я вельмі шкадую, што ён не паспеў пабачыць поўнаметражны дэбют «Пад шэрым небам».

    — Дарослае асэнсаванне працы Аляксандра Тамковіча, напэўна, адрозніваецца ад дзіцячых і юнацкіх успрыманняў?

    — Для мяне тата ніколі не існаваў асобна ад ягонага занятку. Ён заўжды быў журналістам. Я ганарылася ім як намеснікам галоўнага рэдактара «Свободных новостей», як заснавальнікам газеты «День» — першай спробы стварыць незалежны штодзённік. Я адчувала, што ён на хвалі гісторыі, у эпіцэнтры падзей. Менавіта гэтая энергія, гэтае захапленне прыцягнула і мяне ў журналістыку.

    Кнігі таты, ягоная эвалюцыя ў пісьменніка, для мяне неадрыўна звязаныя з ягонай хваробай. Хваробай, якая, нягледзячы на ўсе спробы, так і не была дакладна дыягназаваная, а пры гэтым імгненна выбіла ў яго глебу з‑пад ног. У росквіце сіл і амбіцый раптам страціць кантроль над целам, над мовай… Я толькі магу ўявіць, як страшна гэта было.

    Як ні дзіўна, у мяне засталося вельмі няшмат успамінаў з таго часу. Я памятаю роспачныя пошукі дыягназу ці лекаў, у якіх бацькі хапаліся за кожную саломінку, у тым ліку ўсялякага кшталту нетрадыцыйную медыцыну. Але не памятаю выразна маіх думак і адчуванняў тады, як прымала і праходзіла праз гэта. Як я даведалася потым, шмат чаго мне проста не казалі, бо некаторыя дыягназы давалі тату некалькі месяцаў, некалькі гадоў… Аднак я ўжо не была такая маленькая…

    Падаецца, нібыта я баялася ўдумвацца і дапытвацца, бо трэба было стаць адзін на адзін з вельмі страшнымі наступствамі.

    Хвароба змяніла для таты ўсё — і ў ім было шмат жалю ды злосці на гэтую несправядлівасць (бо хвароба заўжды несправядлівая). Для яго вельмі важна было адчуваць сваю істотнасць і датычнасць. А хвароба забрала ў яго магчымасць бегчы ў першых шэрагах.

    Кнігі сталі для яго новым сэнсам, новай місіяй, новым напаўненнем — сталі перад усім пачаткам у новай рэчаіснасці, дзе ён да канца будзе жыць з хваробай.

    У даросласці таксама асэнсавалася, што мары татавай маладосці так і засталіся марамі. Краіна, якую тады спрабавала будаваць маладое пакаленне дэмакратаў, так і засталася Мрояй. Прынамсі, пакуль.

    Чытайце яшчэ:

    «Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні

    У Берліне на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай многія прыйшлі з партрэтамі зняволеных журналістаў

    Прызначаны новы кіраўнік Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці