Дзяржаўныя TV-каналы Беларусі не будуць паказваць матчаў зборнай Украіны на «Еўра-2024»
Дзяржаўны тэлеканал СТВ, які атрымаў права на трансляцыю ўсіх матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе, відаць, пастанавіў цалкам ігнараваць гульні зборнай Украіны.
Першы матч зборнай Украіны на «Еўра-2024» прайшоў 17 чэрвеня. Аднак СТВ пастанавіў не паказваць гульні ўкраінскіх футбалістаў са зборнай Румыніі. Замест гэтага ў эфір пусцілі расейскі дэтэктыўны серыял «Чингачгук».
У праграме трансляцыі СТВ няма і другога матчу зборнай Украіны, які мае адбыцца 21 чэрвеня. Замест гульні Украіна – Славаччына пакажуць расейскі серыял «Лихач», навіны «24 часа», праграму «Решэние есть! Депутатский ответ» і «Документальный проект».
Выданне by.tribuna.com звяртае ўвагу на тое, што каментатары на СТВ у прынцыпе стараюцца не згадваць матчаў украінскай каманды. Напрыклад, у нядзелю вядоўцы анансавалі, што заўтра на «Еўра-2024» адбудуцца два матчы, хаця з улікам гульні Украіна – Румынія іх было тры.
Нагадаем, дзяржаўны тэлеканал СТВ за некалькі дзён да старту «Еўра-2024» стаў афіцыйным партнёрам УЕФА ў трансляцыі чэмпіянату. На СТВ абяцалі паказаць усе матчы ў жывым эфіры.