Еўракамісія абавязала закрыць TikTok Lite на рынку ЕС
Еўрапейская камісія заключыла з TikTok міравое пагадненне. Раней ЕК абвінавачвала сацсетку ў парушэнні Закона аб лічбавых паслугах.
Згодна з пагадненнем сацсетка абавязалася закрыць прыкладанне TikTok Lite на рынку ЕС. Пра гэта паведамляецца на сайце Еўракамісіі. Гэта першы выпадак, калі Еўракамісія скарысталася нядаўна прынятым Законам аб лічбавых паслугах (Digital Service Act).
Камісія афіцыйна не прызнала кампанію парушальнікам Закона ЕС аб лічбавых паслугах, таму штрафы выплачвацца не будуць. У той жа час кампанія паабяцала закрыць TikTok Lite на рынку ЕС і не спрабаваць абысці свае абавязацельствы, у прыватнасці, не дадаваць тую ж функцыю пад іншай назвай або ў новай версіі.
Новы сэрвіс TikTok Lite дазваляе карыстальнікам атрымліваць балы за прагляд відэа, каментары і лайкі. Еўракамісія лічыць, што гэтая функцыя «выклікае такое ж прывыканне, як цыгарэты».
TikTok прыпыніў праграму TikTok Lite ў Еўрасаюзе пасля каментароў рэгулятараў. Гэта адбылося пасля таго, як 22 красавіка Еўрапейская камісія абвясціла, што можа накласці штрафы і прымусова закрыць прыкладанне. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен не выключыла забароны Tiktok у ЕС.