«Рэпарцёры без межаў» падтрымалі навінавыя выданні ў справе аб парушэнні аўтарскіх правоў Microsoft і OpenAI
Некалькі амерыканскіх навінавых выданняў цяпер судзяцца з OpenAI і Microsoft, абвінавачваючы тэхналагічныя кампаніі ў парушэнні аўтарскіх правоў праз капіяванне мільёнаў іх артыкулаў для навучання мадэляў штучнага інтэлекту.

Фота: RSF
«Рэпарцёры без межаў» (RSF) разам з PEN America, арганізацыяй Protect Democracy і навукоўцамі, якія спецыялізуюцца на Першай папраўцы да Канстытуцыі ЗША, падалі юрыдычнае заключэнне ў падтрымку пазову выданняў.
У заключэнні сцвярджаецца, што практыка Microsoft і OpenAI з’яўляецца «карпаратыўным крадзяжом і пагражае эканамічнай жыццяздольнасці свабоднай прэсы».
У аснове судовага пазову, пададзенага газетай The New York Times, — сцвярджэнне, што OpenAI і Microsoft парушылі аўтарскія правы выданняў, выкарыстоўваючы іх матэрыялы для навучання вялікіх моўных мадэляў (LLM), такіх як ChatGPT, без дазволу і выплаты кампенсацыі. Да гэтай справы таксама далучылі аналагічныя пазовы, пададзеныя газетай The New York Daily News і Цэнтрам журналісцкіх расследаванняў (Center for Investigative Reporting).
Тэхналагічныя кампаніі, якіх падтрымлівае Міністэрства юстыцыі адміністрацыі Дональда Трампа, настойваюць, што навучанне мадэляў на матэрыялах з інтэрнэту падпадае пад прынцып «добрасумленнага выкарыстання» (fair use). Як паведамляе Associated Press, у сваім звароце да суда Міністэрства юстыцыі заявіла, што грамадская карысць ад навучання мадэляў ШІ на навінавых матэрыялах «значна перавышае любую шкоду канкурэнцыі».
RSF і іншыя аўтары юрыдычнай заявы аспрэчваюць гэтую пазіцыю. Яны сцвярджаюць, што вынікі працы чат-ботаў на аснове вялікіх моўных мадэляў «ствараюць эканамічна канкурэнтаздольныя заменнікі гэтых артыкулаў». Такія чат-боты выдаюць карыстальнікам перапрацаваную інфармацыю, а часам і даслоўныя тэксты арыгінальных матэрыялаў, што стварае сур’ёзную пагрозу для эканомікі СМІ.
У юрыдычнай заяве, пададзенай 30 кастрычніка, адзначаецца, што гэтая справа стварае рызыку «падрыву эканамічнай жыццяздольнасці навінавых СМІ пад сцягам добрасумленнага выкарыстання». Арганізацыі падалі яе, зыходзячы з таго, што Канстытуцыя ЗША прадугледжвае прыняцце законаў аб аўтарскім праве, якія «павінны падтрымліваць, а не разбураць дэмакратычныя функцыі прэсы». У дакуменце таксама апісваецца гістарычна ўзаемазалежная сувязь паміж канстытуцыйнай абаронай свабоды прэсы і абаронай інтэлектуальнай уласнасці.
Выканаўчы дырэктар RSF у Паўночнай Амерыцы Клэйтан Уаймерс (Clayton Weimers) заяўляе:
«Нельга дазваляць тэхналагічным кампаніям красці працу журналістаў і навінавых арганізацый, каб навучаць на ёй свае мадэлі ШІ, а затым зарабляць мільярды на гэтых мадэлях, якія непасрэдна канкуруюць з тымі самымі навінавымі выданнямі. Гэта не «добрасумленнае выкарыстанне», а крадзеж. Суд павінен пацвердзіць абарону аўтарскіх правоў выдаўцоў, каб тэхналагічны прагрэс не адбываўся за кошт свабоднай прэсы».
Як адзначаецца ў юрыдычнай заяве, забараніўшы кампаніям «бясплатна карыстацца вынікамі працы аўтарытэтных журналісцкіх інстытуцый», суд атрымае магчымасць захаваць механізмы аплаты працы прэсы і падтрымаць яе ролю ў якасці пасрэдніка, які збірае і перадае грамадству навіны.
Юрыдычная заява была пададзеная ў падтрымку хадайніцтва выданняў аб вынясенні судовага рашэння ў спрошчаным парадку — без правядзення паўнавартаснага судовага працэсу. Пазоўнікі патрабуюць ад Microsoft і OpenAI кампенсацыі шкоды на мільярды долараў.
@bajmedia