Журналіста Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС
Адпаведнае рашэнне прынята сёння, 13 верасня, і сёння ж імя і прозвішча гродзенскага журналіста з’явілася на сайце ведамства ў абноўленым спісе асобаў, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У пераліку МУС пазначана, што Уладзімір Хільмановіч «адбывае пакаранне», хаця насамрэч журналіст на волі ў знаходзіцца за межамі Беларусі, якую ён пакінуў у 2021 годзе. Таму распачатую супраць журналіста крымінальную справу Гродзенскі абласны суд разглядаў у парадку спецвытворчасці – без прысутнасці падсуднага. Працэс распачаўся сёлета 29 чэрвеня, прысуд прагучаў 19 жніўня.
Журналіста прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ: у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Суддзя Гродзенскага абласнога суда Ігар Собалеў пастанавіў пакараць Уладзіміра Хільмановіча пазбаўленнем волі на 5 гадоў з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).
Паводле судовага выраку, здымаецца арышт з зямельнага ўчастка ў Парэцкім сельсавеце Гродзенскага раёна і з кватэры, якая належыць жонцы Хільмановіча. Але іншую арыштаваную маёмасць, у тым ліку кватэру журналіста ў Гродне і побытавую тэхніку, вырашана прадаць дзеля кампенсацыі грашовых спагнанняў, накладзеных судом. На тыя ж мэты пойдуць і грашовыя сродкі ў суме 100,12 EUR, забраныя следчымі падчас ператрусу.
У судовай пастанове па справе гродзенскага журналіста, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суда, нічога не гаворыцца пра сутнасць абвінавачання. Але сярод рэчавых доказаў згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Хільмановіча», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што пакаралі яго за журналісцкую дзейнасць, хаця дакладна не ведае, супрацоўніцтва з якім медыярэсурсам яму паставілі ў віну.
Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Тады сілавікі апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.
Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў сёлета 13 сакавіка. Аднак тады ў афіцыйным паведамленні згадваліся толькі часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З таго часу следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні.