Марына Золатава: чацвёрты дзень народзінаў за кратамі
6 лістапада галоўнай рэдактарцы партала TUT.ВY Марыне Золатавай спаўняецца 47 гадоў. Чацвёрты год запар яна сустракае дзень народзінаў у зняволенні.
Марына Золатава стала першай галоўнай рэдактаркай TUT.BY у 2004 годзе і заставалася на гэтай пасадзе да прымусовай яго ліквідацыі ў 2021‑м, на той момант ужо самага папулярнага медыярэсурсу краіны. 12 гадоў пазбаўлення волі — такі прысуд вынес 17 сакавіка 2023 года Мінскі гарадскі суд Марыне Золатавай і гендырэктару TUT.BY Людміле Чэкінай.
У чым абвінавацілі Марыну Золатаву:
- распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы (частка 3 артыкула 130 КК );
- заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт (частка 3 артыкула 361 КК).
«Мы сумленна расказвалі пра падзеі, што адбываюцца ў краіне»
«Ні я, ні мае калегі не здзяйснялі злачынстваў, у якіх нас абвінавачваюць. Адзінае нашае «злачынства» заключаецца ў тым, што мы сумленна расказвалі пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. І менавіта дзякуючы нашай сумленнай і аб’ектыўнай пазіцыі нам удалося заваяваць давер трохмільённай аўдыторыі і стаць самым папулярным анлайн-медыя ў краіне, — напісала Марына Золатава ў лісце да калегаў напярэдадні прысуду.
— Мы ніколі нікога не заклікалі да якіх-кольвек супрацьпраўных дзеянняў, не сеялі варожасць, паважалі розныя меркаванні. Чалавечае жыццё было абвешчана галоўнай каштоўнасцю рэдакцыі TUT.BY, і мы заўсёды пра гэта памяталі».
«У адным з лістоў яна пісала: «Несправядлівасць, мабыць, галоўная эмоцыя, якую я зведваю». Мы перакананыя, што ў асуджэнні нашай калегі няма ніякай справядлівасці, а толькі помста ўладаў за сумленную працу і грамадзянскую пазіцыю», — падкрэслілі журналісты «Зеркала» з нагоды дня нараджэння калегі, які яна ў чарговы раз праводзіць у зняволенні.
«Ва ўсім вінаваты Tut.by». Расказваем пра Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, якіх будуць судзіць
Выбрала журналістыку і праўду
Сёлета Марына Золатава атрымала прэмію Іагана-Філіпа Пальма, якая прысуджаецца асобам ці арганізацыям за «выбітны прыклад прыхільнасці справе рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў і свабоды прэсы». Кандыдатуру былой галоўнай рэдактаркі партала TUT.BY вылучыла арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў снежні 2024 года ў нямецкім горадзе Шорндарф.
«Перад тварам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер з боку дзяржаўнага апарата Марына Золатава праявіла сябе як асоба незвычайна смелая і шчырая», — заявілі «Рэпарцёры без межаў». І гэта быў яе асэнсаваны выбар.
«Мы свой выбар зрабілі, калі вырашылі менавіта ў гэтай краіне займацца журналістыкай і займацца менавіта так, як мы ёй займаемся — праўдзіва расказваць пра тое, што адбываецца», — казала Марына ў інтэрв’ю Deutsche Welle незадоўга да свайго затрымання.
Падтрымаць Марыну Золатаву можна лістамі па адрасе: ІК №4, 246035, Гомель, вул. Антошкіна, 3. Золатавай Марыне Васілеўне.