• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новыя выпускі падкастаў пра кнігі і літаратуру

    Bellit.info сабраў спіс новых выпускаў літаратурных і кніжных падкастаў. Перадусім гаворка пра падкасты «Спіс на лета», «Кніжныя размовы», Bel­lit Насты Карнацкай і інклюзіўную перадачу ад Музея Максіма Багдановіча.

    Выява з сайта bellit.info

    Распачаў другі сезон падкаст “Спіс на лета”. У першым выпуску выкладчыца і філалагіня Марына Казлоўская і паэтка і арт-менеджэрка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра жыццё і творчасць паэта і перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі. А новы выпуск прысвечаны Міхасю Зарэцкаму — ці не самаму папулярнаму пісьменніку 1920‑х гадоў.

    “У ягонай прозе пагрозлівы горад, цягнікі, бары і бардэлі, рызыкоўныя героі і моцныя гераіні, якія не заўсёды даюць рады наступствам сваіх выбараў, а таксама дзівосная паэма пра каханне, што цягне на дно. Зарэцкі фіксуе нараджэнне «новага чалавека», атамізацыю грамадства, эмансіпацыю і рэвалюцыю побыту, назірае, як змяняюцца жанчыны, і спрабуе зразумець, што адбываецца з беларусамі ў раннім БССР і куды гэта іх прывядзе”, — гаворыцца ў анонсе да выпуска.

    Падкаст дасяжны для праслухоўвання на YouTube, Apple Pod­casts, Yan­dex Music, Spo­ti­fy, Cast­box, а таксама на сайце Wir.by.

    кніжная блогерка Кацярына

    Скрыншот

    Кніжная блогерка Кацярына, з якой на нашым сайце нядаўна выходзіла інтэрв’ю, працягвае рабіць падкаст “Кніжныя размовы”. У ім Кацярына расказвае пра дзіцячую, падлеткавую і дарослую літаратуру, якую вы можаце прачыцаць ці паслухаць па-беларуску.

    Выйшаў ужо 21 выпуск. Cлухаць падкаст можна на Apple Pod­casts, Spo­ti­fy, Cast­box, YouTube і іншых стрымінгах.

    Працягвае выходзіць хіба самы стабільны беларускі кніжны падкаст Bel­lit, які робіць блогерка і перакладчыца Наста Карнацкая.

    Цяпер выйшлі выпускі нумар 176 і 177, у якіх гаворка ідзе пра венгерскага інтэлектуала, які завіс ва ўласным жыцці, пра жыццё гаспадароў сабак, пра раман лаўрэата Букераўскай прэміі 2025 году, а таксама літаратурныя навіны кастрычніка. Выпускі падкасту таксама дасяжныя на ўсіх лічбавых пляцоўках, а ўнікальны кантэнт даступны па падпісцы на Patre­on.

    Музей Максіма Багдановіча працягвае выпускаць цыкл перадач да 135-годдзя з нараджэння паэта. Інклюзіўны праект, які выходзіць у супрацы з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку, называецца “Топ-12 музейных прадметаў”.

    У фармаце падкаста на YouTube супрацоўнікі музея штомесяц расказваюць пра самыя цікавыя экспанаты музея. Надоечы выйшаў выпуск нумар 10, прысвечаны куфару, які належаў дзяўчыне, у якую быў закаханы Максім Багдановіч.

    Сярод іншага хацелася б звярнуць увагу на цікавыя перадачы ад Літрадыё. Няхай ужо нейкі час новыя выпускі не з’яўляюцца, але архіў размоў з пісьменнікмі і не толькі, створаны аўтарамі падкастаў, уражвае. Рэкамендуем да праслухоўвання падкасты: “Каля літаратуры”, “Адкуль бяруцца кнігі” і “Супердудко”.

    Таксама на сайце Літрадыё цяпер вядзецца жывы эфір, дзе можна пачуць аўтарскае чытанне вершаў і прозы, беларускую андэрграўндную музыку, прамыя ўключэнні з літаратурных сустрэч і фестываляў і многае іншае. Сачыць за раскладам можна праз тг-канал litradio_link.

    Не забывайма таксама пра аўтарскі падкаст Сяргея Дубаўца “Літаратурныя зацемкі”, які працягвае выходзіць на сайце Bellit.info.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.