Суд у Брэсце прызнаў «экстрэмісцкай» старонку блогера Аляксандра Кабанава ў Instagram
Адпаведнае рашэнне прыняла 19 лістапада 2024 года суддзя Ленінскага раёна Брэста Алена Кавальчук па прапанове мясцовай пракуратуры. Згаданая старонка ў Instagram ужо трапіла ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На гэты акаўнт блогера і былога палітвязня Аляксандра Кабанава падпісана зараз больш за 800 чалавек. Але апошняе паведамленне на старонцы было апублікаванае паўтара гады таму — у чэрвені 2023 года.
У той жа дзень, 19 лістапада, суддзя Алена Кавальчук прыняла аналагічнае рашэнне ў дачыненні да Facebook-акаўнта пад назвай «Быць belarusam». Старонка таксама вельмі даўно не актыўная, апошняе паведамленне з’явілася ў лістападзе 2020 года.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, з улікам гэтых рашэнняў з ліпеня 2020 года суды Брэсцкай вобласці ўжо ў 652 выпадках прызналі «забароненымі» тыя ці іншыя пратэсныя чаты, каналы, сайты ў інтэрнэце, а таксама кнігі.
Між тым да лета 2020 года суды ў Беларусі рэдка прызнавалі носьбіты інфармацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Звычайна гэта было нешта звязанае з распаўсюдам гвалтоўных ідэй. Але, пачынаючы з ліпеня 2020 года, спіс у асноўным выкарыстоўваюць для палітычнай цэнзуры: туды ўключаюць інтэрнэт-рэсурсы незалежных медыяў, журналістаў і блогераў. А таксама пратэстныя відэа, чаты, каналы і інш.