Марыну Золатаву ўзнагародзілі прэміяй за свабоду слова ў Германіі
У нямецкім горадзе Шорндорф 1 снежня прайшла цырымонія ўзнагароджання міжнароднай прэміяй імя Іагана Філіпа Пальма за свабоду слова і свабоду друку, паведамляе DW.
Разам з Марынай Золатавай лаўрэатам прэміі сёлета стаў навінавы сайт ZanTimes, які піша пра правы чалавека ў Афганістане.
Кандыдатуру былой галоўнай рэдактаркі партала TUT.BY вылучыла арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Яе адзначылі як «асобу незвычайна смелую і шчырую», якая праявіла сябе «перад тварам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер з боку дзяржаўнага апарата».
Прэмія Іагана-Філіпа Пальма прысуджаецца асобам ці арганізацыям, якія «падаюць выбітны прыклад прыхільнасці справе рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў і свабоды прэсы». Агульны прызавы фонд — 20 тысяч еўра, якія пароўну дзеляцца паміж лаўрэатамі. Прэмія ўручаецца кожны цотны год у першую нядзелю снежня ў Шорндарфе.
Марына Золатава ўжо 3,5 гады знаходзіцца ў зняволенні. Суд прыгаварыў яе да 12 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай справе.