У Сейме Польшчы прайшлі слуханні па сітуацыі на «Белсаце»
20 лютага на супольным пасяджэнні Камітэта па замежных справах і Камітэта па культуры і СМІ польскага Сейма адбыліся слуханні, прысвечаныя сітуацыі на тэлеканале «Белсат», паведамляе reform.news.

Супольнае пасяджэнне Камітэта па замежных справах і Камітэта па культуры і СМІ польскага Сейма. Скрыншот трансляцыі: Reform.news
Інфармацыю прадстаўлялі прадстаўнікі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Міністэрства замежных спраў, а таксама генеральны дырэктар ліквідаванага TVP SA.
У дыскусіі ўдзельнічалі польскія парламентарыі, амбасадары і запрошаныя госці, сярод якіх:
Агнешка Рамашэўская — былая дырэктарка «Белсата»; прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый — спікер Рады нацыянальных медыя Польшчы Ёана Ліхоцка і старшыня Саюза польскіх журналістаў Ёаланта Хайдаж; каля дваццаці дэпутатаў Сейма; новыя кіраўнікі «Белсата» — Міхал Бранятоўскі і галоўная рэдактарка беларускай рэдакцыі Аліна Коўшык. Слуханні вёў Павел Коваль, кіраўнік Камітэта па замежных справах Сейма.
Дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Мацей Урубель прэзентаваў дзейнасць «Белсата»
Паводле яго слоў, тэлеканал належаў польскаму тэлебачанню TVP і фінансаваўся на 65% са сродкаў Міністэрства замежных спраў Польшчы, на 5% — з вонкавых датацый, а астатнія выдаткі пакрывала польскае тэлебачанне.
За 18 гадоў польскі МЗС выдаткаваў на «Белсат» 441 млн злотых.
На 2025 год фінансаванне «Белсата» застанецца нязменным — 54 млн злотых, але гэтыя сродкі будуць падзеленыя на тры часткі: «Белсат», аўтаномнае расійскае вяшчанне «Вот так», украінскую службу Slawa TV.
Паводле Урубеля, на «Белсаце» адбылася аптымізацыя і скарачэнне празмерных выдаткаў, якія па некаторых пазіцыях дасягалі 40%. Гэта паляпшыла якасць праграм і дазволіла захаваць іх разнастайнасць.
Захоўваецца колькасць публіцыстычных праграм, пашыраецца інфармацыйны складнік.
Штат супрацоўнікаў скарачаецца з 320 да 260, з якіх 70 — новыя супрацоўнікі ўкраінскай рэдакцыі. Гэта азначае, што колькасць супрацоўнікаў «Белсата» і «Вот так» фактычна скарачаецца з 320 да 190 (згодна з данымі Reform.news).
Мацей Урубель таксама паведаміў, што, пачынаючы з 3 сакавіка, стартуе вяшчанне трох рэдакцый: беларускай, расейскай і ўкраінскай.
Вяшчанне рэдакцыі «Белсат» складзе 9 гадзін, тры з якіх — гэта начное вяшчанне, якое складаецца з паўтораў праграм. «Вось так» будзе вяшчаць 8 гадзін (2 — ноччу), Slawa TV — 7 (1 — ноччу).
Таксама ўводзіцца 2‑х гадзінная праграма ў суботу і нядзелю «Раніца з Белсатам», а жывы навінавы выпуск павялічваецца з паўгадзіны да гадзіны.
Больш інфармсацыі на Reform.news
