• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Акторка Наста Суханосік: «Незалежны тэатр — гэта складана. Але — робім!»

    Ці лёгка застацца ў прафесіі ды — не згубіць сябе? Урэшце, ці ёсць хоць якія плюсы ад працы тэатра ў выгнанні? Budzma.org паразмаўляла пра гэта з акторкай і вядучай Настай Суханосік.

    Наста Суханосік

    Наста Суханосік. Фота: з асабістага архіва гераіні

    Наста — гарадзенка. Жыве ў Беластоку, працуе з тэатрам «Прыехалі», кіруе праектамі фонду «Тутака», вядзе на ютубе літаратурную праграму «Смаленне вепрука». Акторка, арт-менеджарка, а яшчэ — мім, цырымоніймайстар, вядучая, рэжысёрка… і нават арганізатарка канцэртаў на 9 мая і Дзень незалежнасці. Праўда, у мінулым. 

    Budzma.org  паразмаўляла з дзяўчынай пра акторскую долю ў Беларусі і ў замежжы, пра кайф, сафіты, безграшоўе ды пра тое, як гэта — граць па шэсць спектакляў на дзень, а пасля ехаць падпрацоўваць Снягуркай на карпаратывах.

    Наста Суханосік

    Наста Суханосік. Фота: з асабістага архіва гераіні

    «Не хачу быць датычнай да дзяржаўных святаў. Ні-ко-лі!»

    У мяне няма акторскай адукацыі, толькі рэжысура. Хоць увесь час вучылася. У школе з першага класа быў тэатральны кірунак: сцэнічная мова, рух, гісторыя тэатра… Яшчэ і бальныя танцы. Усе нармальныя дзеці пасля заняткаў бегалі-дурэлі, а я — да ночы з гэтым усім.

    Пасля вучоба ў Мінску, Горадні. Часам ездзіла на сесіі, а сама працавала ў Доме культуры. Дарасла да намесніка дырэктара і… адпрацавала на пасадзе толькі месяц. Збегла ў слязах. Не магу. 

    Я была рэжысёркай усіх святаў: Дзень незалежнасці, 9 мая, масленіцы, канцэрты, святочныя мітынгі… Спадзяюся, ты туды не хадзіў (смяецца). Спрабавала змяніць сістэму, ваявала з кічам, але дзе ж там. Не шкадую, бо шмат чаму навучылася ў арганізацыі івэнтаў. Але больш не хачу быць датычнай да дзяржаўных святаў. Ні-ко-лі!

    Наста Суханосік

    Фота: з асабістага архіва гераіні

    Уладкавалася ў ДК Тэкстыльшчыкаў, але паставіла ўмову: дайце памяшканне для незалежнага «Фрык-тэатра». Мы хадзілі на хадулях, рабілі фаер-шоу, фрык-спічы і г. д. Адрываліся! Самі падлогу фарбавалі, рабілі кулісы. Маім кампаньёнам стаў Васіль Калач, колішні настаўнік са школы. Я яму кажу: «Васіль Аляксандравіч…», а ён: «Наста, б**, які я табе Васіль Аляксандравіч? Проста — Вася». 

    Тады яшчэ мы маглі ставіць умовы: тут хочам удзельнічаць, тут — не. Быў такі час, каб лавіраваць. Рабілі міжнародны «Біг-Міні-фэст» вулічнага мастацтва. Ажыўлялі гарадскую прастору. Але з прафесійным тэатрам у мяне не складвалася. Я нават набіла сабе татуху: кляймо. Бо актор не мае права мець татуяванняў, белы ліст. 

    «Пачынаць кар’еру ў 26?.. Адмовілася і — плакала»

    Адбыўся цуд: на мяне выйшлі з Тэатра лялек, запрасілі на кастынг. Але, ну дзе там пачынаць акторскую кар’еру ў 26 гадоў?.. Дзякуй — не. Адмовілася і — плакала. Вырашыла, што так будзе правільна. Але патэліла загадчыца трупы, каб прыйшла паразмаўляць з галоўным рэжысёрам. І ўжо праз месяц я паехала на гастролі! 

    Наста Суханосік

    Фота: з асабістага архіва гераіні

    Так я выйшла на прафесійную сцэну. Гарадзенскі Тэатр лялек быў адным з найлепшых у Беларусі ў прынцыпе, пасля Купалаўскага і Опернага. І гэта — лялькі! У абласным горадзе! Першай роляй была Каза ў мюзікле «Коткін дом». Абудзі мяне сярод ночы — узгадаю ўвесь тэкст. Ёсць хібная думка, што лялькі — гэта для дзетак, несур’ёзна. Не. «Вій» ды «Чайка» — мае ўлюбёныя з дарослых спектакляў той пары. 

    А на ранішніках я паставіла рэкорд: за два тыдні сыграла 76 спектакляў: па шэсць на дзень. Спачатку на сцэне, пасля — паскакаць каля ялінкі 40 хвілін. І так — шэсць разоў. Увечары — апранаешся Снягуркай і «гоў» па кватэрах ці на карпаратывы, каб нешта зарабіць. Спіш па 3–4 гадзіны. І гэта — кайф.

    Наста Суханосік

    Наста Суханосік. Фота: з асабістага архіва гераіні

    «У тэатр не прыходзяць па грошы»

    Што трымала? У тэатр прыходзяць па каханні. Сузалежныя адносіны. Ну праўда, дайце мне рахунак — буду пералічваць грошы, каб мець магчымасць граць. Так класна пражыць іншае жыццё за паўтары гадзіны. Вучыць горы тэксту, каб мозг заўжды быў у працы. Акторская трупа — сям’я. Там ёсць мама, тата, спрэчкі — усё. Гастролі — сямейныя падарожжы. Тэатр — гэта пра любоў. Туды не прыходзяць па грошы. 

    Моцная рэч — кантакт з публікай. Ты нібы падключаешся да крыніцы энергіі. Аддаеш, а табе вяртаецца.

    Бывалі такія спектаклі, што і не вяртаецца… тады ты стомлены «ў лайно» і нічога не можаш рабіць: сядзіш 40 хвілін у грымёрцы. Але звычайна сыграеш і бадзёры: «Дзе б яшчэ мяхі бульбы пацягаць?» (смяецца). 

    Акторы — псіхі. Неадэкватныя людзі. Ты хоць аднаго нармальнага актора сустракаў?.. Вось. У гэтым прыгажосць. 

    Я заўжды марыла жыць каля мора і думала: ну які Беласток? Не-не… Склалася інакш. У тэатры я адпрацавала пяць год. Пасля 2020-га мне намякнулі, што звольняць. Бачылі на мітынгах. Звальненне — знак, што могуць «забраць». Бо гэта розныя рэчы: арышт актора і былога актора. Аказалася на вуліцы, а яшчэ — штодня чакала, што «прыйдуць». Пасля — эміграцыя. 

    Прыехаўшы ў Беласток, чатыры месяцы сядзела ў хаце. Найгоршае для чалавека, які заўжды быў актыўны. Але — чарговы цуд. Пазваніў Павел Станкевіч з фонда «Тутака»:«Трэба паразмаўляць». У выніку паўгады працавала як валанцёр, зараз — кіраўнік праектаў фонда. І гэта не толькі фестываль «Тутака», але — гара розных актыўнасцяў! Мяне ўжо выганяюць з офіса ў адпачынак, бо я працаголік (смяецца). 

    «Можна пайсці ў польскі тэатр, але…» 

    Пасля арышту і содняў у Беласток таксама з’ехала сям’я Енджэеўскіх-Еўдакімавых. Акторы, я іх добра ведала. У іх была ідэя: зрабіць тэатр. Аляксандр — рэжысёр, Кацярына — мастачка, а я… ну ОК, дырэктар (смяецца). Тэатр назвалі «Прыехалі».

    Са спектаклем «Сумны суп» паводле Вольгі Гапеевай мы ўжо выступалі і тут, і ва Уроцлаве, і ў Кракаве…

    Наста Суханосік

    Наста Суханосік і Аляксандр Енджэеўскі ў спектаклі «Сумны суп». Фота: з асабістага архіва гераіні

    Незалежны тэатр — гэта складана. Няма пляцоўкі, рэпетыцыі ў хаце. Няма майстроў, якія зробяць прафесійныя лялькі. Няма грошай на дэкарацыі і касцюмы. Але — робім.

    Цяпер плануем аграменныя гастролі па Еўропе на жнівень. Пакуль без падрабязнасцяў, даруй.

    Крута тое, што мы самі выбіраем матэрыял, які ставім. У Горадні ў Тэатры лялек рэпертуар быў спрэс расійскамоўны. Бо — галоўны рэжысёр, мастацкі савет, дырэктар, аблвыканкам… не ведаю, можа, лягчэй з расійскай мовай працаваць і гастраляваць. Зараз працуем з беларускай. 

    Можна, канешне, пайсці ў польскі тэатр на працу. Там і мова не заўжды абавязковая. Але як тады данесці сваю праўду?

    Калі мы кажам пра актораў у эміграцыі, то пра каго кажам? Пра купалаўцаў. Выбачайце, але апроч купалаўцаў колькі яшчэ актораў з’ехала? Колькі ў выгнанні спрабуе выжываць, удзень таксуе, а ўвечары бяжыць на рэпетыцыю, каб займацца любімай справай?.. Тое самае, магчыма, яны рабілі ў Беларусі. Толькі што не таксавалі, а былі чальцамі «заслужаных» калектываў, мелі раскошу заставацца ў прафесіі. 

    Сафіты, апладысменты, кветкі і — ютуб-сцэна

    Мне падабаецца быць у сафітах, а не сачыць, як хтосьці стаіць там, у гэтым пражэктары. Мне падабаецца не бачыць твары гледачоў, але чуць іх энергетыку. Падабаюцца апладысменты, кветкі, жартоўныя просьбы даць аўтограф…

    Наста Суханосік

    Наста Суханосік. Фота: з асабістага архіва гераіні

    Зараз, працуючы для ютуб-праектаў, гэта нагадвае сцэну — толькі што глядач далёка. Я толькі намацваю гэтую ролю: часам трэба пару год папрацаваць з рэжысёрам, каб зразумець, чаго ён ад мяне хоча. 

    Мая звышзадача — застацца ў памяці. Вельмі баюся, што калі памру, мяне ніхто не згадае… Таму і займаюся любімай справай. Магчыма, з часам знайду іншыя сэнсы. Раней неяк была кропка, да якой увесь час рухаешся. Зараз — толькі шлях. І гэты шлях я хачу адчуць, пасмакаваць. Кожную хвіліну.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці