Журналіст Дзяніс Івашын ужо тры месяцы без тэлефонных званкоў
Палітвязняволены журналіст Дзяніс Івашын не можа тэлефанаваць родным ужо тры месяцы запар – у снежні, студзені і лютым.

Дзяніс Івашын. Фота: сацсеткі Вольгі Івашынай
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга Івашына ў тэлеграм-канале, прысвечаным журналісту.
«На жаль, цуду ня здарылася, Дзяніс Івашын так і не патэлефанаваў нам і ў лютым. Гэта значыць, што ўжо роўна тры каляндарныя месяцы – снежань, студзень і люты – Дзяніс пазбаўлены адзінага 15-хвіліннага тэлефоннага званка. Сувязь з намі ён можа падтрымліваць толькі праз карэспандэнцыю. Дзякуй Богу, акурат учора прыйшло шмат лістоў і паштовак ад яго»,
– напісала Вольга.
Справа Дзяніса Івашына
Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).
Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15 на турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна. На яго рэгулярна аказваюць ціск, кідаюць у ШЫЗА.
Да арышту Дзяніс Івашын працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» і быў беларускім рэдактарам міжнароднай супольнасці расследавальнікаў InformNapalm. Вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную будоўлю рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты, а таксама пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.
Найверагодней, публікацыі пра сілавікоў сталі «апошняй кропляй». Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
