NED аднаўляе фінансаванне праектаў ва ўсім свеце
Як стала вядома «Нашай Ніве», адпаведныя паведамленні прыйшлі 11 сакавіка і беларускім грантаатрымальнікам Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі.
Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі быў створаны ў часы прэзідэнцтва Рональда Рэйгана. Ён фінансава падтрымліваў прадэмакратычныя ініцыятывы і незалежныя СМІ ва ўсім свеце, у тым ліку і беларускія.
У студзені фонд замарозіў дзейнасць — па рашэнні адміністрацыі Дональда Трампа. Гэта здарылася ўпершыню ў яго гісторыі. Раней ён карыстаўся падтрымкай абедзвюх амерыканскіх буйных партый.
Цяпер дзейнасць фонду адноўленая. Гэта здарылася пасля звароту яго ў суд.
10 сакавіка на сайце фонду з’явілася паведамленне: «Сёння Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі (NED) зноў атрымаў доступ да сродкаў, выдзеленых Кангрэсам, якія былі недаступныя з канца студзеня. NED вітае рашэнне Дзярждэпартамента аб зняцці абмежаванняў і пачатку аднаўлення фінансавання, якое было зацверджана Кангрэсам, а таксама замежнай дапамогі. Гэта значны крок у забеспячэнні магчымасці NED працягваць сваю місію па развіцці свабоды па ўсім свеце.
«Мы высока ацэньваем гэты крок Дзярждэпартамента пад кіраўніцтвам дзяржсакратара Рубіо», — заявіў Пітэр Раскам (адстаўны кангрэсмен), старшыня праўлення NED. «Гэта важныя крокі для поўнага аднаўлення нашай здольнасці падтрымліваць змагароў за дэмакратыю ў рэпрэсіўных рэжымах, такіх, як Куба, Венесуэла, Іран, Кітай, Расія ды іншыя краіны».
Разблакаванне сродкаў адбылося пасля таго, як 5 сакавіка NED падаў у суд у сувязі з незаконным блакаваннем доступу да сродкаў, выдзеленых Кангрэсам, уключаючы 167 мільёнаў долараў ужо прызначаных сродкаў і дадатковыя 72 мільёны долараў, якія былі вылучаны Кангрэсам, гаворыцца ў паведамленні Фонду.
«Мы глыбока ўдзячныя Дзярждэпартаменту за прынятыя меры», — сказаў Дэйман Уілсан, прэзідэнт і генеральны дырэктар NED. «Мы застаёмся прыхільнымі да дасягнення ўстойлівага рашэння, якое забяспечыць NED магчымасць падтрымліваць Злучаныя Штаты ў іх місіі па прасоўванні дэмакратыі і свабоды ва ўсім свеце. Больш свабодны і квітнеючы свет умацоўвае бяспеку Амерыкі, спрыяе эканамічнаму росту і ўзмацняе глабальнае лідарства ЗША».
Аднаўленне фінансавання пакуль частковае, але NED адзначае, што «спадзяецца атрымаць доступ да поўнай сумы выдзеленых Кангрэсам сродкаў і забяспечыць, каб у будучыні фінансаванне не было перапынена аналагічным чынам».
Падтрымкай NED карысталіся ў тым ліку Міжнародны рэспубліканскі інстытут, Нацыянальны дэмакратычны інстытут, Цэнтр міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва і Цэнтр салідарнасці, а таксама тысячы арганізацый у розных краінах, якія змагаюцца за дэмакратыю і правы чалавека па ўсім свеце.
Як стала вядома «Нашай Ніве», адпаведныя паведамленні прыйшлі сёння і беларускім грантаатрымальнікам Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі.
