Блогера Руслана Лінніка ўключылі ў пералік «экстрэмістаў», яго асудзілі да зняволення ў другі раз
Звесткі пра Руслана Лінніка з’явіліся на сайце МУС Беларусі 11 ліпеня 2025 года. Прычына — вырак Мінскага гарадскога суда, які прызнаў блогера вінаватым у распальванні варожасці або варажнечы. У «Пераліку асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», пазначана, што ён «адбывае пакаранне».
Першы раз быў асуджаны паводле чатырох крымінальных артыкулаў
Руслана Лінніка затрымалі 20 лютага 2021 года ў Віцебску. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта размясціў у сваім YouTube-канале ролік з абразамі прадстаўнікоў міліцэйскага ведамства.
17 верасня 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў блогера вінаватым паводле чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта РБ),
- ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта РБ),
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады),
- арт. 188 (паклёп).
Суддзя Юрый Машкетаў прыгаварыў Руслана Лінніка да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіў напярэдадні пракурор Яўген Серакоў.
Руслан Ліннік не прызнаў віну, а ў апошнім слове паведаміў суду пра псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне з боку сілавікоў пасля затрымання — што праз гэты ціск мусіў агаварыць сябе.
Спроба абскардзіць прысуд плёну не прынесла, і блогера накіравалі адбываць пакаранне ў шклоўскую ПК № 17.
Пасля адбыцця тэрміну Руслан Ліннік на волю не выйшаў
У кастрычніку 2024 года стала вядома, што Руслана Лінніка не вызвалілі з калоніі, хоць тэрмін зняволення ў яго скончыўся. Замест гэтага блогера перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах.
Паводле звестак праваабаронцаў, 19 чэрвеня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе над Русланам Ліннікам адбыўся другі суд, дзе блогера прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы). Яму прызначылі яшчэ 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вызваленне па памілаванні?
21 чэрвеня Telegram-канал «SOTA» са спасылкай на дасведчаную крыніцу паведамляў, што Руслана Лінніка адпусцілі былі на волю. Спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.
Руслан Ліннік — блогер, які з 2020 года рабіў ролікі на грамадска значныя і палітычныя тэмы. Ягоны YouTube-канал налічваў больш за 90 тысяч падпісчыкаў. Пасля затрымання ў 2021 годзе беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.
На сённяшні дзень яго канал мае каля 52 тысяч падпісчыкаў, абнаўленняў на ім няма.
