«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: старонка «pressclubbelarus» у Instagram і акаўнт у Facebook блогеркі Алены Янушкоўскай
Міністэрства інфармацыі Беларусі 30 ліпеня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Блогерка Алена Янушкоўская. Фота: БАЖ
У адпаведнасці з рашэннем суда Савецкага раёна Мінска ад 28 ліпеня 2025 года ў гэты спіс уключылі старонку з назвай «pressclubbelarus» у Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/pressclubbelarus).
Гэта старонка супольнасці «Прэс-клуб Беларусь», на якую падпісаныя 1563 чалавекі. Інтэрнэт-пляцоўкі праекта створаныя для абмеркавання прафесійных пытанняў, магчымасцяў прафесійнага росту і развіцця для прадстаўнікоў медыйнай супольнасці.
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 28 ліпеня 2025 года «экстрэмісцкай» прызнаная старонкa ў Facebook віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай (ідэнтыфікатар facebook.com/profile.php?id=100006977206423). Сёлета 4 ліпеня ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарамыцыі быў унесены YouTube-канал «Настоящая Беларусь», які вядзе Алена Янушкоўская.
Іншыя інтэрнэт-рэсурсы з такой назвай, створаныя блогеркай, таксама неаднаразова прызнаваліся «экстрэмісцкімі». Янушкоўская ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы — у вымушанай эміграцыі. У Беларусі супраць яе распачатая крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Віцебскую блогерку ўключылі ў базу міждзяржаўнага вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
