• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фотаздымак журналіста Сяргея Скулаўца змясцілі на стэндзе аб вышуку

    Фотаздымак былога журналіста тэлеканала «Белсат» Сяргея Скулаўца змясцілі на міліцэйскім стэндзе сярод асоб, якія знаходзяцца ў вышуку «за здзяйсненне злачынстваў».

    Сяргей Скулавец

    Фота: з сацсетак Сяргея Скулаўца

    Абвестку пра вышук, размешчаную на стэндзе каля аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага раёна, для Сяргея сфатаграфавалі знаёмыя. З арыентыроўкі вынікае, што супраць былога журналіста распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). 

    «Як доўга вісіць абвестка, я не ведаю. Але найперш кінулася ў вочы, што там напісана “расшукваецца ў сувязі са здзяйсненнем злачынства” — нібыта я ўжо прызнаны вінаватым. З гэтага можна зрабіць толькі дзве высновы: ці міліцыянты не ўмеюць пісьменна  фармуляваць свае думкі, ці насамрэч ужо адбыўся нейкі суд. Хаця мне пра гэта нічога невядома», — зазначае Сяргей Скулавец.

    Таксама ён распавёў, што на мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі прыязджалі ў вёску Ябланка Івацэвіцкага раёна, дзе журналіст раней трымаў фермерскую гаспадарку. Міліцыянты паказвалі вяскоўцам ягоныя фотаздымкі, спампаваныя з інтэрнэта, і пыталіся, ці ведаюць яны такога чалавека, ці даўно яго бачылі і гэтак далей. 

    Прыблізна тыя ж пытанні задавалі і маці Сяргея Скулаўца. У мінулым месяцы жанчыну выклікалі ў Следчы камітэт. Пра канкрэтнае абвінавачанне нічога не прагучала, апроч таго, што яно нібыта «звязанае з “Белсатам”». Да таго сілавікі прыходзілі з ператрусамі да маці і бабулі былога журналіста. Пасля таго, як пад Новы год сілавікі зладзілі чарговы ператрус у 86-гадовай жанчыны, яна пражыла ўсяго некалькі тыдняў. Магчыма, адыгрыў сваю ролю атрыманы тады стрэс, мяркуе Сяргей.  

    Сяргей Скулавец пакінуў Беларусь у чэрвені 2023 года. Да гэтага некалькі гадоў непублічна супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Калі яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, яго сям’я вырашыла эміграваць і цяпер жыве ў ЗША. Ужо ў эміграцыі Сяргей Скулавец  даў інтэрв’ю пра пераслед з боку ўладаў, свой ад’езд і  жыццё ў Амерыцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці