У палітвязынкі Паліны Піткевіч з’явілася сімвалічная хросная
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутатка Афелія Нік з нямецкай партыі «Саюз 90/Зялёныя» стала сімвалічнай хроснай журналісткі Паліны Піткевіч, асуджанай беларускімі ўладамі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Афелія Нік. Фота: з сайта libereco.org
Афелія Нік — дэпутатка нямецкага Бундэстага ад партыі «Саюз 90/Зялёныя», распавяла «Вясна». Праваабарончы цэнтр цытуе наступную заяву сімвалічнай хроснай:
«Паліна Піткевіч — журналістка і аматарка тэатра, якая ў асноўным пісала на культурныя тэмы для незалежнага беларускага партала Media IQ. У чэрвені 2024 года, усяго за некалькі тыдняў да свайго 30-годдзя, Паліна была арыштаваная пасля таго, як беларускі рэжым прызнаў Media IQ «экстрэмісцкім фарміраваннем». У сакавіку 2025 года яна была прысуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі.
Незалежная журналістыка — гэта не злачынства, а свабода выказвання меркаванняў — гэта права чалавека! Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Паліны Піткевіч і ўсіх іншых палітычных зняволеных».

Журналістка Паліна Піткевіч. Фота: сацсеткі
Журналістку Паліну Піткевіч затрымалі 6 чэрвеня 2024 года.Судовы працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе. У выніку суддзя Святлана Чарапанава прызнала Паліну Піткевіч вінаватай паводле часткі 3 артыкула 361–1 КК РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). У чым сутнасць абвінавачання, невядома.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паліну Піткевіч палітычнай зняволенай.
У сакавіку 2025 года ёй прызначылі тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і буйнога штрафу.
